Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін разглядае ідэю аншлюсу Беларусі вельмі сур'ёзна — амэрыканскі экспэрт


Амбасада ЗША ў Менску
Амбасада ЗША ў Менску

Як хутка могуць аднавіцца паўнавартасныя адносіны паміж Беларусьсю і ЗША? Як ЗША могуць абараніць незалежнасьць Беларусі? Якой рэакцыі Масквы варта чакаць на нармалізацыю беларуска-амэрыканскіх адносінаў?

На гэтыя пытаньні адказваюць амэрыканскія экспэрты — старэйшы навуковы супрацоўнік, дырэктар праграмы па Расеі Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Брайн Уітмар (Вашынгтон) і аналітык Радыё Свабода Карл Шрэк (Прага).

— Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пацьвердзіў, што Беларусь вядзе перамовы з ЗША аб аднаўленьні ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці ў поўным абʼёме.

У 2008 годзе ініцыятарам скарачэньня пэрсаналу дыпмісій быў Менск. На ваш погляд, ці прыме Вашынгтон прапанову Макея? Калі прыме, то як хутка можа быць адноўленая колькасьць пэрсаналу амбасадаў ЗША ў Менску і Беларусі ў Вашынгтоне, калі можна чакаць вяртаньня амбасадараў? Пытаньне да Байна Ўітмара.

— Думаю, што аднаўленьне дыпляматычных дачыненьняў мае неблагія шанцы на посьпех, хоць тут цяжка прадказаць тэрміны. Аднак пры гэтым аднаўленьне дыпляматычных дачыненьняў — гэта лёгкая частка справы.

Брайн Уітмар
Брайн Уітмар

Больш цяжкае пытаньне — што будзе адбывацца зь беларуска-амэрыканскімі дачыненьнямі наагул. І ў гэтым пытаньні ў Вашынгтоне ёсьць розныя меркаваньні.

Шмат хто настроены даволі скептычна, бо прызнаемся: гэтае кіно мы ўжо бачылі. Кожны раз, калі дачыненьні Лукашэнкі з Крамлём ускладняюцца, ён пачынае фліртаваць з Захадам, а пасьля зноў кідаецца ў абдымкі да Пуціна. Іншыя глядзяць на справу значна больш прагматычна. Яны разумеюць, што Лукашэнка ніколі ня будзе сябрам і што пад ім Беларусь ніколі ня будзе дэмакратычнай дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека.

Але разам з тым, на жаль або на шчасьце, ён — галоўны гарант беларускай незалежнасьці. І ў інтарэсах бясьпекі Злучаных Штатаў — каб Беларусь ня стала працягам расейскай Заходняй вайсковай акругі, каб расейская вайсковая моц не перасунулася да межаў нашых саюзьнікаў у NATO — Літвы, Латвіі і Польшчы, і каб Расея не атрымала магчымасьць выкарыстаць Беларусь як пляцдарм, каб пагражаць нашым саюзьнікам.

Адзіны спосаб для Лукашэнкі даказаць Захаду, што гэтым разам у яго сурʼёзныя намеры — ужыць захады, каб гэтага не дапусьціць.

— А ваша меркаваньне, Карл Шрэк.

— Калі абапірацца на справаздачу Foreign Policy, то выглядае, што Вашынгтон гатовы да аднаўленьня ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці ў поўным абʼёме, я ня бачу прычынаў, каб ён ня быў гатовы.

Што да пытаньня, як хутка пэрсанал можа вярнуцца ў Менск — ведаеце, калі яны ўжо вырашылі, то штат можа быць пашыраны вельмі хутка, наколькі я разумею. Але можа быць затрымка з амбасадарам, бо тут патрабуецца зацьверджаньне Сэнатам.

Цяжка сказаць, як хутка гэта можа адбыцца — у Вашынгтоне якраз цяпер напружаны парадак дня. Затрымкі з прызначэньнямі амбасадараў бывалі і раней, так што гэта можа працягнуцца шмат месяцаў, калі ня болей.

— Эн Эплбаўм нядаўна апублікавала ў Washington Post артыкул, у якім напісала: «За апатычнае стаўленьне да плянаў Пуціна адносна Беларусі Захаду давядзецца заплаціць».

А што можна зрабіць, для таго, каб выйсьці з апатыі? Даць грошай дыктатару Лукашэнку? Запрасіць яго ў Белы дом, як запрашалі дыктатараў Назарбаева і Мірзіяева? Падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі? Заявіць Пуціну, што ЗША будуць бараніць незалежнасьць Беларусі? Спадар Шрэк.

— І магчымае вяртаньне амэрыканскага амбасадара ў Менск, і павелічэньне там дыпляматычнай прысутнасьці — я бачу гэта як працяг агульнага трэнду, які назіраецца апошнімі гадамі паміж Вашынгтонам і Менскам.

Карл Шрэк
Карл Шрэк

Я не чакаю ніякіх вялікіх пераменаў у палітыцы Вашынгтону ў дачыненьні да Беларусі. Я ня думаю, што мы пачуем нейкія заявы Вашынгтону ў тым сэнсе, што раптам сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі драматычна палепшылася. Вашынгтон напэўна будзе працягваць рытарычны ціск на Беларусь па тэме правоў чалавека.

Што да погляду з Вашынгтону — улічваючы цяперашнюю канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам — некаму ў Вашынгтоне гэты момант можа падацца спрыяльным для наладжваньня або для паляпшэньня дачыненьняў зь Беларусьсю.

— І тое ж пытаньне да Брайна Ўітмара?

Пуцін і яго найбліжэйшае атачэньне разглядаюць ідэю аншлюсу Беларусі вельмі сурʼёзна. І скажам шчыра: Злучаныя Штаты ня будуць вайсковай сілай бараніць беларускую незалежнасьць

— Эн Эплбаўм мае рацыю, ёсьць шмат паведамленьняў, якія паходзяць з Масквы, якія даюць зразумець, што Пуцін і яго найбліжэйшае атачэньне разглядаюць ідэю гэтак званага аншлюсу Беларусі вельмі сурʼёзна. І калі гэта сапраўды так, то няма ніякага простага рашэньня — бо скажам шчыра: Злучаныя Штаты ня будуць вайсковай сілай бараніць беларускую незалежнасьць.

Што ЗША і іх саюзьнікі могуць зрабіць — дык гэта ўзьняць кошты расейскай інтэрвэнцыі ў Беларусь. Але я магу сказаць, што гэта праблема бясьпекі, якая вельмі сурʼёзна ўспрымаецца ня толькі ў Вашынгтоне, а ва ўсіх заходніх сталіцах.

— Якой рэакцыі Масквы можна чакаць на аднаўленьне ў поўным абʼёме дыпляматычных адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам? Гэта будзе расцэнена Масквой як здрада, дапамога ворагу Расеі, і выкліча жаданьне пакараць Беларусь за «здраду»? Ці гэта заахвоціць Маскву стрымаць яе інтэграцыйныя апэтыты? Брайн.

— Лукашэнка, па сутнасьці, разглядае свае дачыненьні з Пуціным як бізнэс. Пуцін плаціць Беларусі за тое, каб мець яе саюзьніцай. Але Пуцін бачыць гэтыя дачыненьні інакш, ён разглядае іх перадусім у тэрмінах імпэрыі. Расея не ўспрымае Беларусь як незалежную дзяржаву. І Пуцін хоча любымі сродкамі ператварыць Беларусь у працяг сваёй вайсковай акругі.

І тут нічога ня зьменіцца, што б ні рабілі Злучаныя Штаты, так што ў гэтым сэнсе я ня думаю, што аднаўленьне дыпляматычных дачыненьняў будзе мець на гэта нейкі ўплыў. Ня будзем забываць — Злучаныя Штаты мелі паўнацэнныя дыпляматычныя дачыненьні з Украінай — і мы бачылі, што там адбылося.

— А ваша думка, Карл Шрэк?

Ня думаю, што павелічэньне штату амэрыканскіх дыпляматаў у Менску і вяртаньне амбасадара абавязкова выкліча сярдзітую рэакцыю Масквы. Калі б вы прасілі мяне прадказаць — я думаю, Лукашэнка выявіў сябе ўмелым гульцом, балянсуючы паміж Расеяй і Захадам, і таму я б чакаў, што гэтая праблема з часам вырашылася б сама сабою — так як гэта ўдавалася Лукашэнку ў мінулым.

Цікава будзе паглядзець, якая будзе рэакцыя. Бо калі б гэта была стрыманая і спакойная рэакцыя расейскіх дзяржаўных мэдыя, расейскіх урадоўцаў — гэта было б цікава. Калі б мы пабачылі выбух гневу — гэта можна было б расцаніць як сродак дасягненьня нейкіх унутраных мэтаў, нагнятаньня напружаньня ў сэнсе, што Расею абкружаюць ворагі, стварэньня атмасфэры абложанай крэпасьці.

Але я думаю, якая б ні была рэакцыя, яна будзе заставацца ў кантэксьце беларуска-расейскіх дачыненьняў — у рамках улюбёнай тактыкі Лукашэнкі балянсаваць паміж Захадам і Масквою.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG