Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Макей пацьвердзіў перамовы з ЗША аб вяртаньні дыпляматаў


Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пацьвердзіў інфармацыю аб перамовах з ЗША наконт зьняцьця абмежаваньняў на колькасьць дыпляматаў абедзьвюх краін.

Уладзімер Макей пасьля сустрэчы 14 студзеня са сваім калегам з Вугрошчыны Петэрам Сыярта паведаміў журналістам, што Міністэрства замежных спраў Беларусі вядзе перамовы зь Дзярждэпартамэнтам ЗША аб шэрагу пытаньняў:

«Гэтыя перамовы ўключаюць і зьняцьце абмежаваньняў на колькасьць дыпляматаў, якія будуць працаваць у амбасадах абедзьвюх краін. Мы разумеем, што нам трэба вярнуць нашы стасункі на ўзровень амбасадараў, а не часовых павераных».

Санкцыі, паводле Макея, гэта перажытак мінулага:

«Абедзьве краіны зразумелі, што трэба браць курс на супрацоўніцтва і перагледзець тыя рашэньні, якія прымаліся дзесяць і болей гадоў таму.

Мы разумеем ролю Злучаных Штатаў Амэрыкі, і мы зацікаўленыя ў паляпшэньні стасункаў з гэтай вялікай краінай, асабліва гандлёва-эканамічных. Таму мы прыйшлі да высновы, што трэба перагледзець некаторыя аспэкты беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў».

11 сьнежня часопіс Foreign Policy са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што Беларусь зьняла абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску, і ацаніў гэта як «вялікі крок», «пачатак адлігі» і зьвязвае рашэньне з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. У МЗС Беларусі Свабодзе пацьвердзілі факт перамоваў Менску і Вашынгтону, але не пацьвердзілі і не абверглі зьняцьце абмежаваньняў.

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Пазьней кіраўніцтва дыппрадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў, таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску, было зьніжанае з узроўню амбасадараў да ўзроўню часовых павераных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG