Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Ленін не заўсёды стаіць на месцы


Бабруйск, 2015 год

Беларускі Ленін не заўсёды стаіць на месцы, як усе прывыклі думаць. І хоць правадыр не зьнікае з плошчаў зусім, як у Польшчы ці ва Ўкраіне, але — рухаецца па іх (звычайна з цэнтру на край). Такая зьява сёньня выглядае чыста беларускім фэномэнам. Культурны антраполяг Сьцяпан Стурэйка называе яе «Леніназрухам».

У іх Скандэрбэг, у нас — Ленін

Толькі што выйшла новая кніга полацкага пісьменьніка Вінцэся Мудрова. Найбольшае месца ў ёй займае навэля «Альбанскае танга». Беларус-дальнабойшчык трапляе ў Тырану, дзе на цэнтральнай плошчы стаіць помнік галоўнаму альбанскаму герою Скандэрбэгу.

«А хто ў вас у Беларусі галоўны нацыянальны герой?» — цікавіцца ў яго мясцовы.

«Ленін, відаць, ягонымі помнікамі ўсё скрозь застаўлена», — адказвае зь неахвотаю Мікола з Гомля.

Правадыр не адпускае ад сябе беларусаў, трымае мёртвай хваткай. Ні страху, ні іншых пачуцьцяў ён у душах ужо не выклікае. Але прызнацца ў гэтым наш чалавек ня можа. Спыніце на вуліцы любога мінака, і ён пачне завучана гаварыць, што Ільліч — гэта наша ўсё. Прыехалі нейк да нас палякі з клюбу «гусараў караля Стэфана Баторыя». Гледачы сабраліся. І адна студэнтка «прасунутая» тлумачыць бацьку: гэта таксама наша гісторыя, тата, але перш за ўсё гэта — Ленін, нездарма на плошчы стаіць... Крытычна разважыць, сказаць уголас праўду — значыць наступіць на горла сваёй песьні! Хаця праўда — яна на паверхні: калі Баторы меў непасрэднае дачыненьне да Горадні, быў яе жыхаром, то аб «правадыру пралетарыяту» гэтага сказаць ніяк нельга.

Адным словам: беларус вызнае тую тактыку, якую сам Ленін некалі крытычна акрэсьліў як «крок наперад, два крокі назад». Няўпэўненасьць у сабе, несамастойнасьць у думках, а тым больш у рашэньнях. Таму і бадзяецца, у лепшым разе, статуя з кута ў кут па плошчах у райцэнтрах.

Ссылка ў райцэнтар

Хоць здараліся і прыклады «ссылкі» статуі. Гэта якраз адбылося аднойчы з гарадзенскім Леніным. Недзе Гарбачову рыхтавалі патасны даклад з нагоды 70-годзьдзя «Вялікага Кастрычніка». «Рэвалюцыя працягваецца, дарагія таварышы!», — скончыў яго на высокай ноце апошні генсек. (Я быў дзяжурным па нумары ў «Гродзенскай праўдзе», таму запомнілася...) Партыйнае начальства ў нашым горадзе вельмі ганарылася сабою, было ў тыя дні на сёмым небе ад задавальненьня. Чаму? Таму што вырашыла адзначыць слаўную гадавіну рухам Леніна ўгору.

Свайго Леніна яно пачало саромецца. Нямодны, не шыкоўны, стаіць невысока. А Горадня, між іншым, не райцэнтар, як было некалі, да вайны. Гісторыя замоўчвае: ці самі выйшлі на Азгура, ці ЦК «параіў». Перад гаркамам партыі апынуўся высока над галовамі азгураўскі Ленін. А мясцовага зьнялі, пастамэнт дэмантавалі, статую адправілі ў нейкі райцэнтар, і сьляды згубіліся.

Ленін аўтарства Заіра Азгура ў Горадні перад будынкам гарадзкой адміністрацыі
Ленін аўтарства Заіра Азгура ў Горадні перад будынкам гарадзкой адміністрацыі

Замест працы — статую

Гэта стала апошнім крокам у руху правадыра вышэй ад зямлі, ад людзей. Праўда, перад гэтым я быў сьведкам яшчэ адной замены галоўнай савецкай статуі з тандэтнай на больш шыкоўную. У маленькай Бераставіцы перабудоўвалі плошчу, і дзяшовага Леніна вырашылі замяніць на даражэйшага і паставіць на высокім пастамэнце. Раённы начальнік мне, карэспандэнту абласной газэты, пахваліўся, што плошча разам з новай статуяй абыдзецца ў сто тысяч, але папрасіў лічбу не пісаць, каб не злаваць людзей. Дзіва што: у райцэнтры не было заводаў, і на сто тысяч можна было стварыць сякія-такія працоўныя месцы, а стварылі толькі месца для статуі.

Аднаго Міцкевіча будзе замала

Помнік Леніну ў Наваградку, лістапад 2016 году
Помнік Леніну ў Наваградку, лістапад 2016 году

Часы апошніх спробаў узвысіць Леніна неўпрыцям зьмяніліся часамі зьнявагі паасобных гіпсавых і цэмэнтных бюстаў. Былі выпадкі і разбурэньня. На Гарадзеншчыне, дзе я сачыў за «ленінскай тэмай», цалкам афіцыйна меліся разбурыць дзьве статуі. Перш у Наваградку, калі рамантавалі плошчу да 200-годзьдзя Адама Міцкевіча. Ленін развальваўся на вачах — ня вытрымаў клімату. Каб не пакінуць жыхароў сам-насам зь бюстам паэта, з Горадні прыслалі галаву Ільліча. Стаяла яна ў падвале аблвыканкаму, а некалі, сам быў сьведкам, яе трымалі за сьпінамі прэзыдыюму ў вялікай залі паседжаньняў. Галаву паставілі ў Наваградку ў куце плошчы, бліжэй да касьцёла.

Спэцыялістаў па вырабе Ільліча не засталося

Помнік Леніну ў Лідзе — сёньняшні выгляд
Помнік Леніну ў Лідзе — сёньняшні выгляд

​Калі ў суседняй Лідзе ўзяліся за плошчу і за статую, яна пачала развальвацца ў руках. І гарадзкі архітэктар мне паведаміў, што вырашана ад Леніна пазбыцца. І, што галоўнае, не шукаць новага. Бо спэцыялістаў па яго вырабе не засталося.

Мне проста ня верылася, але было прыемна: Ліда — горад мне блізкі. Але ў беларусаў так проста не бывае, калі справа датычыць правадыра. Пэнсіянэры напісалі «цялегу»: жыць ня можам бязь Леніна! Архітэктара зьнялі, статую адрамантавалі і паставілі за пэрымэтрам плошчы — у прысадах.

Да Леніна прыставілі Сталіна

Але першым прыкладам руху правадырскай статуі стала ў вобласьці Сьвіслач. Тамтэйшы Ленін быў вельмі халтурны, калі казаць шчыра. З плошчы яго прыбралі ў «алею герояў», дзе падмацавалі пазьней Сталіным, які быў ня большым «шэдэўрам» за Ільліча.

Помнік Леніну ў Сьвіслачы
Помнік Леніну ў Сьвіслачы

«Леніназрух» і «Дажынкі»

Сьцяпан Стурэйка называе і іншыя адрасы пераносу — Ашмяна, Кобрынь. Беларусь пайшла сваім шляхам: «леніназрух» звычайна намячаецца там, дзе рамантуюць райцэнтар да «Дажынак», кажа ён. Разам з рухам адбываецца нярэдка паніжэньне. Бабруйскі правадыр стаяў высока, быў спалучаны з гранітнымі трыбунамі для начальства. Васьмімэтровы пастамэнт пакрылі чорным лабрадарытам. Як на райцэнтар, нават занадта шыкоўна. А як надышла чарга праводзіць «Дажынкі» ў Бабруйску, Леніна панізілі да двух мэтраў, а трыбуны наагул разбурылі.

На што яшчэ нясьмелы беларус можа наважыцца? Сьцяпан Стурэйка заўважае, што часам пасьля пераробкі пастамэнту зьнікае подпіс. А як вядома, непадпісаны помнік лічыцца ў нас звычайна ўсяго толькі «паркавай скульптурай».

Правадыр пад беларускім соўсам

Яшчэ адна мясцовая адметнасьць: подпіс на пастамэнце калі рабілі, то часьцей па-расейску. Пісьменьнік з Мастоў Лявон Вашко любіў нагадаць, што Ленін мастоўскі мае, аднак, беларускі подпіс. Райцэнтру зрабіў ласку некалі вядомы скульптар Анікейчык, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР ад мастоўскай акругі.

Што яшчэ дадаць? На журфаку некалі мы вывучалі ленінскую публіцыстыку, спэцкурс. І адна лекцыя была прысьвечаная «Леніну — майстру нэкралёгу». А потым нашым дэканам паставілі галоўнага ў беларускай літаратуры аўтара твораў пра Ільліча. Так выйшла, я стаў працягваць тэму: толькі ў маіх апавяданьнях Ленін нежывы, адно ў выглядзе статуі. І лёс правадыра не заўсёды бестурботны.

Статычная нязрушнасьць помнікаў мяне не задавальняла, і аднойчы я прымусіў статую зьлезьці з пастамэнту, каб змыць абразьлівы надпіс. Ня думаў, што неўзабаве сапраўды пачнецца сякі-такі «Леніназрух», які калісьці можа ператварыцца ў нешта больш рашучае. Але пажывем — пабачым. Як гэта прынята ў абачлівых беларусаў.

І, думаецца мне, адна з асноўных адметнасьцяў беларускага стаўленьня да ленінскіх статуй — імкненьне ўратаваць, нават калі «пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы». Не сакрэт: многія помнікі маюць абмежаваны тэрмін, зробленыя з гіпсу або цэмэнту. Аднак беларусы ўпарта, насуперак часу і лёгіцы, імкнуцца «тэрмін прыдатнасьці» статуй працягнуць. Праўдамі і няпраўдамі. Так што нас нават можна сьмела назваць рэаніматарамі помнікаў правадыра.

«Ленінскі суботнік: не забыць дзяркач!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG