Затрыманага ля Курапатаў Паўла Севярынца аштрафавалі за непадпарадкаваньне міліцыі

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Менскі раённы суд аштрафаваў на 1225 рублёў сустаршыню Партыі БХД Паўла Севярынца, які бярэ ўдзел у абароне Курапацкага мэмарыялу ахвяраў сталінізму ад рэстарацыі «Поедем поедим».

Палітыка вызвалілі ў судовай залі. Вырак вынес судзьдзя Віктар Шаўцоў. Ноч на 4 кастрычніка Павал Севярынец правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Севярынца затрымалі ўвечары 3 кастрычніка ля рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. Актывіст браў удзел у пікеце з патрабаваньнем закрыцьця рэстарацыі ля ахоўнай зоны мэмарыялу ахвярам сталінізму.

Пасьля затрыманьня Севярынец пасьпеў паведаміць журналістам, што яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Перад тым пікетоўцы не прапусьцілі на тэрыторыю рэстарацыі аўтамабіль яе дырэктаркі Сьвятланы Дубковай.

Ад пачатку пікетаваньня «Поедем поедим» сёлета ў чэрвені Севярынец адсядзеў 40 сутак арышту, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі — 50 дзён.​

​
XS
SM
MD
LG