Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сказаў, што перастаў быць прыхільнікам Трампа


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

На адкрыцьці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы 31 кастрычніка ў Менску Аляксандар Лукашэнка сказаў, што перастаў быць прыхільнікам Трампа з прычыны заяваў пра ядзерную зброю. Але, магчыма, ён памыліўся наконт аўтара такіх заяваў.

Паводле Tut.by, Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў рашэньне Польшчы разьмясьціць у сябе вайсковую базу ЗША (якую польскі прэзыдэнт прапанаваў назваць «Форт Трамп»), згадаўшы ядзерную зброю:

«Мы не ідыёты і, вядома, на гэта рэагуем, з нашым галоўным саюзнікам думаем, як супрацьстаяць усяму гэтаму і знайсьці адэкватны адказ у гэтай сытуацыі, — казаў Лукашэнка. — Мы не такія багатыя з Расеяй, але мы, вядома, пра гэта думаем, хоць не хацелася б, нам ёсьць на што траціць грошы.

А Трамп наўрад ці думае пра тое, што ёсьць такая маленькая Беларусь, што тут людзі жывуць. Я быў прыхільнікам Трампа, але цяпер мне здаецца, што гэта ўсё гульня. Але такія размовы пра ядзерную зброю, пра размахваньне ракетамі шкодныя, а Дональд гэтага, як малады палітык, не разумее».

Дональд Трамп тым часам не пагражаў наўпрост ядзернай зброяй ніякім дзяржавам. Напрыклад, у слоўным канфлікце з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам ён пагражаў «агнём і лютасьцю», а таксама наступствамі, «зь якімі сутыкалася мала якая нацыя». Але ня ядзернай зброяй, у адрозьненьне ад Кіма. І гэта было год таму — пазьней Трамп і Кім правялі пэрсанальныя перамовы, дамовіліся пра ядзернае раззбраеньне КНДР. Кім ужо папрасіў аб новай сустрэчы.

Сёлета ядзерную зброю згадваў іншы палітык — Уладзімір Пуцін. Калі ён камэнтаваў рашэньне Трампа аб выхадзе ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой дальнасьці (а Трамп лічыць, што выходзіць варта, бо Расея тую дамову ўсё адно парушае), Пуцін казаў, што Расея «ня будзе агрэсарам» у выпадку ядзернай вайны. Але дадаў, што ядзерная зброя можа быць выкарыстаная для ўдару ў адказ.

«Агрэсар усё адно павінен ведаць, што адплата непазьбежная, што ён будзе зьнішчаны. А мы — ахвяра агрэсіі, мы як пакутнікі трапім у рай. А яны проста паздыхаюць», — сказаў Пуцін, дадаўшы: «Яны проста пакаяцца не пасьпеюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG