Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь і ЗША аб’ядноўвае нашмат больш, чым разьядноўвае


Сьцяг Злучаных Штатаў Амэрыкі. Фота ©Shutterstock

Беларускае Міністэрства замежных справаў зрабіла заяву да 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША.

«За чвэрць стагодзьдзя дачыненьні паміж Беларусьсю і ЗША прайшлі няпросты шлях сталеньня і разьвіцьця. Іх гісторыя адзначана ўзьлётамі і падзеньнямі, супрацоўніцтвам і разладамі, узаемнымі спадзяваньнямі і расчараваньнямі. Паміж нашымі краінамі дагэтуль захоўваюцца нявырашаныя пытаньні, шэраг зь якіх мае для бакоў прынцыповы характар», — гаворыцца ў заяве.

Паводле МЗС, юбілей прыпадае на пэрыяд паступовай нармалізацыі двухбаковых дачыненьняў, аднаўленьня даверу і вяртаньня бакоў да дыялёгу ў шырокім спэктры пытаньняў — ад эканомікі ды інвэстыцыяў да вайсковай сфэры, культуры і захаваньня спадчыны, ад разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў да ўмацаваньня навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяньня.

«Беларусь і ЗША аб’ядноўвае нашмат больш, чым разьядноўвае. Дыпляматычныя стасункі паміж нашымі краінамі налічваюць толькі 25 гадоў — аднак гістарычныя і культурныя повязі паміж нашымі народамі сягаюць у мінудае на стагодзьдзі. Памятаючы пра гэта, мы застаемся цьвёрда ўпэўненымі ў тым, што праз падтрымку шчырых, добразычлівых і раўнапраўных дачыненьняў Беларусь і Злучаныя Штаты змогуць вывесьці двухбаковыя адносіны на гладкі гасьцінец устойлівага разьвіцьця», — адзначае МЗС Беларусі.

У заяве выказваецца спадзяваньне, што распачаты працэс паступовага паляпшэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША будзе ня толькі садзейнічаць разьвіцьцю супрацоўніцтва паміж краінамі і вырашэньню складаных пытаньняў двухбаковых дачыненьняў, але і стане фактарам нармалізацыі міжнароднай сытуацыі і ўмацаваньня рэгіянальнай бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе.

28 сьнежня 1991 году ў выніку абмену нотамі беларускі і амэрыканскі бакі дамовіліся пра завязаньне дыпляматычных дачыненьняў на ўзроўні амбасадаў. У 1992 годзе ў Менску і Вашынгтоне пачалі працаваць амбасады дзьвюх дзяржаваў.

Злучаныя Штаты сталі другой краінай у сьвеце, якая прызнала сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі і прапанавала наладзіць поўныя дыпляматычныя стасункі, абмяняцца амбасадарамі.

«Нават у самыя складаныя часы нашыя краіны супрацоўнічалі ў пытаньнях, якія маюць вызначальнае значэньне для бясьпекі і дабрабыту міжнароднай супольнасьці, — гаворыцца ў заяве беларускага МЗС. — У 1991 годзе амэрыканскі бок у сваёй прапанове пра ўсталяваньне дыпляматычных адносінаў адзначаў ролю Беларусі ў працэсе раззбраеньня і нераспаўсюджваньня ядзернай зброі і цяпер пасьлядоўна падтрымлівае незалежнасьць Беларусі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG