Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе новы суд за Курапаты? Бакі камэнтуюць рашэньне суду, які стаў на бок Зайдэса


Рэстарацыя «Поедем поедим» каля Курапатаў, архіўнае фота
Рэстарацыя «Поедем поедим» каля Курапатаў, архіўнае фота

У Савецкім раённым судзе Менску завяршыўся працэс паводле пазову бізнэсоўца Леаніда Зайдэса да газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына. Судзьдзя Вераніка Абрамовіч абавязала выданьне абвергнуць некаторыя зьвесткі, таксама з рэдакцыі на карысьць заяўніка будзе спагнана 700 рублёў, 145 рублёў судовых выдаткаў і 1250 рублёў на аплату паслугаў адваката Зайдэса.

Аксана Колб: «Суд па законнасьці рэстарана ў Курапатах яшчэ наперадзе»

Аксана Колб
Аксана Колб

Галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб расчараваная рашэньнем суду, які часткова задаволіў пазоў бізнэсоўца Леаніда Зайдэса да выданьня. У прыватнасьці, лічыць, што газэта слушна паведаміла пра крымінальную справу супраць кіраўніцтва фірмы «МАК 2000» ва Ўкраіне.

«Мы не пісалі, што грамадзянін Зайдэс прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, а толькі спаслаліся на пэўныя дакумэнты, што такая справа распачатая. На жаль, суд не далучыў да матэрыялаў справы нашы дакумэнты, паводле якіх менавіта Зайдэс ёсьць канцавым бэнэфіцыярам фірмы „МАК 2000“, хоць яны былі ўзятыя з адкрытых афіцыйных крыніцаў ва Ўкраіне і забясьпечаныя аўтарызаваным перакладам. А калі ён кантралёр і ўласьнік, дык лягічна меркаваць, што і ёсьць той фігурай, якая адказвае за дзейнасьць кампаніі, супраць якой вядзецца крымінальная справа», — сказала Свабодзе Аксана Колб.

Савецкі раённы суд Менску таксама абавязаў газэту «Новы час» абвергнуць зьвесткі пра незаконнасьць будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», сузаснавальнікам якой зьяўляецца Леанід Зайдэс. З такім рашэньнем суду Аксана Колб таксама нязгодная і думае, што спрэчка яшчэ ня скончаная.

«Мяркую, пытаньне аб законнасьці ці незаконнасьці будоўлі ў Курапатах — ня справа разгляду гэтага суду. Мяркую, мы ўсё ж дачакаемся таго суду, які сапраўды разгледзіць законнасьць такога будаўніцтва і нарэшце будуць прыцягнутыя да адказнасьці ўсе асобы, якія да яго датычныя. Магчыма, сярод іх будуць і тыя, хто ўжо фігураваў у гэтых працэсах».

Дзяніс Івашын: «Адносна газэты „Новы час“ рашэньне несправядлівае»

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Зь незалежнага журналіста Дзяніса Івашына бізнэсовец Леанід Зайдэс патрабаваў спагнаць 3 тысячы рублёў, але суд у гэтай частцы патрабаваньне не задаволіў. Ці лічыць такое рашэньне аўтар публікацый перамогай? Ён прызнаўся ў супярэчлівых пачуцьцях.

«З аднаго боку, прэтэнзіі пазоўніка асабіста ад мяне суд адкінуў, што ёсьць сьведчаньнем слушнасьці майго журналісцкага расьсьледаваньня. Ужо другі суд гэта пацьвярджае. Але што да рэдакцыі „Новага часу“, дык лічу рашэньне несправядлівым. Таму што інфармацыя пра Зайдэса, пададзеная на сайце, — гэта агрэгацыя матэрыялаў розных СМІ. Лічу, што рэдакцыі „Новага часу“ абавязкова трэба падаваць касацыйную скаргу на рашэньне суду, дамагацца яго перагляду і адмены», — сказаў Дзяніс Івашын.

Журналіст паведаміў, што далей працуе над курапацкай праблематыкай і працягвае адсочваць усе вартыя ўвагі факты, зьвязаныя са скандальнай рэстарацыяй.

Адвакатка Патапава: «Рэпутацыя адноўленая — гэта галоўнае»

Яўгенія Патапава
Яўгенія Патапава

Адвакатка Яўгенія Патапава прадстаўляла на працэсе інтарэсы бізнэсоўца Леаніда Зайдэса. Яна ўдакладніла: каб пракамэнтаваць пастанову суду, спачатку трэба азнаёміцца з поўным тэкстам, каб прааналізаваць аргумэнты судзьдзі. Але выказалася пра тое, ці варта чакаць абскарджаньня з боку Леаніда Зайдэса.

«Паколькі суд задаволіў пазоў у частцы аднаўленьня рэпутацыі майго ўпаўнаважніка — гэта было для яго галоўным, і ён гэтага дамогся — дык можна меркаваць, што ён такім рашэньнем будзе задаволены і абскарджваньня можа ня быць. Але, паўтаруся, спачатку трэба атрымаць пастанову суду і добра яе вывучыць», — сказала адвакатка Яўгенія Патапава.

Адпачатку сузаснавальнік рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах патрабаваў абвергнуць інфармацыю пра яго ў газэце «Новы час» і спагнаць з пазоўнікаў агулам 8 тысяч рублёў як кампэнсацыю за нанесеную шкоду: 5 тысяч з выданьня і 3 тысячы з журналіста.

Раней у сувязі з публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим» на «Новы час» падаваў у суд бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч. На яго думку, з артыкулаў вынікае, што менавіта ён і ТАА «ІВ», якое яму належыць, зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў у якасьці кампэнсацыі ад газэты 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу — ад Дзяніса Івашына. Пазоў задаволены ня быў.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG