Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі захоўваецца такі рудымэнт савецкага часу, як суботнік?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: У суботу 22 красавіка ў Беларусі адбыўся так званы «рэспубліканскі суботнік». Аляксандр Лукашэнка працаваў на будаўніцтве Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, які ўзводзіцца на праспэкце Пераможцаў у Менску.

Беларусь, здаецца, адзіная краіна, дзе ладзіцца такое мерапрыемства. Ну, можа яшчэ ў Паўночнай Карэі нешта падобнае адбываецца. Адразу ўзьнікае пытаньне: чаму і навошта?

Палітычная анатомія гэтай зьявы даволі складаная і шматслойная. Найперш, гэта настальгія па савецкіх традыцыях, якая моцна сядзіць у сьвядомасьці Лукашэнкі. Пра гэта сьведчаць і Ўсебеларускія народныя сходы, падобныя на зьезды КПСС, якія прымаюць пляны на пяцігодку, і нацыянальная сымболіка, і назвы вуліц, і шмат іншага. У гэтым сэнсе вельмі сымбалічна бервяно, якое нёс кіраўнік дзяржавы са сваім атачэньнем. Такое па-дзіцячаму непрыхаванае жаданьне параўнаць сябе зь Леніным.

У таталітарнай культуры добраахвотная праца на карысьць дзяржавы — гэта прыкмета ляяльнасьці краіне, дзяржаве, існаму рэжыму.

Акрамя таго, у таталітарнай культуры добраахвотная праца на карысьць Радзімы, дзяржавы — гэта сродак кансалідацыі грамадзтва. Больш за тое, гэта прыкмета ляяльнасьці краіне, дзяржаве, існаму рэжыму. І дзеля падтрыманьня такой традыцыі абавязкова павінна быць дамінаваньне дзяржаўнай уласнасьці ў эканоміцы. Бо суботнік у краіне, дзе дамінуе прыватная ўласнасьць, выглядаў бы недарэчна.

Ну, і культ працы, як элемэнт недэмакратычнай палітычнай культуры. У межах такой культуры праца — гэта не эканамічная катэгорыя, якая павінна прыносіць эфэкт, прыбытак. Гэта катэгорыя маральная, нават палітычная. Узгадаем, як Лукашэнка тлумачыў прычыны зьяўленьня дэкрэта аб дармаедах. Ён казаў, што гэта дэкрэт не эканамічны, а ідэалягічны, маральны. І я тут цалкам зь ім згодзен. У нядаўнім пасланьні Нацыянальнаму сходу Лукашэнка яшчэ раз падкрэсьліў, што трэба ўсіх прымусіць працаваць, бо чалавек бяз працы — гэта патэнцыйны злачынца. Таму трэба даць усім працу, няхай чысьцяць вуліцы, зьбіраюць камяні на полі, але павінна быць усеагульная занятасьць. Лішне казаць, што такое ўяўленьне аб працы ня мае ніякага дачыненьня да рынкавай эканомікі.

І зьвярніце ўвагу: пад працай Лукашэнка разумее менавіта фізычную працу. Можна было б паказаць, што прэзыдэнт у дзень рэспубліканскага суботніка выйшаў на працу, правёў нараду ў адміністрацыі, прыняў з дакладамі міністраў. Бо ў гэтым жа палягае прэзыдэнцкая праца. Але не — ён кожны год падчас суботніка нешта будуе, мяшае бэтон ці, вось, носіць бервяно.

У рэальнасьці, калі казаць пра ўсю краіну, то, як звычайна ў Беларусі, адбываецца сымуляцыя, прафанацыя вялікай ідэі. Ва ўстановах замест працы на суботніку ў супрацоўнікаў зьбіраюць грошы.

Цыганкоў: Суботнік павінен ствараць ілюзію еднасьці, працавітасьці, ляяльнасьці дзяржаве. Нават апазыцыйна настроеныя да ўлады людзі, калі яны працуюць у дзяржаўнай сфэры — тыя ж настаўнікі, дактары, чыноўнікі — ня маюць фактычна магчымасьці прапусьціць суботнік. Тэарэтычна такая магчымасьць ёсьць, але гэта азначае проціпастаўленьне сябе калектыву, уладзе — ня кожнаму хочацца на гэта ісьці.

Няважна, якую пасаду ты маеш, якія твае прафэсійныя здольнасьці — у суботнік ты павінен падмятаць, чысьціць, фарбаваць, карацей, рабіць фізычную працу, якую можна пабачыць.

Таксама, як слушна адзначыў Валер, важны аспэкт — менавіта фізычная праца. Няважна, якую пасаду ты маеш, якія твае прафэсійныя здольнасьці — у суботнік ты павінен падмятаць, чысьціць, фарбаваць, карацей, рабіць фізычную працу, якую можна пабачыць. Каб кожны быў роўны, не адрозьніваўся ад іншых.

Таму суботнік — гэта такі атавізм у выхаваньні абшчыннасьці, ляяльнасьці дзяржаве, падтрыманьня грамадзтва ў гэтым стане. Гэта нагадвае войска, дзе шмат якія дзеяньні ствараюць уражаньне іх бессэнсоўнасьці. Але на самой справе калі салдат да абеду нешта выкопвае, а пасьля абеду тое самае закопвае, то гэта мае толькі адзін сэнс — выхаваньне здольнасьці падпарадкоўвацца любым загадам, выхаваньне дысцыпліны.

Дракахруст: На постсавецкай прасторы ёсьць куды больш рэпрэсіўныя рэжымы, чым беларускі — скажам, туркмэнскі ці ўзбэцкі, ды і Азэрбайджан і Казахстан — зусім не аазісы свабоды. Але такой канцэнтрацыі, колькасьці савецкіх і квазісавецкіх аксэсуараў, як у Беларусі, ня знойдзеш хіба нідзе.

Лукашэнка ў 2006 годзе, на цырымоніі адкрыцьця новай нацыянальнай бібліятэкі, сказаў: «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу». Такое ніколі не сказаў бы ня толькі ніводзін украінскі ці малдоўскі лідэр, не сказаў бы і Пуцін. Ён і не казаў такога, дарэчы. Не сказалі і не казалі нічога такога і туркмэнскія, і ўзбэцкія дэспаты, не казаў і Назарбаеў.

Нават расейцы здрадзілі савецкім ідэалам, а беларусы захавалі вернасьць. Так Лукашэнка і вызначае беларусаў — як народ, які застаўся верным.

Нядаўна Сьвятлана Калінкіна дзялілася сваімі ўражаньнямі ад наведваньня Ташкенту, распавядала, які велічэзны там мэмарыял ахвяраў сталінскага тэрору. Ніводная з краінаў нават Цэнтральнай Азіі не разглядае савецкі досьвед як узор ці кропку адліку.

А ў Беларусі гэта пэўная мадэль будаўніцтва нацыі. Беларусы, паводле Лукашэнкі, ня толькі «рускія са знакам якасьці», яны — нашчадкі Савецкага Саюзу. І яны адны — сапраўдныя яго нашчадкі. Нават расейцы здрадзілі савецкім ідэалам, а беларусы захавалі вернасьць. Так Лукашэнка і вызначае беларусаў — як народ, які застаўся верным.

Хаця зь іншага боку, вы, Валер, маеце рацыю, што гэта імітацыя, гэта «квазі», гэта фэйк. І ніякага энтузіязму не выклікаюць гэтыя суботнікі. І мы ж з вамі выдатна ведаем, як яно адбываецца шмат дзе — пару гадзін папрацуюць, а потым разьліваецца гарэлачка, кілбаска наразаецца, і народ адзначае «вялікі пачын».

Вы працытавалі словы Лукашэнкі з пасланьня наконт дэкрэту № 3, што мэта яго — прымусіць людзей працаваць. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы ізноў прыгадаў савецкі досьвед. Ніяк безь яго. Але мы ж памятаем савецкі досьвед — гэта быў крымінальны артыкул за дармаедзтва.

Хіба Лукашэнка прапанаваў нешта падобнае? Не. Усё ж такі гэта гульня — гульня сымбалямі, гульня паняцьцямі. Але грамадзтва ўжо іншае, ужо не савецкае. Але гэтыя аксэсуары — яны застаюцца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG