Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дублёр Клінтана, ліст з КДБ, вэтэраны з навушнікамі — малавядомыя дэталі візыту прэзыдэнта ЗША ў Беларусь 26 гадоў таму


Візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь: невядомыя дэталі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Ён правёў сустрэчы са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, старшынём Савету міністраў Вячаславам Кебічам, кіраўніком парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Зянонам Пазьняком. Таксама Клінтан выступіў перад моладзьдзю ў Акадэміі навук і наведаў Курапаты.

Вячаслаў Кебіч, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч прыгадваюць падзеі 15 студзеня 1994 году.

Шушкевіч: КДБ ня мог гарантаваць бясьпеку прэзыдэнту ЗША

26 гадоў таму 15 студзеня 1994 году, 42-гі прэзыдэнт ЗША Ўільям Джэфэрсан Клінтан і ягоная жонка Гілары Клінтан наведалі Беларусь. Для незалежнай беларускай краіны на той момант гэта была надзвычайная зьява — кіраўнік самай магутнай у сьвеце дзяржавы прыляцеў у Менск.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію Свабодзе ў 2017 годзе прыгадваў, што напярэдадні візыту прэзыдэнта ЗША ён усьведамляў, што ягоныя дні на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня лічаныя. Паводле Шушкевіча, супрацьстаяньне гэтаму візыту з боку былой партыйнай намэнклятуры было вельмі моцным.

я атрымаў афіцыйную ноту ад КДБ, што яны ня могуць гарантаваць бясьпеку прэзыдэнту

— Супрацьстаяў КДБ, супрацьстаяла ўся намэнклятуршчына. Урэшце я атрымаў афіцыйную ноту ад КДБ, што яны ня могуць гарантаваць бясьпеку прэзыдэнту. Прыйшлося запрасіць да сябе амбасадара ЗША... Звычайна так ня робяць, гэта робіцца праз МЗС, але я запрасіў да сябе амбасадара і сказаў, што нашы кажуць, што ня могуць гарантаваць бясьпеку. Ноту ня мог паказваць, яна была для службовага карыстаньня. Празь дзьве гадзіны ў мяне зьявілася нота амэрыканскага боку, што яны бяруць на сябе бясьпеку прэзыдэнта ЗША ў Беларусі. І гэтыя амаль ашалелі. Зьявіўся другі ліст з КДБ, што яны ня могуць забясьпечыць паездку Клінтана ў Курапаты. Было масавае супрацьстаяньне. І калі ўсё ж візыт пачаўся, я ўжо быў абсалютна спакойны. 15-га адбыўся візыт, а 26 студзеня я быў адпраўлены ў адстаўку.


— Ці ўсьведамляў Клінтан, якія складанасьці папярэднічалі ягонаму візыту?

— Усе ветлівыя запрашэньні зыходзілі ад мяне. Думаю, што Клінтан нічога ня ведаў. Гэтыя пытаньні вырашаліся «паверхам ніжэй». Але ўсе ўмовы для візыту былі ўрэшце забясьпечаныя.

— Біл Клінтан быў у Беларусі менш за суткі. Пры гэтым праграма візыту была вельмі насычаная. Сустрэча з кіраўніцтвам краіны, ускладаньне вянкоў на плошчы Перамогі, сустрэча з моладзьдзю ў Акадэміі навук, сустрэча з апазыцыяй і паездка ў Курапаты. Як прымалася рашэньне менавіта пра такую праграму?

Я кажу: «Начхаць яму на гадзіньнікавы завод, давайце лепей ён выступіць перад моладзьдзю ў Акадэміі навук»

— Зноў складана было. Спачатку прапаноўвалі, каб ён наведаў гадзіньнікавы завод. Я кажу: «Начхаць яму на гадзіньнікавы завод, давайце лепей ён выступіць перад моладзьдзю ў Акадэміі навук». Мне вельмі цяжка было дамагчыся гэтых пазыцый. Пасьля прынесьлі раскладку, як будуць у залі Акадэміі навук людзі сядзець. У першыя шэрагі пасадзілі вэтэранаў. Я кажу, што вэтэранаў крыўдзіць нельга, але ў першых шэрагах павінны знаходзіцца людзі, якія ўспрымаюць ангельскую мову на слых. Вэтэранаў далей пасадзілі з навушнікамі, быў сынхронны пераклад...

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у Акадэміі Навук. 15 студзеня 1994 году.
Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у Акадэміі Навук. 15 студзеня 1994 году.

— Якія пэрспэктывы атрымала Беларусь пасьля візыту прэзыдэнта ЗША? Што краіна пасьпела зрабіць з гэтым набыткам, а што страціла?

Гэта была падтрымка за тое, што мы выводзілі ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі

— І мой візыт у ЗША, і візыт Клінтана паказалі сьвету, што існуе такая краіна, як Беларусь, што на яе тэрыторыі адбылася фіксацыя распаду СССР, што там нармальныя людзі і яны хочуць пабудаваць прававую дэмакратычную дзяржаву і сустракаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі на гэтым шляху... Калі адбыўся мой візыт у ЗША, Беларусь атрымала 59 мільёнаў даляраў падтрымкі. Гэта было ня так шмат па сёньняшніх мерках, але тады для нас гэта было вельмі многа. Гэта была падтрымка за тое, што мы выводзілі ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі. А што не рэалізавала Беларусь?.. Гэта вялікае глупства — псаваць дачыненьні зь вялікай краінай, дасканалай эканамічна і тэхналягічна...

Кебіч: на рэпэтыцыі на плошчы Перамогі ролю Клінтана выконваў Мясьніковіч

Старшыня Савету Міністраў Беларусі ў 1994 годзе Вячаслаў Кебіч казаў Свабодзе, што добра памятае візыт прэзыдэнта Клінтана, які паспрыяў наладжваньню добрых дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю.

— У Клінтана былі добрыя чалавечыя адносіны. Я ня бачыў, каб мы былі на розных вышынях. Ён ставіўся да мяне гэтак жа, як я ставіўся да яго.

— Станіслаў Шушкевіч кажа пра вялікае супрацьстаяньне візыту прэзыдэнта ЗША. Ці цяжка было арганізаваць візыт Клінтана?

Мы вельмі хацелі, каб Клінтан прыехаў

— Я думаю, што Шушкевіч перабольшвае сваю ролю ў гэтай справе, што яму перашкаджалі. Наадварот. Мы вельмі хацелі, каб Клінтан прыехаў, паколькі тады стаяла пытаньне пра вывад танкаў, бронетранспартэраў ды іншага ўзбраеньня, і нам былі вельмі патрэбныя грошы, каб пазбыцца ад запасаў гэтых узбраеньняў. І мы атрымалі грошы. Шушкевіч перабольшвае сваю ролю, што менавіта ён дамогся таго, што Клінтан прыехаў у Беларусь.

— Ці застаўся ў вас які-небудзь падарунак ад Біла Клінтана?

— Толькі фатаздымкі ў альбоме. І ў маіх кнігах ёсьць фота, як ён падае мне руку, як мы вітаемся, як мы знаходзімся на плошчы Перамогі. Дарэчы, мы правялі трэніроўку на гэтай плошчы за два дні да прыезду Клінтана. Мясьніковіч выконваў ролю амэрыканскага прэзыдэнта. Уся служба бясьпекі акружыла яго, і мы Мясьніковіча правялі як Клінтана, каб супрацоўнікі службы бясьпекі вызначылі свае месцы, бо яна павінны былі суправаджаць Клінтана і сачыць за ім. Можаце сьмела напісаць, што Мясьніковіч быў дублем Клінтана за два дні да ягонага прыезду.

На маю думку, быў парушаны этыкет, паколькі, калі самалёт прыбыў, прэзыдэнт павінен быў выходзіць з самалёту

Я памятаю, што, калі сустракалі яго ў аэрапорце, і самалёт ужо прыляцеў, Клінтан доўга не выходзіў. Я быў там з жонкай, Шушкевіч з жонкай (яны потым паехалі ў тэатар з Гілары). Ён доўга не выходзіў, амаль 24 хвіліны, таму што дачка спала і чакалі, пакуль яна прачнецца. На маю думку, быў парушаны этыкет, паколькі, калі самалёт прыбыў, прэзыдэнт павінен быў выходзіць з самалёту, бо яго сустракала ганаровая варта.

— Як вы кантактавалі? Ці вы крыху разумелі па-ангельску?

— У нас ішоў пераклад. Амэрыканцы спэцыяльна прывезьлі апаратуру, якая перакладала адразу з ангельскай на расейскую і наадварот.

— Як цяпер вы ацэньваеце візыт Біла Клінтана ў Беларусь?

—Як прарыў у дыпляматычных стасунках Беларусі і ЗША.

— І гэты прарыў не атрымаў разьвіцьця, паколькі гэта быў адзіны візыт прэзыдэнта ЗША за ўсе гады...

— Больш не было. Тут ўсё ідзе ў прывязку да Расеі, вы ж цудоўна разумееце. Якімі бы мы не былі самастойнымі, усё роўна саюзная дзяржава...

Пазьняк: пусьцілі пагалоску, што Курапаты замінаваныя, але Клінтан усё роўна пайшоў


Падчас кароткага візыту ў Беларусь прэзыдэнт ЗША наведаў урочышча Курапаты, месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, дзе дагэтуль ня быў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ва ўрочышчы Клінтана сустракаў адкрывальнік Курапатаў, лідэр Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Зянон Пазьняк:

Клінтан падышоў да крыжа, пакланіўся, доўга маўчаў, было такое ўражаньне, што гаварыў малітву пра сябе

— Паводзіны Клінтана ў Курапатах былі ў найвышэйшай ступені прыстойныя. Там было разьлічана ўсё па сэкундах і па кроках. Я павінен быў сустрэць яго каля Крыжа Пакуты, потым кароткая размова, ён падыходзіць да крыжа, потым падыходзіць Шушкевіч і мы ўсе разам падымаемся ўгору, да таго месца, якое цяпер называецца Галгофай, дзе крыжы стаяць. Я коратка расказаў Білу Клінтану пра Курапаты, адразу выказаў шкадаваньне ў сувязі са сьмерцю ягонай маці. Гледзячы яму ў вочы, я заўважыў, што ён перажывае. Клінтан падышоў да крыжа, пакланіўся, доўга маўчаў, было такое ўражаньне, што гаварыў малітву пра сябе.

Калі мы ішлі, запытаўся, чаму Курапаты ў такім стане знаходзяцца. Там практычна нічога не было ў той час. Я яму адказаў, што фактычна зараз ва ўладзе знаходзяцца людзі, якія зьяўляюцца нашчадкамі тых, хто тут расстрэльваў, і што гэта тая самая савецкая ўлада, і таму праблемы застаюцца.

Нават пусьцілі такую пагалоску, што Курапаты замінаваныя і небясьпечна праз тую сьцежку прэзыдэнту ісьці

Афіцыйна ані ўрад, ані Вярхоўны Савет не займаліся арганізацыяй візыту Клінтана ў Курапаты. Гэтым займаўся Народны фронт і грамадзкія арганізацыі. І сьнег расчышчалі, і нейкую ахову сваю рабілі. А вось прэм’ер-міністар Кебіч, Саўмін стараліся ўсімі сродкамі перашкодзіць гэтаму. Нават пусьцілі такую пагалоску, што Курапаты замінаваныя, што туды падклалі міны і небясьпечна праз тую сьцежку прэзыдэнту ісьці. Каб на ўзроўні ўраду пускалі такую чутку, якая цяпер называецца фэйкам... А ён пайшоў, хаця такія рэчы трэба было вельмі сур’ёзна ўспрымаць. Там, канечне, ніхто нічога не мінаваў, але яны вельмі не хацелі, каб Клінтан наведаў Курапаты.

Усё было арганізавана нязмушана, абсалютна натуральна, былі дзеткі са зьнічкамі. Калі яны сьпявалі «Магутны Божа», Клінтан падышоў да лавачкі, якую ён ахвяраваў, і пакланіўся. Потым было спатканьне з грамадзкасьцю, кароткія размовы — там былі нашы археолягі, нашы мастакі, нашы дэпутаты. Таксама прыехаў Філарэт. А афіцыйных асобаў, акрамя Шушкевіча, практычна не было. Безумоўна, на Клінтана гэта ўражаньне зрабіла. Ён не казаў, але я бачыў гэта па ягоным абліччы, па тым, якія пытаньні ён задаваў.

У Беларусі гэта не прынята, а ў Амэрыцы спрэс лавачкі стаяць і тут, і там

Мушу дадаць, што падрыхтоўка да візыту пачыналася раней, і вялікую справу тут зрабіў першы амэрыканскі амбасадар Дэйвід Суорц. Гэта быў і цяпер ёсьць вялікі сябра Беларусі. Ён шмат зрабіў ў падрыхтоўцы, у тым ліку і сустрэчы Клінтана з апазыцыяй. Атрымалася, што я двойчы сустракаўся за дзень з Клінтанам: падчас ягонай сустрэчы з апазыцыяй, а потым падчас візыту ў Курапаты. Напярэдадні візыту абмяркоўвалася, які помнік павінен быў быць ад прэзыдэнта ЗША. Мы прапанавалі крыж, але потым амэрыканцы, відаць, у стылі сваёй паліткарэктнасьці вырашылі, што лепш традыцыйны амэрыканскі сымбаль — лавачку. У Беларусі гэта не прынята, а ў Амэрыцы спрэс лавачкі стаяць і тут, і там — падпісаныя, хто ахвяраваў. Гэта прынята ў амэрыканскай культуры. І тое, што такая лавачка зьявілася ў Курапатах з надпісам «Беларускаму народу ад народу ЗША дзеля памяці» — сьведчаньне традыцыі амэрыканскай культуры і вялікай павагі да нашага народу.

— Вядома, што вандалы больш за 20 разоў спрабавалі зьнішчыць гэтую лаву. Яе рамантавалі, аднаўлялі, і ўлады ніколі не знаходзілі вінаватых. Як вы думаеце, ці ведае Біл Клінтан пра тое, што адбывалася зь ягоным падарункам?

Для іх Курапаты — гэта бяльмо ў воку па сёньняшні дзень

— Думаю, што ведае. Інфармацыя шырока распаўсюджвалася. Амбасада ЗША ў Беларусі ўсё гэта фіксавала, давала адпаведныя зьвесткі ў Дзярждэпартамэнт. Там усе ведалі, ведалі прычыны і хто гэта робіць. Яшчэ цікавы факт. Калі гэты візыт арганізоўваўся, Савет Міністраў выступіў супраць таго, каб у Курапаты прывезьлі гэтую лавачку. Нават адбылося так, што не прынялі амэрыканскага самалёта, ён быў завернуты назад. І другім рэйсам толькі прывезьлі лаву. Рабіліся настолькі непрыстойныя рэчы ў міжнародных адносінах. Проста веданьне сытуацыі не выклікала ніякага скандалу.

Я думаю, што Клінтан і яго асяродзьдзе былі цудоўна паінфармаваныя, што гэта за публіка і што тут робіцца. Таму гэта ўсё прайшло нават невядома для грамадзкасьці. Але вось якія цяжкасьці чыніў тады ўрад Кебіча і ўся камуністычная намэнклятура. Для іх Курапаты — гэта бяльмо ў воку па сёньняшні дзень.

11 сьнежня часопіс Foreign Policy са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што Беларусь зьняла абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску, і ацаніў гэта як «вялікі крок», «пачатак адлігі» і зьвязвае рашэньне з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. 14 студзеня кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пацьвердзіў перамовы з ЗША аб зьняцьці абмежаваньняў на колькасьць дыпляматаў абедзьвюх краін.

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Пазьней кіраўніцтва дыппрадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў, таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску, было зьніжанае з узроўню амбасадараў да ўзроўню часовых павераных.

Тэкст упершыню апублікаваны на svaboda.org 15 студзеня 2019

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG