Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пракамэнтаваў тэлефанаваньні Макея ў Дзярждэп


Амбасада ЗША ў Беларусі

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей праз тэлефон абмяркоўваў 10 студзеня з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў зьняцьце абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.

«Мы можам пацьвердзіць факт некалькіх размоваў, якія адбыліся апошнім часам паміж кіраўніцтвам МЗС Беларусі і Дзяжаўнага дэпартамэнту ЗША», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Паводле ягоных словаў, пад час гэтых размоваў абмяркоўваліся розныя аспэкты беларуска-амэрыканскіх адносінаў, у тым ліку і магчымасьці іх паляпшэньня.

«Але згодна з дыпляматычнай этыкай падрабязны зьмест перамоваў не разгалошваецца», — дадаў Глаз.

Раней амэрыканскі часопіс Foreign Policy паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Макей паведаміў Штатам аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.

Foreign Policy расцэньваў гэта як «вялікі крок», «пачатак адлігі» і зьвязвае крок з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. З 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе, узровень прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША зьніжаны да часова павераных.

***

У канцы жніўня 2018 году пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады ў Менску Джэніфэр Мур. Павераная ў справах ЗША сказала Свабодзе:

«Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША».

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадараў да ўзроўню часова павераных. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.

4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».

«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG