Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хлынуць у Беларусь амэрыканскія грошы?


Удзельнікі: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Глод: Эканамічная дэлегацыя, у склад якой увайшоў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальнага банку, Мінфіну, Мінэканомікі, пабывала зь візытам у ЗША. У паведамленьні аб гэтай паездцы адзначаецца, што беларускія і амэрыканскія чыноўнікі абмеркавалі «канкрэтныя пытаньні эканамічнага і гандлёва-інвэстыцыйнага супрацоўніцтва дзьвюх краін».

Мэта паездкі зразумелая. Гэта пошукі грошай. Але не зразумела, чаму дэлегацыя накіравалася за акіян літаральна ў апошнія дні кіраваньня Дэмакратычнай партыі Злучанымі Штатамі. У ЗША зьмяняецца адміністрацыя — да 20 студзеня там да ўлады прыходзіць новы прэзыдэнт і ягоная каманда. Спадзявацца на дамову са «старой» адміністрацыяй аб нейкай перазагрузцы дачыненьняў, падаецца, ня мае сэнсу.

Канечне, сустрэчы з канкрэтным бізнэсам, інвэстарамі — гэта заўсёды добра. Аднак экспэрты ня думаюць, што гэты візыт мог стаць лёсавызначальным. На такі вынік спадзяваліся летась, калі ў ЗША езьдзіла велізарная дэлегацыя на чале з Міхаілам Мясьніковічам. І да гэтага былі паездкі ў ЗША. Аднак дагэтуль паток амэрыканскіх інвэстыцый не павялічыўся. Чаму? Пра гэта шмат разоў ужо казалася — агульная атмасфэра для інвэстыцый у Беларусі застаецца неспрыяльнай. Асабліва гэта тычыцца гарантый правоў уласнасьці, а таксама адсутнасьці гарантыі асабістай свабоды бізнэсоўцаў. Апошнія крымінальныя справы зь удзелам Чыжа і Мураўёва гэта толькі падкрэсьліваюць. А шанцаў на тое, што хтосьці з буйных амэрыканскіх бізнэсоўцаў рызыкне, мабыць, няшмат.

Усе разумеюць, што беларускай эканоміцы неабходна больш шырокае супрацоўніцтва з амэрыканскім бізнэсам. Яно магло б даць новы імпульс разьвіцьцю праектаў Парку высокіх тэхналёгій. Сучасныя амэрыканскія тэхналёгіі таксама спатрэбіліся б прамысловым прадпрыемствам.

Аднак для такога супрацоўніцтва неабходна карэнная зьмена правілаў гульні ў эканоміцы Беларусі.

Магчыма, што паездка ў ЗША мела мэтай атрыманьне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Магчыма, што паездка ў ЗША мела яшчэ адну, а можа нават і першую па значнасьці мэту. Гэта атрыманьне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, пра які Беларусь вядзе перамовы ўжо працяглы час. Для атрыманьня гэтых грошай ЗША выстаўлялі ўмовы ў сфэры правоў чалавека. Але яны так і не былі выкананыя беларускай уладай. Аднак крэдыт усё ж можа быць атрыманы з геапалітычных прычынаў. Пацяпленьне ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу можа быць пэўным сыгналам і для Амэрыкі.

Дарэчы, сёньня раніцай я быў у Палаце прадстаўнікоў, дзе выступаў міністар фінансаў Уладзімер Амарын. Журналісты запыталіся пра «амэрыканскую» паездку. Аднак міністар нічога не сказаў, спаслаўшыся на тое, што ён у ЗША не лётаў. А вось што тычыцца магчымага крэдыту МВФ, то міністар, адказваючы на пытаньне пра тое, ці будзе прынятае станоўчае рашэньне, адказаў так: "Магу толькі сказаць, што абмеркаваньне нашай праграмы стабілізацыі знаходзіцца цяпер у МВФ у актыўнай стадыі.

Таму ў мяне да вас, калегі, такое пытаньне: дык па якія грошы ляталі ў Амэрыку беларускія чыноўнікі — амэрыканскіх бізнэсоўцаў ці Міжнароднага валютнага фонду?

Цыганкоў: Думаю, ня толькі грошы былі прычынай гэтага візыту. Была і агульная прычына беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Як мінімум два апошнія гады яны ідуць у бок пэўных станоўчых зьменаў, дастаткова павольна. Дагэтуль у Беларусі няма амбасадара, нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка ўжо запэўніваў грамадзкасьць, што амбасадар хутка будзе. Словы Лукашэнкі прымушаюць меркаваць, што беларуская ўлада сапраўды паставіла на тое, што гэта павінна адбыцца. Усё гэта адбываецца ў пэўных геапалітычных умовах, і мы ня ведаем, што ў кулюарах, тым больш, што сапраўды інфармацыі пра візыт няшмат, што абмяркоўвалі беларускія чыноўнікі са сваімі амэрыканскімі калегамі, якія абяцаньні ці намёкі яны рабілі наконт замежнай палітыкі Беларусі. Калі браць толькі эканамічны чыньнік, то можна сказаць, што бізнэс любіць цішыню. Пэўную палітычную стабільнасьць і правілы гульні. Беларусь, нягледзячы на шматлікія заявы, дагэтуль не зьяўляецца вельмі прывабнай краінай для замежных інвэстыцыяў.

Няма прарыву, няма нават вялікага пазытыўнага росту замежных інвэстыцыяў у эканоміку.

Заявы чыноўнікаў усіх рангаў, ад прэзыдэнта да профільных міністраў, пра тое, што прыцягненьне інвэстыцыяў гэта ледзь не прыярытэт дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, але факты і статыстыка сьведчаць пра тое, што посьпехаў у гэтай справе няма, няма прарыву, няма нават вялікага пазытыўнага росту замежных інвэстыцыяў у эканоміку. І амэрыканскія інвэстыцыі не выключэньне. Для гэтага былі і санкцыі, і палітычныя прычыны, але некаторыя транснацыянальныя карпарацыі прыходзяць далёка не толькі ў тыя краіны, дзе ёсьць дэмакратыя і правы чалавека. Coca-Cola і McDonald’s прыйшлі ў Кітай, Віетнам, якім і зараз далёка да правоў чалавека, і ў свой час, калі яны там зьявіліся. І ў Беларусі яны прысутнічаюць. Гэтыя карпарацыі мала залежаць ад палітычных рашэньняў і грунтуюцца на сваёй бізнэс-лёгіцы. Так што тое, што ў Беларусі ня так шмат эканамічнай амэрыканскай прысутнасьці — гэта ня столькі палітыка, колькі эканоміка, а менавіта неспрыяльны для інвэстараў эканамічны фон.

Прыгадайма як прыйшоў у Беларусь Ford, заснаваў нават завод у пасёлку Абчак і стаў выпускаць там аўтамабілі — усё гэта ў выніку скончылася нічым, Ford згарнуў сваю прамысловасьць і ўцёк зь Беларусі, пакінуўшы кепскі сьлед на рэпутацыі Беларусі і страціўшы свае грошы. Дагэтуль такіх нэгатыўных прыкладаў з амэрыканскімі кампаніямі больш, чым пазытыўных. Магчыма адной з прычынаў візыту ў ЗША была спроба пераканаць амэрыканскую бізнэс-эліту, што ў Беларусь можна ўкладацца. Але інвэстыцыі — гэта больш стратэгічная задача, а галоўная, тактычная задача на гэты год — атрымаць крэдыт ад МВФ. І тут намёкі палітычная напэўна прагучалі, бо бяз гэтага ўгаварыць МВФ выдаць крэдыт дастаткова цяжка.

Гурневіч: У гэтага візыту адсутнічала хоць якая атмасфэра і інфармацыйнае суправаджэньне. Пра яго стала вядома, калі ўжо беларуская дэлегацыя вярнулася з Вашынгтону. То бок яны намагаліся ня тое што ў таямніцы трымаць гэта, але прынамсі не паведамляць пра гэта. І такая форма наводзіць на думку, што гэта нешта больш сур’ёзнае, чым звычайна, паколькі калі беларускім уладам, асобным міністрам і прадстаўнікам улады хочацца пахваліцца бессэнсоўным візытам, які нічога не вырашае, а выкарыстоўваецца дзеля прапаганды або павышэньня іміджу, яны пастаянна пра яго гавораць, круцяць гэта ў эфіры.

Калі паглядзець тыя месцы, дзе яны праводзілі сустрэчы, то гэта ўнушальныя структуры. Гэта не візыт да беларускай дыяспары, наведваньне экспэртаў. Дзяржэпартамэнт і Камітэт па гандлі гэта сур’ёзна, і гэтыя структуры адказваюць на пытаньне, чаго яны там дамагаліся. У Дзярждэпартамэнце вядома ня толькі пра грошы можа весьціся гаворка, а ўвогуле пра нейкае палітычнае спрыяльнае рашэньне, у тым ліку і для МВФ, бо вядома, што ЗША самі вырашаюць, даваць ці не даваць, паколькі ўклад іх вельмі вялікі.

Улады Беларусі і Лукашэнка намацалі тыя рэйкі, па якіх можна рухацца ў ЗША і знаходзіць там паразуменьне.

Як Дзяніс Мельянцоў сказаў учора ў інтэрвію Свабодзе, цяпер зьявіўся давер у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю. Пра гэта, паводле яго, сьведчыць тое, што Беларусь прадала ЗША 700 супрацьтанкавых ракет для амэрыканскіх сіл спэцапэрацый, якія, дарэчы, мусілі быць накіраваныя ў Сырыю. Думаю, што ўлады Беларусі і Лукашэнка намацалі тыя рэйкі, па якіх можна рухацца ў ЗША і знаходзіць там паразуменьне. Гэта будзе разьвівацца. Мы казалі, што Амэрыка — гэта магутная дзяржава, яна ня можа рабіць хаатычных рухаў. Таму калі будзе такая воля, супрацоўніцтва будзе працягвацца. Тым больш, новы прэзыдэнт усё ж такі бізнэсовец і там такі сыгнал ужо дадзены, прынамсі ідзе гаворка пра прызначэньне новага дзяржсакратара Рэка Стылерсана, дырэктара Exxon Mobil. Бізнэсовец будзе вырашаць пра зьнешнюю палітыку самай магутнай краіны сьвету, гэта таксама пэўны сыгнал.

Ці хлынуць грошы, гэта ўжо іншая справа, гэта залежыць ад уменьня беларускай улады ўсё рэалізаваць у сябе. Але гэтыя намаганьні сьведчаць пра тое, што нешта Беларусь з гэтага атрымае. Бо калі б не было згоды, папярэдняй дамоўленасьці, не было б візытаў.

Глод: Мільганулі ў паведамленьнях два прозьвішчы — Снапкова і Янчэўскага, дарадцаў Лукашэнкі. Дык вось калі Снапкоў былы міністар эканомікі і займаецца эканамічным блёкам, то Янчэўскі якраз займаецца палітычна-ідэялягічным забесьпячэньнем. Таму знаходжаньня спадара Янчэўскага ў складзе дэлегацыі сьведчыць пра тое, што гэтыя кантакты ўсё ж выходзілі за рамкі таго, што абазначыла БелТА, а менавіта гандлёва-эканамічных дачыненьняў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG