Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ленінскі суботнік: не забыць дзяркач!»


Бюст Леніна у пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна»

Хутка дзень народзінаў Леніна, а значыць, у Беларусі ў бліжэйшую да гэтага дня суботу — суботнік.

Цяпер агульнанацыянальныя суботнікі захаваліся толькі ў Беларусі і Ўзбэкістане, а калісьці для ўсіх савецкіх грамадзянаў яны былі звыклай завядзёнкай. Мне згадваецца студэнцкі суботнік 1984 году. У Менску тады рыхтаваліся да адкрыцьця мэтрапалітэну, і нас, студэнтаў, у якасьці бясплатнай працоўнай сілы ў дзень Ленінскага суботніка прывялі з плошчы Леніна на плятформу ўжо амаль гатовай станцыі «Плошча Леніна» чысьціць ды націраць гранітную падлогу. А ў пераходзе станцыі тады якраз усталёўвалі вялікі бронзавы бюст Ільіча.

Днямі, ідучы праз гэты пераход, я кінуў позірк на ленінскую скульптуру і ня змог стрымаць усьмешку. На тле пацямнелай бронзы яркім золатам зіхацеў нацёрты да бляску нос Ільіча. Увогуле, гэта старая турысцкая завядзёнка, характэрная для многіх гарадоў сьвету: дакранацца «на шчасьце» ды «на ўдачу» да розных бронзавых дэталяў гарадзкіх скульптур. Праўда, звычайна гэта фігуры палітычна нэўтральныя — найчасьцей якія-небудзь міталягічныя, фальклёрныя ці казачныя пэрсанажы. Правадыра сусьветнага пралетарыяту я пабачыў у такой ролі ўпершыню. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму гэта было б расцэнена сама меней як ідэалягічная дывэрсія: да скульптуры прыставілі б міліцыянта, нос тэрмінова зафарбавалі, скульптуру агарадзілі, вінаватых у шараваньні носа арыштавалі...

А сёньня ўсе, не хаваючыся, пасьміхаюцца — і мінакі, і ахоўнікі мэтро, і міліцыянты, і турысты.

«Ленінскі суботнік: не забыць дзяркач!», — пісалі мы на загад настаўніцы напамін у сваіх школьных дзёньніках кожны год напярэдадні апошняй суботы перад днём народзінаў У. І. Леніна 22 красавіка. Узяць з сабой на суботнік патрабавалася менавіта дзяркач — ня венік і не мяцёлку. На нашым школьным двары, падобным на вытаптаны вясковы выган, са звычайным венікам рабіць не было чаго. Шматгадовы дзёран і ўтаптаныя земляныя сьцежкі браў толькі дзяркач.

Мы, вядома, ведалі, што ў нас у савецкай краіне найлепшая ў сьвеце сыстэма адукацыі. А пра тое, чаму ў гэтай сыстэме не хапае грошай калі не на асфальтаваныя дарожкі ў нашай школе, то хоць бы на дзеркачы, мы пытаньняў не задавалі. Магчыма, таму, што іншых школ ніколі ня бачылі.

Галоўным сымбалем «ленінскага камуністычнага суботніка» для многіх пакаленьняў савецкіх людзей быў вобраз Леніна зь цяжкім бервяном на плячы. Вобраз гэты ўвасоблены ў дзясятках, калі ня сотнях жывапісных і графічных мастацкіх працаў, а таксама ў анэкдоце пра «надзіманае бервяно».

«На суботніку». Рэпрадукцыя з малюнка савецкага мастака Дзьмітрыя Налбандзяна
«На суботніку». Рэпрадукцыя з малюнка савецкага мастака Дзьмітрыя Налбандзяна

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Ільіч цягаў бярвёны ў Крамлі на першым Усерасійскім суботніку 1 траўня 1920 году. Для мяне ў дзяцінстве вялікай загадкай было, навошта ў Крамлі, у якім яшчэ з XVI стагодзьдзя няма ніводнай драўлянай пабудовы, спатрэбіліся гэтыя бярвёны. Настаўніца гісторыі, калі я ў яе пра гэта пацікавіўся, глыбока задумалася — і параіла мне не задаваць больш правакацыйных пытаньняў. Зрэшты, на наступны дзень яна вярнулася да гэтай размовы, бо тэма, відаць, зачапіла і яе.

«Ты не забыў, які быў тады час? — строга паглядзела яна на мяне. — Грамадзянская вайна, разруха, у сталіцу не маглі даставіць вугаль. А бярвёны былі патрэбныя на дровы, для ацяпленьня Крамля».

Гледзячы на яе трыюмфальны выгляд, мне карцела заўважыць, што ў траўні ацяпляць Крэмль было ўжо не абавязкова (тым больш падчас разрухі). Але — прамаўчаў, каб не псаваць дзёньнік.

Ужо значна пазьней, слухаючы ў Крамлі расповед маскоўскага гіда, я згадаў тое сваё дзіцячае пытаньне. І пачуў у адказ, што Ленін разам зь іншымі супрацоўнікамі Саўнаркама 1 траўня 1920 году ачышчалі Крэмль ад завалаў і барыкад, што заставаліся там з часоў узброенага супраціву юнкераў і студэнтаў у кастрычніку 1917-га. Больш за 300 маладых хлопчыкаў склалі тады галовы, спрабуючы абараніць Маскву ад бальшавікоў. Напамінам пра тое — адзін з самых шчымлівых рамансаў Аляксандра Вярцінскага, за які шансанье ня раз цягалі на допыты ў ВЧК:

«Я не знаю, зачем и кому это нужно,
Кто послал их на смерть недрожавшей рукой,
Только так беспощадно, так зло и ненужно
Опустили их в вечный покой...»

Ленін, дарэчы, на тым суботніку доўга не затрымаўся: празь некалькі гадзін адбыў на ўрачыстую цырымонію закладаньня помніка Карлу Марксу.

Ленін трымае бервяно (апошні ў шэрагу) на першамайскім суботніку 1920 году, фота
Ленін трымае бервяно (апошні ў шэрагу) на першамайскім суботніку 1920 году, фота

У сёньняшняй Беларусі практыка суботнікаў стараньнямі ўлады захавалася. І хоць ніхто не называе іх «ленінскімі» і «камуністычнымі», прызначаюцца яны акурат у той самы час, што і за камуністамі — у апошнюю суботу перад днём народзінаў Леніна. Аляксандар Лукашэнка ў гэты дзень звычайна што-небудзь бэтануе ці займаецца мулярскай працай — на будоўлі чарговага лядовага палаца ці якой-небудзь новай спартовай арэны. Ролю ленінскага бервяна выконваюць кельма муляра, будаўнічая каска і бэтонамяшалка. Напэўна, гэта павінна натхніць шырокія народныя масы на бясплатную працу дзеля грамадзкіх інтарэсаў. Калі ўжо кіраўнік краіны стаў на месца простага будаўніка і так завіхаецца, то што казаць пра астатніх!

Аляксандар Лукашэнка нясе бервяно на суботніку 24 красавіка 2017 году
Аляксандар Лукашэнка нясе бервяно на суботніку 24 красавіка 2017 году

Але калі прыгледзецца да гэтай ачэпленай кардонамі міліцыі і спэцслужбаў спэцбудпляцоўкі, калі падлічыць, ува што абыходзіцца дзяржаўнаму бюджэту імітацыя чыноўніцкага працоўнага энтузіязму — у бясплатнасьці і грамадзкай карыснасьці гэтай працы ўзьнікаюць вельмі вялікія сумневы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG