Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм’ер Турчын паабяцаў дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў


Аляксандар Турчын, архіўнае фота
Аляксандар Турчын, архіўнае фота

5 лістапада пачаўся Кастрычніцкі эканамічны форум. «Давайце памяняем правілы», — прапанаваў першы намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Турчын на адкрыцьці.

Аляксандар Турчын паабяцаў адмяніць указ № 488 аб ілжэпрадпрымальніцтве, а таксама паведаміў, што абмяркоўваецца пытаньне аб дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў.

«Беларусь зрабіла стаўку на ІТ-краіну. Менавіта таму прэзыдэнтам быў прыняты дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, пасьля якога беларускі Парк высокіх тэхналёгій набыў другое дыханьне. Сёньня Беларусь у экспарце „софту“ на душу насельніцтва абышла ня толькі суседзяў, але і такія краіны, як ЗША, Расею і Індыю. Нам сапраўды ўдалося стварыць юрысдыкцыю, прывабную для ІТ-бізнэсу», — сказаў спадар Турчын.

Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што летась рэзыдэнтамі ПВТ стала больш кампаній, чым за ўсе папярэднія 12 гадоў.

«Мы бачым у ПВТ ня толькі самую пасьпяховую галіну эканомікі, але і правобраз эканомікі будучыні. Посьпех Парку — яскравы прыклад, што ў Беларусі магчыма эвалюцыя без рэвалюцыі», — кажа Турчын.

Ён заўважыў, што ад прадстаўнікоў ураду чакаюць на такіх форумах чакаюць гучных заяваў пра навацыі ў эканоміцы.

«Мне здаецца, што самы лепшы курс — прадказальны. Для бізнэсу і для грамадзтва ў цэлым няма нічога лепшага, чым стабільнасьць і прадказальнасьць. І няма нічога горшага, чым нечаканыя навацыі і імправізацыі. Адсутнасьць сюрпрызаў — найлепшае, што можа прапанаваць дзяржава бізнэсу», — перакананы Турчын.

Ён паведаміў, што неўзабаве будзе пастаўленая кропка ў пытаньні, якое ўжо стала сымбалічным, — адмене 488-га ўказу.

Пасьля гэтага, казаў ён, «мы выйдзем на вырашэньне праблемы, якая, калі ўдасца яе вырашыць, зьменіць фундамэнтальным чынам інвэстыцыйны клімат Беларусі».

«Гаворка ідзе аб дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў. Прэм’ер-міністар ужо агучваў гэта публічна. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсьліваў: у дзяржавы няма імкненьня караць ці раскулачваць бізнэс. Але закон адзіны для ўсіх... Другі бок пытаньня — якімі мэтадамі дабівацца выкананьня закону. І тут, мне здаецца, наша грамадзтва падыйшло да таго, што эканамічныя мэтады прымусу да выкананьня закону могуць аказацца ня менш, а больш эфэктыўнымі і больш дзейснымі за сілавыя. Апошняе слова — за прэзыдэнтам», — сказаў першы намесьнік прэм’ер-міністра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG