Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША


Арыгінальны матэрыял быў апублікаваны 20 студзеня 2017 году. З таго часу даліся два факты: 11-ы і 12-ы.

1. ЗША прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году

Пасьля ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі амбасада ЗША ў Менску была афіцыйна адкрытая 31 студзеня 1992 году. Першым амэрыканскім амбасадарам быў Дэвід Суорц.

2. ЗША і Беларусь абмяняліся афіцыйнымі візытамі на вышэйшым узроўні

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам Білам Клінтанам у ліпені 1993 году, а прэзыдэнт ЗША наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 году.

3. ЗША падтрымалі рашэньне Беларусі стаць бязьядзернай дзяржавай

У межах праграмы Нана-Лугара ЗША падпісалі дамовы зь Беларусьсю пра дэмантаж ядзернай зброі і прадастаўленьне дапамогі для абароннай канвэрсіі, экспартнага кантролю, жыльля для звольненага вайсковага пэрсаналу і аднаўленьня навакольнага асяродзьдзя. У адпаведнасьці з Праграмай сумесных работ дзеля зьмяншэньня ядзернай пагрозы Міністэрства абароны ЗША перадало Беларусі дапамогі больш як на 123 мільёны даляраў. Тагачасны старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч: «Трэба браць пад увагу фактычна нулявы ўзровень валютных рэзэрваў у краіне. Рэзэрвы трохі зьявіліся толькі ў 1994 годзе, і іх усяго было каля 200 мільёнаў даляраў. З улікам тагачаснай сытуацыі сума 123 мільёны даляраў была істотнай».

4. У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў ЗША

Гэта быў не афіцыйны візыт, а працоўны, ці азнаямляльны, візыт прэзыдэнта Беларусі ў ЗША.

5. 12 верасьня 1995 году на загад камандаваньня войскамі супрацьпаветранай абароны ля Бярозы быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскім экіпажам

Памятны знак на месцы гібелі амэрыканцаў
Памятны знак на месцы гібелі амэрыканцаў

Загінулі спартоўцы-экстрэмалы Алан Фрэнчэль і Джон Сьцюарт, якія бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах на далёкасьць палётаў. ​Вайсковае камандаваньне патлумачыла, што «пераблытала» спартовы аб’ект з мэтэаралягічным зондам, якія часам залятаюць на тэрыторыю Беларусі. Міжнародная супольнасьць паставіла пад сумнеў прафэсійнасьць беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны.

6. У ліпені 1998 году адбыўся гэтак званы канфлікт у Драздах

Урад Беларусі загадаў дыпляматычнаму корпусу шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, вызваліць дыпляматычныя рэзыдэнцыі.

7. У 2001 годзе амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак сумесна з МЗС Беларусі распрацавалі пакрокавую стратэгію нармалізацыі стасункаў

Прадугледжвалася вывядзеньне іх на сапраўды зьмястоўны ўзровень з разнастайным парадкам дня. Беларускі бок тады адмовіўся ад гэтай магчымасьці.

8. У 2004 годзе Кангрэс ЗША прыняў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» ў падтрымку намаганьняў, накіраваных на дэмакратычныя зьмены і ўмацаваньне правоў чалавека ў Беларусі

Яго неаднаразова працягвалі і дапаўнялі. «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» дзейнічае дагэтуль.

9. Найгоршы пэрыяд у дачыненьнях быў у 2008 годзе

Тады фактычна быў выдалены амбасадар ЗША ў Беларусі і істотна скарочаны штат дыпкорпусу амэрыканскай амбасады. Адпаведна, быў скарочаны склад і дыпмісіі Беларусі ў Вашынгтоне.

10. У кастрычніку 2004 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна пастанавіла ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і яе прэзыдэнта

​Санкцыі былі ўведзеныя ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. У кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя.

11. 2018 год: Лукашэнка заявіў, што выканае ўсё паабяцанае ЗША «нават на шкоду сабе»

Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Уэсам Мітчэлам, які прыехаў у Менск. Лукашэнка тады адзначыў, што ў апошні час адбыліся сур’ёзныя зрухі ў двухбаковых адносінах, але іх нельга назваць кардынальнымі зьменамі. Мітчэл запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у разьвіцьці як дыпляматычных, так і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю.

12. 2019 год: Макей паведаміў Вашынгтону аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць дыпляматаў ЗША ў Менску

Паводле зьвестак амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей праз тэлефон паведаміў 10 студзеня прадстаўнікам ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG