Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як санкцыі і дыпляматычныя скандалы ўплывалі на гандаль Беларусі з ЗША. ІНФАГРАФІКА


Афіцыйныя сьцягі Беларусі і ЗША

Беларусь зьняла абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску, паведаміў часопіс Foreign Policy са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы. Свабода паглядзела, як Беларусь гандлявала з ЗША на фоне санкцыяў, якія ўпершыню ЗША ўвялі ў 1998 годзе.

​Найбольш пасьпяховым для экспарту беларускіх тавараў у ЗША можна назваць 2006 год, калі Беларусь прадала тавараў і паслуг на 446 мільёнаў даляраў, паводле Белстату.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў гэтым годзе экспарт тавараў пачаў зьніжацца. У красавіку 2006 году сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША, быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Да 2009 году экспарт зь Беларусі ў ЗША зьніжаўся і дасягнуў адзнакі 41 мільён даляраў выручкі ад экспарту за год. Пасьля 2010 году экспарт тавараў зь Беларусі ў ЗША расьце, нягледзячы на санкцыі, якія ўвялі ЗША пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.

Пасьля жорсткага разгону Плошчы і зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў пад санкцыі падпалі каля 200 беларускіх сілавікоў, чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў. Але экспарт тавараў у 2011 годзе вырас з 41 да 72 мільёнаў даляраў за год. У 2017 годзе ён вырас ужо да 225 мільёнаў.

Імпарт тавараў з ЗША ў Беларусь расьце нягледзячы на санкцыі: калі ў 2000 годзе Беларусь імпартавала тавараў і паслуг на 138 мільёнаў даляраў, то ўжо ў 2010 годзе — на 421 мільён. Найбольш Беларусь экспартавала з ЗША ў 2012 годзе — на 634 мільёны. Да 2017 году імпарт зьнізіўся і склаў 379 мільёнаў за год.

Што Беларусь прадае ў ЗША

Згодна са статыстыкай Белстату, Беларусь прадае ў ЗША малочныя прадукты (сыры, тварог, малако), салодкае (цукеркі, шакалядкі), мэдычную тэхніку, аптычную тэхніку (біноклі, лінзы), «яйкі птушкі», мёд і нават чалавечыя валасы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG