Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэніфэр Мур: «Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША»


Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур
Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур

Новая часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур ставіць за мэту вярнуць у Беларусь поўны штат амбасады і паўнамоцнага пасла. Пра гэта яна заявіла Радыё Свабода.

На пытаньне Свабоды, ці можна разьлічваць на вяртаньне ў Беларусі поўнага штату амбасады ЗША ў ранейшым аб’ёме і вяртаньня ў Менск амбасадара неўзабаве, Джэніфэр Мур сказала, што яна да гэтага імкнецца.

«Я спадзяюся на гэта, гэта мая мэта. Калі я буду рабіць сваю працу добра, то яшчэ да сканчэньня маёй місіі ў мяне ня стане працы, бо ў Беларусь вернецца пасол.

Акрамя таго, што амбасада ЗША сёлета аднавіла і пашырыла свае візавыя паслугі для грамадзянаў Беларусі, мы былі вельмі рады, што і Беларусь гасьцінна адчыніла свае дзьверы — падоўжыла бязьвізавы рэжым для іншаземцаў да 30 дзён.

Таксама я была рада пабачыць, што некалькі дзён таму сайт Lonely Planet дадаў Беларусь у лік 10 краінаў, якія варта наведаць налета».

Спадарыня Мур таксама выказала спадзяваньне, што ўсё больш амэрыканцаў змогуць прыехаць сюды ў якасьці турыстаў бязь візы.

«Я была вельмі ўражаная прыгажосьцю краіны і асабліва дабрынёй і цеплынёй народу Беларусі. На жаль, за гэтыя паўтара месяца я яшчэ не пасьпела наведаць іншыя мясьціны Беларусі, акрамя Менску, бо ў мяне быў вельмі напружаны графік.

Я пакуль яшчэ знаёмлюся з гэтым горадам. І ў нас было вельмі шмат наведваньняў прадстаўнікоў амэрыканскага ўраду, таму што мы ўдзяляем вельмі шмат увагі Беларусі. І я працавала як экскурсавод для іх, а сама яшчэ не пабыла турысткай», — кажа Джэніфэр Мур.

Новая часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур прыехала ў Менск у жніўні 2018 году. Яна нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналягічны інстытут Джорджыі, атрымаўшы ступень бакаляўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.

Спадарыня Мур — кар’ерны дыплямат. Перад прыездам у Беларусь яна займала пасаду намесьніцы дырэктара ўпраўленьня ў справах Паўднёвай Эўропы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, якое адказвае за стасункі ЗША з Турэччынай, Грэцыяй і Кіпрам. Раней яна працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту ў міратворчай дзейнасьці, санкцыях і барацьбе з тэрарызмам, дарадцай у палітычных і эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Тыране, а таксама на розных пасадах у пасольствах ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.

Вывучала расейскую, турэцкую, сэрбскахарвацкую, альбанскую і інданэзійскую мовы.

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску — з 35 да 5 супрацоўнікаў. Амбасадары зь Менску і Вашынгтону былі адкліканыя, на іх месца накіравалі часова павераных у справах. У 2008 годзе амбасада ЗША ў Менску цалкам прыпыніла выдачу амэрыканскіх візаў. Выдача іх для грамадзян Беларусі была адноўленая ў Менску толькі з 1 лютага 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG