Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за год зьнесьлі 1320 помнікаў Леніну. У Беларусі за 25 гадоў зьнікла траціна ўсіх Ленінаў


Знос помніка Леніну ў Цярнопалі ў жніўні 1990-га.
Знос помніка Леніну ў Цярнопалі ў жніўні 1990-га.

Ва Украіне сёлета ў рамках выкананьня закону аб дэкамунізацыі была перайменавана 51 тысяча 493 вуліцы і зьнесена 1 тысяч 320 помнікаў Леніну.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

Паведамляецца пра дэмантаж 2 389 помнікаў і памятных знакаў, зь іх у гонар Леніна — 1 320. Пасьля Расеі Ўкраіна заставалася краінай з найбольшай колькасьцю «помнікаў Леніну ў публічнай прасторы», сказана ў апублікаваным у аўторак паведамленьні.

Адзначаецца, што ў 2016 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны перайменавала 25 раёнаў і 987 населеных пунктаў (зь іх 32 горада), пры гэтым парлямэнт пераважна абапіраўся на прапановы мясцовай грамады адносна новых назваў гарадоў і вёсак.

У Беларусі няма праграмы па дэкамунізацыі. Свабода налічыла 16 гарадоў і мястэчак, дзе за апошнія 18 год савецкія помнікі зьніклі з цэнтральных плошчаў. Яшчэ ў 15 гарадах іх ніколі не было.

Мала хто ведае, што Беларусь — гэта радзіма помнікаў Леніну. У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Леніна зрабіў Артур Грубэ.

А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.

Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.

Згодна з падлікамі Дзьмітрыя Кудзінава, маскоўскага культуроляга, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 год у Беларусі зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG