Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскіх уладаў спытаюць, хто супраць перайменаваньня «Плошчы Леніна»


Бюст Леніна у пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна»

Менскія прыхільнікі перайменаваньня станцыі мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошча Незалежнасьці» не здаліся пасьля таго, як на іхную пэтыцыю вырашыла не адказваць Міністэрства транспарту, а Менгарвыканкам адмовіў ім, спаслаўшыся на 31 ліст праціўнікаў перайменаваньня.

У новай пэтыцыі сьцьвярджаецца, што адказ Менгарвыканкаму не адпавядае патрабаваньням заканадаўства. Па-першае, не пазначана, калі адбывалася паседжаньне камісіі па прапанове перайменаваньня (і няма нумару пратаколу).

Па-другое, не пазначаная агульная колькасьць менчукоў, якія пры абмеркаваньні былі за і супраць перайменаваньня; не названае выданьне, у якім да менчукоў даводзілася інфармацыя пра перайменаваньне.

Няма адказу і на пытаньне пра неадпаведнасьць назвы станцыі мэтро назьве плошчы, пад якой яна знаходзіцца.

Адзначаецца таксама, што 155 карыстальнікаў, якія падпісалі папярэднюю пэтыцыю, гэта «галасы, якія таксама трэба ўлічваць». Пад новай пэтыцыяй, якую запусьцілі 29 жніўня, ужо падпісаліся 262 карыстальнікі.

Беларусь — радзіма помнікаў Леніну. Ленін — «частка ансамблю»

Некалі — ад 1933 году да 1991-га (зь перапынкам на нацысцкую акупацыю) сама плошча, пад якой знаходзіцца станцыя «Плошча Леніна», насіла імя Леніна. У 1991 годзе плошча атрымала сучасную назву, але ўтварыўся кур’ёз: станцыю мэтро «Плошча Леніна» пад плошчай Незалежнасьці так і не перайменавалі. Падчас галасавога абвяшчэньня станцыяў у мэтро ўдакладняюць: «Станцыя „Плошча Леніна“, выхад да плошчы Незалежнасьці». У інтэрнэце часам жартуюць пра «плошчу Незаленіна» або «плошчу Ленінежнасьці».

Раней, 19 жніўня Менгарвыканкам адказаў на зварот з прапановай дэмантажу помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці, які сабраў больш за 800 подпісаў на Petitions.by.

Плошча Незалежнасьці, мітынг камуністаў 7 лістапада 2016 году
Плошча Незалежнасьці, мітынг камуністаў 7 лістапада 2016 году

У адказе, падпісаным намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам, сказана, што «помнік В.І. Леніну ёсьць часткай ансамблю Дому ўраду, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці другой катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Згодна з разьдзелам 16 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры гэтая гісторыка-культурная каштоўнасьць знаходзіцца пад аховай дзяржавы».

Сёлета ў чэрвені зьнесьці помнік Леніну адмовіліся горадзенскія ўлады, хоць тая пэтыцыя таксама сабрала больш за 800 подпісаў. Паводле тамтэйшых уладаў, помнік «зьяўляецца неад’емным кампазыцыйным акцэнтам плошчы».

Беларусы далёка не адзін раз пратэставалі супраць помнікаў Леніну за апошнія гады: зьбівалі кувалдамі, падрывалі, закідвалі яйкамі і аблівалі валяр’янкай... Але ў Магілёве гэтай вясной улады самі мірна зьнесьлі помнік Леніну перад былым заводам штучнага валакна — завод сам ішоў на знос. У Лідзе мінулай восеньню помнік Леніну на Чырвонаармейскай вуліцы проста зьнік. Аднак у Глыбокім да 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі знайшоўся «запасны Ленін» замест зьнесенага.

Ва Ўкраіне тым часам практычна завяршылі «ленінапад» — на ўсёй тэрыторыі акрамя акупаванага Расеяй Крыму і земляў, падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», дэмантавалі ня менш за 2389 савецкіх помнікаў.

У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзіміра Леніна зрабіў Артур Грубэ.

А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе паставілі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.

Помнік Леніну ў Горадні, ілюстрацыйнае фота
Помнік Леніну ў Горадні, ілюстрацыйнае фота

Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне паставілі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.

Згодна з падлікамі маскоўскага культуроляга Дзьмітрыя Кудзінава, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 гадоў у Беларусі зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG