Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на нарадзе: Я ўжо не называю Расею «братняй дзяржавай»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін (архіўнае фота)
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін (архіўнае фота)

24 сьнежня, напярэдадні заплянаванай сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па актуальных пытаньнях супрацоўніцтва з Расеяй.

Мяркуючы па фота, на нарадзе прысутнічалі прэм’ер, шэраг міністраў, старшыня Савету рэспублікі і старшыня КДБ, кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта.

На нарадзе Лукашэнка адзначыў, што Расея для Беларусі зьяўляецца ключавым зьнешнім партнэрам. «Я ўжо не кажу братняй дзяржавай, таму што, як мяне інфармуюць, у Расеі гэта не ўспрымаецца. Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэта паняцьце непрымальнае. Што ж, будзем партнэрамі».

Нарада 24 сьнежня
Нарада 24 сьнежня

Паводле Лукашэнкі, «усебаковы характар нашых стасункаў мае сур'ёзнае значэньне ня толькі для Беларусі, але таксама і для Расеі», і гэтыя стасункі будуюцца на «сыстэмнай» і «плянавай» аснове. Але ён адзначыў, што рашэньні пра стасункі ў так званай «Саюзнай дзяржаве», прынятыя бакамі, «ня ўсе выконваюцца».

«Ёсьць праграма дзеяньняў, — казаў Лукашэнка пра прынятую паўгода таму праграму «Саюзнай дзяржавы» на 5 гадоў. — Мы доўга да яе рыхтаваліся, вылучылі кожнае пытаньне, ўзгаднілі і прапісалі ўсё, на што здольныя мы і на што здольная была перш за ўсё Расейская Фэдэрацыя. У пляне падрыхтоўкі ў тыя часы многія нашыя прапановы аб больш цеснай інтэграцыі не былі падтрыманыя».

Ужо заўтра, 25 сьнежня Лукашэнка мае сустрэцца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным. Сустрэчу пацьвердзіў пакуль толькі беларускі бок. Паводле паведамленьня прэс-службы Лукашэнкі, асаблівая ўвага на сустрэчы будзе нададзеная «рэалізацыі ранейшых дамоўленасьцей у інтэграцыйных фарматах».

На сустрэчы, як раней абяцаў Лукашэнка, галоўным будзе пытаньне расейскага падатковага манэўру і інтэграцыі, «каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за бочку нафты». Але пасьля Лукашэнка дадаў, што сустрэча з Пуціным «можа і не адбыцца».​

Да таго на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка жорстка адрэагаваў на прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева аб больш глыбокай інтэграцыі ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы (агульных валюты, суду і мытні), а таксама казаў, што шантажаваць Беларусь марна.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Тады Лукашэнка публічна спрачаўся з Пуціным адносна цэнаў на газ.

Сёлета Лукашэнка і Пуцін сустракаліся таксама ў кастрычніку, у верасьні, у жніўні, у ліпені (неафіцыйна), у чэрвені і ў траўні. Пасьля ўсіх гэтых сустрэчаў пра нейкія значныя вынікі ў восьтрых пытаньнях расейска-беларускіх дачыненьняў, як то ў «харчовых войнах» або энэргарэсурсах, не паведамлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG