Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высылкі, санкцыі, чорныя сьпісы. Гісторыя дыпляматычнага скандалу паміж ЗША і Беларусьсю


Амбасада ЗША ў Менску

Свабода сабрала хроніку дыпляматычнага скандалу паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам за апошняе дзесяцігодзьдзе.

Паводле амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паінфармаваў прадстаўнікоў ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. У МЗС Беларусі пацьвердзілі факт такой размовы.

Рэакцыі Дзярждэпартамэнту пакуль няма.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з часова павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.

Свабода нагадвае, як разгортваўся дыпляматычны скандал і як ад яго пацярпелі візавыя інтарэсы беларусаў.

1998. Першыя санкцыі — пасьля высяленьне амбасадараў з Драздоў

Першыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў з рэзыдэнцый у Драздах. Быў складзены сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), якім забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

2004-2006. Лукашэнка і атачэньне — у чорным сьпісе

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Пад санкцыі трапілі сілавікі Ўладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2004 году сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

2008. Штат амбасады ЗША ў Менску скарочаны ў 7 разоў, пасол зьехаў

На пачатку сакавіка 2008 году адбыўся чарговы дыпляматычны скандал.

Пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Першай рэакцыяй Дзярждэпартамэнту ЗША была ідэя закрыць сваю амбасаду ў Менску. Але гэтага не адбылося.

7 сакавіка 2008 году Беларусь адклікала свайго амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова, і адначасова «ўрад Беларусі настойліва прапаноўваў амбасадару Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску Карэн Ст’юарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай».

Ст’юарт пакінула Беларусь 12 сакавіка для кансультацый, яна разьлічвала вярнуцца ў Менск праз 2-3 тыдні. Аднак гэтага не адбылося.

Пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага.

Першым часовым павераным у 2008 годзе стаў Джанатан Мур, пасьля яго былі Майкл Скенлан, Ітан Голдрыч, Скот Роланд, Робэрт Райлі і з жніўня 2018 году Джэніфэр Мур.

У амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне і ў консульстве ў Нью-Ёрку ў красавіку 2008 году засталіся 6 дыпляматаў. 11 беларускіх дыпляматаў пакінулі ЗША і вярнуліся ў Беларусь.

30 красавіка 2008 году МЗС Беларусі перадаў часова паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.

3 траўня 2008 году тэрыторыю Беларусі пакінулі 11 супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады.

З 2008 году спыніў сваю працу консульскі аддзел амбасады ЗША ў Менску.

Па візы грамадзяне Беларусі вымушаны былі зьвяртацца ў амбасады суседніх дзяржаў: Расеі, Украіны, Польшчы.

2010. Пашырэньне чорнага сьпісу

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў сьнежні 2010 году, жорсткага разгону Плошчы і зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў пад санкцыі трапілі каля 200 беларускіх сілавікоў, чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў.

2015. ЗША зьнялі эканамічныя санкцыі

У кастрычніку 2015 года ЗША часткова зьнялі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх кампаній, уведзеных у 2006 годзе за «падрыў дэмакратычнага працэсу».

У прыватнасьці, дазволеныя забароненыя раней транзакцыі зь беларускім дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і яго амэрыканскім падразьдзяленьнем, вытворцам шын ААТ «Белшына», вытворцам аміяку і ўгнаеньняў ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лякафарба», ААТ «Нафтан », ААТ"Полацк-Шкловалакно" і «Беларускім нафтавым гандлёвым домам».

2016. Пашырэньне штату амбасады ЗША

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да 7 чалавек.

З 30 студзеня 2017 году пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Паўторна атрымаць візу ў Менску змаглі толькі тыя грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму.

2018. Амбасада ЗША пачала выдаваць візы «ў поўным аб'ёме»

З 1 лютага 2018 году амбасада ЗША ў Менску пачала аказваць у Беларусі «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг».

​Любы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі можа зьвярнуцца па амэрыканскую візу ў консульскі аддзел у Менску.

«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, — сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

Пра нармалізацыю стасункаў заяўлялі ня раз

11 верасьня 2016 году, у дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў, адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды», Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Амбасадар абавязкова будзе, мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся. Калі — спытаеце ў амэрыканскага боку. Я спадзяюся, мы гэта хутка вырашым, і вам не давядзецца езьдзіць у Вільню або Кіеў па візы», — сказаў Лукашэнка.

4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году.

25 кастрычніка 2018 году на пытаньне Свабоды, ці можна разьлічваць на вяртаньне ў Беларусі поўнага штату амбасады ЗША ў ранейшым аб’ёме і вяртаньня ў Менск амбасадара неўзабаве, Джэніфэр Мур сказала, што яна да гэтага імкнецца.

«Я спадзяюся на гэта, гэта мая мэта. Калі я буду рабіць сваю працу добра, то яшчэ да сканчэньня маёй місіі ў мяне ня стане працы, бо ў Беларусь вернецца пасол», — заявіла спадарыня Мур.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG