Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перадапошнім месцы ў рэгіёне. Што яшчэ важна ведаць пра грамадзянскую супольнасьць у Беларусі


Паводле Індэксу ўстойлівасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусь у 2017 годзе заняла перадапошняе месца з 24 краін рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Эўразіі. Горшая сытуацыя з NGO толькі ў Азэрбайджане. У сьвеце Беларусь на ўзроўні Замбіі і Эгіпту.

Аднак у сэктары беларускіх NGO ёсьць і сем пазытыўных тэндэнцый: палепшыўся грамадзкі імідж: 48% беларусаў давяраюць актывістам; хуткімі тэмпамі разьвіваецца краўдфандынг, валянтэрства; павялічваецца колькасьць онлайн-пэтыцый, да якіх чыноўнікі пачынаюць прыслухоўвацца.

Як ацэньваюць індэкс устойлівасьці NGO

Дасьледаваньні ўстойлівасьці грамадзянскай супольнасьці праводзяцца ў 74 краінах сьвету.

Група экспэртаў ацэньвае 7 парамэтраў устойлівасьці:

  • прававое асяродзьдзе;
  • арганізацыйны патэнцыял,
  • фінансавая ўстойлівасьць,
  • інфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасьць,
  • аказаньне паслугаў,
  • інфраструктура,
  • грамадзкі імідж.

Выкарыстоўваецца шкала ад 7 да 1 бала. 7 — дрэнна, 1 бал — добра. Аднак ніводная краіна сьвету не атрымала ацэнку 1 бал па ніводным парамэтры.

Беларусь, як і Азэрбайджан, адносіцца да краінаў зь нізкай устойлівасьцю, яны знаходзяцца ў «чырвонай зоне», у самым хвасьце рэйтынгу.

Індэкс Беларусі складае 5,5 бала. Рост устойлівасьці, які назіраўся з 2014 году, спыніўся.

«Недасьведчаным людзям гэты індэкс 5,5 бала ня вельмі зразумелы, таму мы ў працэнтах прыкладна вылічылі, наколькі ўстойлівыя нашы грамадзкія арганізацыі — атрымалася 21,4%», — патлумачыла каардынатарка праекту, супрацоўніца Міжнароднага асьветніцкага грамадзкага абʼяднаньня «АКТ» Марыя Ландо.

Самымі «правальнымі» парамэтрамі для трэцяга сэктару Беларусі застаюцца прававое асяродзьдзе (6,8 бала з 7 найгоршых) і фінансавая ўстойлівасьць (6,4 бала). А такія парамэтры, як, напрыклад, арганізацыйны патэнцыял ці аказаньне паслугаў, значна вышэйшыя за кошт намаганьняў самога сэктару. Гэта ўжо не слабая ўстойлівасьць, а сярэдняя, — лічаць экспэрты.

На першым месцы па індэксе ўстойлівасьці грамадзкага сэктару — Эстонія з 2,1 бала (яна мае самы высокі ўзровень устойлівасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе і сьвеце).

Індэкс устойлівасьці NGO Расеі ў 2017 годзе палепшыўся, і Расея ўжо перайшла з зоны нізкай устойлівасьці ў зону нестабільнай устойлівасьці.

На пагаршэньне іміджу NGO паўплывалі, сярод іншага, «паклёпніцкія кампаніі ў СМІ»

Нягледзячы на тое, што сытуацыя ў розных краінах рэгіёну розная, у індэксе за 2017 год назіраюцца тры асноўныя тэндэнцыі — дзьве нэгатыўныя і адна пазытыўная.

1. Звужэньне прасторы для грамадзянскай супольнасьці (12 краінаў рэгіёну, то бок палова, заявілі пра пагаршэньне прававога асяродзьдзя для дзейнасьці NGO).

У Беларусі адзначаюцца затрыманьні актывістаў, ператрусы і іншыя наступствы пасьля пратэстаў супраць Дэкрэту № 3 — «пра дармаедаў»).

2. Павелічэньне колькасьці паклёпніцкіх кампаній у СМІ, накіраваных на «ачарненьне» NGO, асабліва тых, якія крытычна настроеныя ў дачыненьні да палітыкі ўраду. Часьцей за ўсё ў дзяржаўных мэдыях грамадзкія арганізацыі імкнуцца паказаць як замежных агентаў, якія падрываюць нацыянальную бясьпеку краінаў.

Што да Беларусі, у дасьледаваньні прыводзіцца прыклад зь «Белым легіёнам» — гаворыцца пра тое, як дзяржаўныя мэдыі паказвалі яго ў нэгатыўным пляне, а калі справа была спыненая, проста прамаўчалі.

3. Умацаваньне інфраструктуры сэктару

Беларускія грамадзкія арганізацыі адзначаюць, што яны больш актыўна выкарыстоўваюць розныя новыя тэхналёгіі, каб аказваць паслугі сваім мэтавых групам. Аднак, нягледзячы на некаторыя паляпшэньні, у большасьці краінаў, у тым ліку і ў Беларусі, інфраструктура залежыць ад замежнага донарскага фінансаваньня.

Фінансавая дапамога Беларусі з-за мяжы скарачаецца

Марыя Ландо і Ўладзімер Корж
Марыя Ландо і Ўладзімер Корж

Дакладных лічбаў па колькасьці замежнай дапамогі, якая прыходзіць у Беларусь, няма.

«Але калі ў 2007 годзе 34,6% міжнароднай тэхнічнай дапамогі ішло на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, то ў 2017 годзе гэтая лічба склала менш за 20%. А ў новай праграме падтрымкі Беларусі Эўразьвязам для NGO прадугледжана толькі 4% ад усёй сумы фінансаваньня», — кажа Марыя Ландо.

Экспэрт Уладзімер Корж адзначыў адну цікавую акалічнасьць, якая тычыцца Расеі, але ніяк яшчэ ня дойдзе да Беларусі.

«Калі ўзяць Расею, дзе ўвялі закон аб замежных агентах і фактычна спынілася замежнае фінансаваньне, то прайшло няшмат часу, і сродкі пачалі даваць зь дзяржаўных і прыватных крыніцаў, таму што там зразумелі, што без грамадзянскага сэктару многія пытаньні вырашыць практычна немагчыма. Ня ведаю, ці будзе і ў нас такое. Але пакуль мы яшчэ на пачатку шляху», — заўважыў спадар Корж.

У Беларусі зарэгістравана 2856 NGO, рэальна працуе ўтрая менш

У гэтую лічбу — 2856 — уваходзяць і так званыя GONGO (недзяржаўныя арганізацыі, заснаваныя дзяржавай — Government-Organized Non-Governmental Organization), то бок праўладныя.

«Аднак дакладную лічбу „жывых“ арганізацый назваць цяжка. На думку нашых дасьледчыкаў, рэальна працуюць працэнтаў 30 (то бок 700–800 NGO). Да таго ж каля 150 грамадзкіх арганізацый зарэгістравана ў суседніх Літве, Польшчы, а таксама ў Чэхіі. Вельмі мала статыстыкі, дакладных лічбаў, дадзеных, канкрэтных дасьледаваньняў — гэта праблема», — кажа Марыя Ландо.

Чаму ацэнка NGO Беларусі такая нізкая?

1. Паўплывала пагаршэньне прававых умоваў для дзейнасьці NGO

У Беларусі па-ранейшаму ёсьць крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый, даволі складаная працэдура рэгістрацыі, многім адмаўляюць у рэгістрацыі на незаконных падставах.

«Да прыкладу, у 2017 годзе было некалькі разоў адмоўлена ў рэгістрацыі фонду „Makeout“, які працуе з ЛГБТ, і фонду „Зялёная сетка“.

На ацэнку па прававым асяродзьдзі паўплывалі затрыманьні і вобшукі актывістаў за пратэсты супраць Дэкрэту № 3, справа прафсаюзу РЭП і іншыя.

Нягледзячы на тое, што Дэкрэт № 5 аб замежнай бязвыплатнай дапамозе быў прыняты ў 2015 годзе, у 2017-м дзяржава раптам пачала значна часьцей абкладаць падаткамі замежную дапамогу. Гэта таксама прывяло да пагаршэньняў», — тлумачыць Марыя Ландо.

2. Дзейнасьць грамадзянскага сэктару разглядаецца як палітызаваная

Прычым ня толькі тыя арганізацыі, што займаюцца прававой дапамогай, але і многія іншыя ўспрымаюцца чыноўнікамі як палітычная апазыцыя, альбо як крыніца для прыцягненьня фінансаваньня. Гэта зьвязана з тым, што дагэтуль дзяржава не разумее спэцыфіку і прыроду дзейнасьці NGO.

«Пачалі рэалізоўваць праект па разьвіцьці арганізацый, якія працуюць з пажылымі людзьмі, год працавалі, а потым нам 6 разоў адмовілі ў працягу праекту, патлумачыўшы, што ўмацаваньне некамэрцыйных арганізацый — гэта не прыярытэт краіны, гэта супярэчыць нацыянальным прыярытэтам», — кажа Марыя Ландо.

Экспэрты таксама адзначаюць «выгараньне» спэцыялістаў і актывістаў і гістарычна заніжаныя балы.

7 пазытыўных тэндэнцый у грамадзянскім сэктары ў 2017 годзе

1. Краўдфандынг: сабрана 600 тысяч даляраў

На рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў было сабрана 600 тысяч даляраў у эквіваленце (рост за год — у 2 разы). Калі раней зьбіралі на чыстую дабрачыннасьць (апэрацыі дзеткам, дапамогу інвалідам), то ў 2017 годзе былі пасьпяховыя кампаніі #byhelp — на падтрымку рэпрэсаваных актывістаў, некалькі кампаній па падтрымцы ЛГБТ-супольнасьці.

2. Дзяржаўная сацыяльная дамова — 460 тысяч даляраў

Нягледзячы на тое, што дзяржава вельмі абмежавана фінансуе NGO, большасьць дзяржаўных сацыяльных замоваў атрымліваюць арганізацыі, ляяльныя да ўраду (80% дамоваў заключана зь Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа). Сума, выдзеленая ім зь дзяржбюджэту, павялічыліся ўтрая ў параўнаньні з 2016 годам і склала 460 тысяч даляраў (у эквіваленце).

3. 22% беларусаў займаюцца валянтэрствам

Паводле дадзеных Усясьветнага індэксу дабрачыннасьці, 22% беларусаў займаюцца валянтэрствам. Праўда, валянтэрствам лічыцца і ўдзел у суботніках.

4. Інфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасьць: абаранілі Курапаты, Асмалоўку

Экспэрты адзначаюць пасьпяховыя кампаніі, арганізаваныя актывістамі. У першую чаргу гэта абарона Курапатаў, абарона ад зносу Асмалоўкі, адмена здачы ў арэнду часткі ракі Прыпяці.

Да таго ж арганізацыі працягвалі ўплываць на заканадаўчы працэс. Былі прынятыя Нацыянальны плян і Канвэнцыя па правах інвалідаў. Зьявіўся Нацыянальны плян па правах чалавека.

5. Чыноўнікі вымушаныя рэагаваць на онлайн-пэтыцыі

У 2017 годзе на 55% павялічылася колькасьць онлайн-пэтыцый, створаных на плятформе petitions.by. Самыя масавыя былі пэтыцыі за адмену Дэкрэту № 3 і супраць дзедаўшчыны ў войску.

6. Палепшыўся грамадзкі імідж многіх недзяржаўных арганізацый

Паводле Цэнтру новых ідэй, 12 арганізацый мелі ў сацыяльных сетках больш за 10 тысяч падпісчыкаў (сюды не адносяцца БРСМ ці Беларускі саюз жанчын). На першым месцы — пошукава-ратавальны атрад «Анёл» (145 тысяч падпісчыкаў).

У гэтым рэйтынгу кампанія «Будзьма беларусамі», краўдфандынгавая плятформа «Талака», «Арт-сядзіба», курсы «Мова нанова» — збольшага культурніцкія і нацыянальна арыентаваныя арганізацыі.

7. Давер грамадзтва

Як паказалі розныя апытаньні, у цэлым грамадзтва ставіцца да арганізацый грамадзянскай супольнасьці і актывістаў альбо пазытыўна, альбо нэўтральна. 48% выказалі давер актывістам (для параўнаньня, 44,6% рэспандэнтаў выказвалі давер бізнэсоўцам, 39,6% —журналістам, 23,2% — палітыкам, 24,9% — дзяржаўным чыноўнікам).

54% беларусаў ведаюць пра існаваньне NGO, 21% удзельнічае ў іх дзейнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG