Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар аховы здароўя паабяцаў стварыць «сыстэму ўнутранай бясьпекі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На нарадзе аб праблемных пытаньнях у гэтай сфэры, якая прайшла 11 верасьня, міністэрства аховы здароўя Валеры Малашка паабяцаў гэта Лукашэнку: «Я зраблю ўсё для таго, каб выправіць недахопы і сыстэма аховы здароўя працавала стабільна».

Перад гэтым Аляксандар Лукашэнка, як піша ягоная прэс-служба, спытаў Валерыя Малашку: «Вы мне вось так шчыра скажыце, паміж намі кажучы: вы здольныя кіраваць міністэрствам? Калі вы ня здольныя, далей будзе горш».

Валеры Малашка, архіўнае фота
Валеры Малашка, архіўнае фота

Прэтэнзіі ў сувязі з карупцыяй у сыстэме аховы здароўя Малашка пракамэнтаваў так:

«Гэта зусім не нармальна. Аляксандар Рыгоравіч, безумоўна, апраўдвацца тут няма чым. Вядома, у першую чаргу гэта нядобрасумленнасьць асобных кіраўнікоў, і, зразумела, цяжка растлумачыць пры вонкавай, так скажам, спакойнай абстаноўцы, выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў вось гэтыя паводзіны асобных нашых кіраўнікоў.

Але разам з тым сыстэму мы ў цэлым плянуем мяняць. Празрыстасьць закупкі павінна быць першапачаткова. Вядома, гэтае вызначэньне цаны тавару, які закупляецца, яно павінна быць першапачаткова, да правядзеньня ўсіх конкурсаў. Вядома, мы сёньня павінны перайсьці на тыпавыя тэхнічныя заданьні, асабліва для ўстаноў аховы здароўя першага і другога ўзроўню».

У інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» міністар паведаміў, што ў ведамстве «цалкам перагледзелі склады конкурсных камісій» па закупцы мэдтэхнікі і лекаў, піша БелаПАН.

«Зразумела, што сёньня мы павінны ўводзіць сыстэму і ўнутранай бясьпекі, — сказаў Малашка. — Гэта ня столькі міліцэйскія функцыі, так скажам, колькі ў першую чаргу дасьведчаныя эканамісты, якія будуць кантраляваць і сярэднеўзважаныя цэны на тую тэхніку, якая набываецца, лекавыя прэпараты, кантраляваць парадак правядзеньня тых ці іншых працэдур».

На нарадзе было абвешчана, што ў пачатку 2019 году ў Лукашэнкі адбудзецца «вялікая размова» на тэму аховы здароўя.

У сувязі з карупцыяй у гэтай сфэры распачатыя 95 крымінальных справаў.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG