Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справядлівасьць стаіць вышэй за закон — гэта адсутнасьць прававой дзяржавы»


Сем гадзін дваццаць адна хвіліна — новы рэкорд працягласьці выступаў Аляксандра Лукашэнкі. 3 лютага на «Вялікай размове з прэзыдэнтам» быў пабіты рэкорд 2015 году.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Само мерапрыемства было названае «Вялікая размова з прэзыдэнтам». І Лукашэнка, пачынаючы сваю прэсавую канфэрэнцыю, сказаў, што гэта дыялёг і што ў гэтым дыялёгу ўдзельнічае шырокае кола беларускай грамадзкасьці. Ну, але насамрэч там шырокае кола грамадзкасьці не было прадстаўлена. У залі было ў асноўным чынавенства, работнікі дзяржаўных структур, прыдворныя палітолягі. Незалежнае грамадзтва прадстаўлена было вельмі слаба. Апазыцыя не прадстаўлена ўвогуле, бо, паводле Лукашэнкі, яна «пятая калёна». Тады з кім дыялёг? З самім сабой? Зь дзяржаўнымі чыноўнікамі?

Калі казаць пра зьмест, пра тэзісы, зь якімі выступіў Аляксандар Лукашэнка, то нічога прынцыпова новага не прагучала. Не было абвешчана нейкіх паваротаў у эканамічнай, унутранай ці замежнай палітыцы. Хутчэй гэта была піяр-акцыя пад выглядам нейкага дыялёгу, нейкай размовы з народам. Зразумела, што гэтая акцыя праходзіла па пэўным сцэнары. Як можна меркаваць, журналісты дзяржаўных мэдыяў і дзяржаўныя палітолягі задавалі пытаньні, узгодненыя з прэсавай службай прэзыдэнта. Калі казаць пра нейкія кур’ёзы, то галоўным героем прэсавай канфэрэнцыі стаў Яраслаў Раманчук, да якога ўвесь час зьвяртаўся Лукашэнка. Жартоўна, паблажліва, але цягам усяго выступу ён зь ім спрачаўся. То бок гэта быў, можна сказаць, галоўны апанэнт.

Глод: Спадар Карбалевіч назваў тое, што сёньня адбывалася, піяр-акцыяй. Гэта абсалютна так. Але я дадам, што гэта была традыцыйная піяр-акцыя.

Гэтым разам атмасфэра амаль не адрозьнівалася ад папярэдніх. І тым ня менш дзьве прынцыпова новыя рэчы для сябе я заўважыў.

«Свабода і незалежнасьць даражэйшыя за любую нафту». Раней, мне падаецца, ён так ніколі не казаў.

Першая — наступныя словы Аляксандра Лукашэнкі: «Свабода і незалежнасьць даражэйшыя за любую нафту». Раней, мне падаецца, ён так ніколі не казаў. Што казалася раней? Што краіна, якая хоча мець сувэрэнітэт і незалежнасьць, павінна найперш быць эканамічна моцнай. Бо бяз гэтага з такой краінай ніхто ня будзе лічыцца. Менавіта на пабудове моцнай эканомікі Лукашэнка доўга акцэнтаваў увагу ўсёй краіны з таго часу, як прыйшоў да ўлады. Менавіта гэтым абгрунтоўвалася неабходнасьць стварэньня так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, некаторых іншых інтэграцыйных аб’яднаньняў. Менавіта дзеля гэтага Лукашэнка неаднойчы казаў раней, што можна ахвяраваць часткай беларускага сувэрэнітэту. А на чым стаяў такі лукашэнкаўскі эканамічны сувэрэнітэт? Сярод галоўных камянёў такога падмурку была нафта. І гэта зразумела. Куплялася танная сырая нафта з Расеі, а на двух заводах, якія дасталіся ў спадчыну з савецкіх часоў, яе перараблялі ў бэнзін, газу, мазут і выгадна прадавалі за валюту на Захад.

Сёньня Лукашэнка зьмяніў акцэнты. Паводле ягоных словаў, у выпадку адмовы ад расейскай нафты Менску прыйдзецца нялёгка, хтосьці нават палічыць, што гэта ў эканамічным сэнсе нерэнтабэльна.

«Але свабода, незалежнасьць — гэта вельмі рэнтабельна, і гэта не ацэньваецца ніякімі грашыма і ніякімі лікамі. Гэта несупастаўна, калі на адной шалі незалежнасьць, а на другой — расейская, іранская, азэрбайджанская або амэрыканская нафта — гэта несупастаўна», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Яшчэ цікавы момант. Сёньня Аляксандар Лукашэнка прачыніў некаторыя адносіны, якія ў яго склаліся і з прэм’ерам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, і з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным. Высьвятляецца, што тут і спрэчкі бываюць, і што расейскія лідэры раяць яму не зьвяртаць увагі на некаторыя сілы ў Расеі. Высьвятляецца, аднак, што гэтыя сілы даволі моцныя. Але чаму яны скіраваныя супраць Лукашэнкі? Беларускі лідэр тлумачыць гэта тым, што ва ўсходняй суседцы ёсьць людзі, якія кажуць, што трэба зьбіць градус прыцягальнасьці і папулярнасьці Лукашэнкі для расейцаў.

Гэта мне нагадала Расею часоў Барыса Ельцына.

Гэта мне нагадала Расею часоў Барыса Ельцына, калі Лукашэнка імчаўся ў расейскія рэгіёны. Імчаўся са зразумелай мэтай — глядзіце, Ельцын ужо стары і хворы, а тут вось які малады і энэргічны. І толькі Пуцін, калі стаў прэзыдэнтам, адмяніў гэтыя ваяжы. Але ж падобна, што ў душы беларускага кіраўніка амбіцыі наконт пасады прэзыдэнта саюзнай дзяржавы застаюцца. І ў Маскве гэта бачаць і рэагуюць на такія захады.

Карбалевіч: Падаецца, што галоўная выснова з гэтай прэсавай канфэрэнцыі — не было сказана самага важнага. Пра тое, што краіна ў тупіку і як трэба шукаць выйсьця. Усёй грамадой, магчыма сапраўды з удзелам нейкіх апанэнтаў. Вось гаворкі пра выхад і не было падчас гэтага выступу.

Дэвіз гэтай прэсавай канфэрэнцыі — разьвянчаньне ілюзіяў.

Цыганкоў: Таму я б і сказаў, што дэвіз гэтай прэсавай канфэрэнцыі — разьвянчаньне ілюзіяў. Рэч у тым, што калі ў грамадзтва набіраецца даволі шмат пытаньняў да Аляксандра Лукашэнкі, у гэты момант ён любіць праводзіць такія адносна дэмакратычныя імпрэзы. Альбо зь незалежнымі журналістамі, альбо ў больш шырокім фармаце. І часам ад такога дыялёгу чакаюць занадта шмат. Тут адбылося тое самае, калі некаторыя чакалі, што Лукашэнка заявіць ледзь не пра выхад з інтэграцыйных саюзаў. Аляксандар Лукашэнка чарговым разам, пры ўсёй крытыцы расейскіх кіраўнікоў, сказаў, што Беларусь ня хоча нікуды паварочвацца, ніадкуль не зьбіраецца выходзіць і што Расея застаецца прыярытэтам.

Ці, напрыклад, на фоне мяккай лібэралізацыі былі ілюзіі наконт таго, што Лукашэнка ледзь не загаворыць заўтра па-беларуску. Хто з іроніяй, хто сур’ёзна пра гэта гаварыў. Лукашэнка адпускаў асобныя фразы па-беларуску, ня толькі ў іранічным кантэксьце, як гэта было раней, але і проста адказваючы на пытаньні сваіх беларускамоўных суразмоўцаў. Але пацьвердзіў некаторыя асноўныя прынцыпы, загаварыў пра тое, што расейская мова — гэта наша мова. І, такім чынам, фактычна неяк адсунуў пытаньне пра стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту, якое паставіла перад ім Алена Анісім, пра сапраўдныя крокі для таго, каб беларуская мова мела роўнасьць з расейскай як дзяржаўная мова.

Лукашэнка чарговым разам паказаў сваю прыхільнасьць да такой эканомікі, досыць сацыялістычнай.

Ну, і яшчэ важная рэч. Я б адзначыў дзьве канцэптуальныя заявы. Першая: мяне ўжо не пераробіш, я лічу, што мадэль для нас і для славянскіх краін — гэта сацыяльна арыентаваная эканоміка. То бок Лукашэнка чарговым разам паказаў сваю прыхільнасьць да такой эканомікі, іншымі словамі, досыць сацыялістычнай, заявіўшы, што пры ім ня будзе лібэральнай рынкавай эканомікі, таго, што можна больш коратка і ўмоўна назваць капіталізмам.

Другое — калі Лукашэнка сказаў: «справядлівасьць стаіць вышэй за закон» для яго. Гэта азначае адсутнасьць прававой дзяржавы, адсутнасьць прыярытэту закону. Бо кіраўнік дзяржавы па-ранейшаму лічыць магчымым — і нядаўна мы гэта бачылі, калі ён выказваўся пасьля затрыманьня Кныровіча — дзеля справядлівасьці ўмешвацца ў справы судовай сыстэмы. Паколькі закон — гэта ня тое, што трэба выконваць, а трэба рэалізоўваць справядлівасьць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG