Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК і КДБ шукаюць карупцыйны сьлед у гібелі дзіцяці пасьля прышчэпкі


Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт ва ўзаемадзеяньні з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі праводзіць праверку па факце гібелі дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне, паведаміла сёньня афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова ў праграме «Прычыны і сьледзтва» на «Альфа Радыё», паведамляе БЕЛТА.

Паводле Ганчаровай, «праверка ажыцьцяўляецца ва ўзаемадзеяньні з КДБ, у вытворчасьці якога знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненьні да шэрагу чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя».

«Там таксама гаворка ідзе аб правядзеньні тэндэраў, таму некаторая інфармацыя ў тым ліку можа быць карыснай, — сказала прадстаўніца СК. — Сьледчыя разьбіраюцца, наколькі справядлівы і законны быў тэндэр, як вакцына трапіла на тэрыторыю Беларусі».

Раней Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч паведаміў, што сьледчыя высьвятляюць ня толькі прычыну сьмерці дзіцяці, але і аддаюць увагу закупам гэтай вакцыны.

11 верасьня на нарадзе аб праблемах сыстэмы аховы здароўя прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага намесьніка міністра здароўя, кіраўнікоў «Белмэдтэхнікі» і «Белфармацыі», але заявіў, што праблемы ў мэдыцыне дасягнулі «такіх маштабаў, што нельга ўжо абмяжоўвацца новымі прызначэньнямі». Паводле Лукашэнкі, па справе аб карупцыі ў сфэры аховы здароўя пад сьледзтва трапілі ўжо амаль 100 чалавек, распачата 95 крымінальных справаў, у якіх фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў злачынных сродкаў».

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG