Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм'ер: Толькі калі перастаць саджаць бізнэсмэнаў за краты, зьнікне страх


Аляксандар Турчын, архіўнае фота

Няма неабходнасьці трымаць бізнэсмэнаў за кратамі да суду паводле падазрэньня ў падатковых злачынствах, заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандар Турчын у інтэрвію «Галоўнаму эфіру» тэлеканалу «Беларусь 1», расказвае Tut.by.

«Я вельмі глыбока перакананы, што калі бізнэсмэн не даплаціў падаткаў, ён мае актывы, мае ўласнасьць, і выпадкі выбару сродку засьцярогі ў выглядзе заключэньня пад варту на час сьледзтва павінны быць проста адзінкавымі ў нашай краіне. Ня ведаю нават зь якіх прычынаў, — падкрэсьліў Аляксандар Турчын. — Ёсьць маёмасьць — наклалі арышт. Ёсьць заклад, ёсьць падпіска аб нявыезьдзе, розныя формы — калі ласка.

Сьледзтва ідзе, бізнэс працуе. Ёсьць рашэньне суду, што павінен даплаціць — калі ласка, хай плаціць. Гэта дасьць вельмі сур'ёзны стымул — зьнікне страх, што за нейкую памылку надыходзіць вельмі сур'ёзная адплата. Пакараньне павінна быць неадваротным, але сувымерным».

Турчын прызнаў, што зацягнулася праца над папраўкамі ў самы адыёзны для бізнэсу ўказ № 488 аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Але, запэўніў першы віцэ-прэм'ер, бізнэс і сілавікі прыйшлі да кансэнсусу наконт трансфармацыі гэтага ўказу.

Турчын упэўнены, што менавіта малы і сярэдні бізнэс будуць рухавікамі стварэньня працоўных месцаў. Таму важна кардынальна перагледзець праграму падтрымкі прадпрымальніцтва. «Сёньня яна не працуе», — прызнаў першы віцэ-прэм'ер.

Трэба, каб мясцовыя органы ўлады бачылі ў бізнэсмэнах партнэраў і разумелі, што яны дапамагаюць вырашаць пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну, упэўнены ён.

«У нас у Канстытуцыі запісаная роўнасьць формаў уласнасьці. Мы хацелі б, каб гэтая норма выконвалася безумоўна. Важная нармальная канкурэнцыя, і там і там працуюць нашыя людзі, яны плацяць падаткі», — заявіў Турчын.

Ён падкрэсьліў, што стаўка будзе рабіцца на лічбавую эканоміку і разьвіцьцё прадпрымальніцтва. Лічбавая эканоміка — будучыня ўсяго сьвету, ня толькі нашай краіны, упэўнены Турчын. Ужо ідзе праца ў некалькіх кірунках — гэта электронны ўрад, «павінна быць зручная і зразумелая для чалавека і суб'ектаў гаспадараньня сыстэма атрыманьня дзяржаўных паслугаў». Іншыя найважнейшыя тэмы — электронная адукацыя і электронная мэдыцына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG