Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі атавізм. Суботнікі ў Беларусі — бясплатная праца на дзяржаву


22 красавіка па ўсёй Беларусі пройдзе «агульнарэспубліканскі суботнік». Яго правядзеньне рэглямэнтуецца адмысловай пастановай Савету міністраў.

Згодна з дакумэнтам, органам дзяржаўнага кіраваньня і падначаленым ім арганізацыям рэкамэндавана на «добраахвотнай аснове» зладзіць адпаведныя мерапрыемствы на працоўных месцах або прывесьці ў належны выгляд прылеглую тэрыторыю.

Сродкі, заробленыя ў суботу, якая аўтаматычна робіцца працоўнай, разьмяркуюць наступным чынам: 50% пералічаць Міністэрству фінансаў, астатняя палова застанецца ў распараджэньні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму.

Міністэрства транспарту мусіць забясьпечыць бесьперабойную працу пасажырскага транспарту, а Міністэрства інфармацыі — асьвятленьне кампаніі ў дзяржаўных СМІ.

У першай палове 1990-х суботнікаў у Беларусі не было

Савецкая традыцыя ладзіць суботнікі спынялася ў Беларусі на кароткі час — ад абвяшчэньня незалежнасьці да пачатку праўленьня Аляксандра Лукашэнкі. Першы прэзыдэнт ня толькі рэанімаваў калектыўную бясплатную працу, але і ўласным прыкладам заахвочваў добраўпарадкаваць той ці іншы аб’ект.

Менавіта падчас аднаго з такіх суботнікаў грамадзтва даведалася, што ў кіраўніка краіны ёсьць малодшы сын. У 2008 годзе бацька прывёў на будаўнічую пляцоўку комплексу «Менск-Арэна» малога Міколку: для яго адмыслова пашылі спэцадзеньне, нават зрабілі плястмасавую міні-каску і рыдлёўку.

Першае зьяўленьне Мікалая Лукшэнкі на публіцы 19 красавіка 2008 году
Першае зьяўленьне Мікалая Лукшэнкі на публіцы 19 красавіка 2008 году

Ад таго часу Лукашэнка год ад году наведвае з грамадой чыноўнікаў будоўлі дзяржаўнай важнасьці. Летась ён працаваў на рэканструкцыі менскага стадыёну «Дынама», у ранейшыя гады адрасамі суботнікаў былі паліклініка ў сталічнай Каменнай Горцы, акушэрска-гінэкалягічны корпус 5 клінічнага шпіталя, плошча Дзяржаўнага сьцяга каля новай рэзыдэнцыі, аквапарк «Лябяжы», спарткомплекс «Чыжоўка», пляцоўка будучага музэя вайны, Нацыянальная бібліятэка. Сёлета побач з Палацам незалежнасьці пачалі ўзводзіць пампэзны будынак Вярхоўнага суду. Вялікая верагоднасьць, што Лукашэнка з падначаленымі будзе класьці цэглу і там.

Аляксандар Лукашэнка на суботніку на стадыёне «Дынама» ў 2016 годзе
Аляксандар Лукашэнка на суботніку на стадыёне «Дынама» ў 2016 годзе

Сасноў: Прымусовая праца за «дзякуй» — савецкі атавізм

Аляксандар Сасноў, міністар працы Беларусі ў сярэдзіне 1990-х, жаданьне скарыстаць з дармавой працы называе савецкім атавізмам, які ў цывілізаваным грамадзтве прадэманстраваў сваю нежыцьцяздольнасьць:

«Пасьля таго як у выніку абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту з улады пасунулі камуністаў, суботнікаў ня стала. Зрэшты, іначай і быць не магло, шлях разьвіцьця быў абраны іншы. Як выявілася, волі хапіла ненадоўга... А ў рамках той ідэалёгіі, якую вызначае і насаджвае грамадзтву сёньняшняя ўлада, усё цалкам лягічна — увесь саўковы антураж адпавядае яе духу, сутнасьці. Апэляваць да канстытуцыйных правоў, да сумленьня, да маралі бессэнсоўна: калі ім трэба, яны цынічна плююць на ўсе правы, дэкляраваныя законамі, Канстытуцыяй. Нездарма тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, азадачвае ня толькі суседзяў, а кожнага адэкватнага беларуса. На жаль, гэта ўжо справа клінічная, звароты да здаровага сэнсу не дапамогуць».

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

Адзінае, што беларускія ўлады адкарэктавалі — адмовіліся ад прывязкі да Леніна. Калі за часамі СССР грамадзян заклікалі на «ленінскі камуністычны суботнік», то цяпер абмяжоўваюцца «агульнарэспубліканскім». А вось дату зьмяніць не наважыліся — усё тое ж 22 красавіка, дзень нараджэньня правадыра ўсясьветнага пралетарыяту.

Нават позьняя генэрацыя постсавецкіх людзей асацыюе суботнік найперш з прапагандысцкай выявай, на якой Ленін і пралетарыі цягнуць некуды бервяно. Аднак сам Ільіч ня ёсьць пачынальнікам руху, ён толькі абгрунтаваў «вялікі пачын» у аднайменным артыкуле.

10 траўня 1919 году на Маскоўска-Казанскай чыгунцы адбыўся першы масавы камуністычны суботнік. Было заяўлена, што прадукцыйнасьць працы аказалася вышэйшая за звычайны паказьнік на 270%.

А папярэднічала гэтаму ініцыятыва паўтара дзясятка рабочых дэпо Масква-Сарціровачная, якія пасьля заканчэньня працоўнага дня вырашылі папрацаваць бясплатна — каб паспрыяць «найхутчэйшай перамозе над Калчаком». У ноч на 12 красавіка 1919-га адрапартавалі пра тры дадаткова адрамантаваныя паравозы.

На наступны год быў абвешчаны ўсерасейскі суботнік-маёўка, у якім толькі ў Маскве ўзялі ўдзел амаль паўмільёна чалавек. У іх ліку і Ўладзімір Ульянаў-Ленін, які ў двары Крамля падставіў плячо пад славутае бервяно. Адкуль сярод муроў такі будматэрыял — спрачаюцца дагэтуль.

Ленін дапамагае несьці бервяно (трымае пры канцы) на суботніку ў Маскве 1 траўня 1920
Ленін дапамагае несьці бервяно (трымае пры канцы) на суботніку ў Маскве 1 траўня 1920

«Ініцыятыва зьнізу» хутка знайшла падтрымку ў вярхах, і наступныя восем дзясяткаў гадоў ленінскія суботнікі былі неад’емнай часткай савецкай ідэалягічнай мадэлі. Дзеля справядлівасьці, сфэра дармавой ці ўмоўна аплатнай дзейнасьці імкліва пашыралася: дружыньнікі-добраахвотнікі сачылі за грамадзкім парадкам, школьнікі і студэнты выбіралі бульбу, салдаты дапамагалі цывільным, зэкі будавалі каналы, а камсамольцы — БАМ.

Энцыкляпэдыя тлумачыла «суботнік» вельмі навукова: «добраахвотнае і бясплатнае калектыўнае выкананьне ў звышнармаваны час грамадзка-карыснага працоўнага заданьня, якое першапачаткова адбывалася ў выходны дзень, найчасьцей у суботу».

Чыгір: Гэта не найбольшая праблема сучаснай Беларусі

Міхаіл Чыгір, першы кіраўнік ураду пры новаабраным прэзыдэнце Лукашэнку, у той ці іншай ступені спрычыніўся да рэанімацыі перажытку мінулага. У сярэдзіне 1990-х сам мясіў цэмэнт і махаў рыдлёўкай. Не ў захапленьні ад жаданьня дзяржавы спагнаць лішнюю капейчыну, але ня думае, што гэта найбольшая праблема, на якую варта зьвяртаць увагу:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

«Памятаю, што ў бытнасьць прэм’ерам некалькі разоў сам удзельнічаў у суботніках. Але гэта такая справа, што яна асабліва не перашкаджае жыцьцю людзей — адрозна ад шмат чаго іншага. Каб толькі суботнікамі мы адрозьніваліся ад іншых, было б яшчэ ня так і дрэнна. На жаль, ёсьць маса нявырашаных праблемаў, якія засланяюць сабой, як вы кажаце, гэты перажытак мінулага. Наогул у нас шмат чаго захавалася ад камуністычных часоў, але ж такая сутнасьць цяперашняй улады, што ты ёй скажаш? Вядома, нічога добрага ў прымусовай працы няма. Зь іншага боку, нават калі бюджэтнікі выйшлі і адзін дзень памахалі венікамі, пра якія звышпрыбыткі можна гаварыць? Сумняюся, што бюджэт дзякуючы гэтаму мае вялікі плюс».

Год таму прэзыдэнцкая газэта «Советская Белоруссия» надрукавала справаздачу па выніках агульнарэспубліканскага суботніка-2016: «На славу папрацавалі больш за 3 мільёны беларусаў. Зарабілі 67 мільярдаў рублёў, аб’ём вытворчасьці прамысловай прадукцыі ў гэты дзень наблізіўся да адзнакі 143 мільярды».

Гэта адпаведна 3,5 мільёна і больш за 7 мільёнаў даляраў у эквіваленце — ня так і мала для аднаго дня.

Узбэцкая талака ў духу беларускага суботніка

Паколькі паняцьце «суботніка» ў гэтым савецкім сэнсе атрымала распаўсюд толькі ў межах Савецкага Саюзу, то і вядомае яно ў краінах, якія ўзьніклі пасьля развалу СССР. І тое збольшага па інэрцыі: суботнікамі называюць любое добраўпарадкаваньне тэрыторыі сіламі саміх супрацоўнікаў. Толькі ў Беларусі яны захавалі ранейшыя маштабы і — сьвядома ці выпадкова — супадаюць з днём нараджэньня Леніна, помнікі якому дагэтуль дамінуюць у беларускім гарадзкім пэйзажы.

Суботнік у Ташкенцэ
Суботнік у Ташкенцэ

Найбліжэй да Беларусі ў пляне эксплюатацыі бюджэтнікаў стаіць Узбэкістан. Гэта пры тым, што пры Ісламу Карымаву ў краіне прайшла магутная хваля дэкамунізацыі, усе савецкія сымбалі апынуліся на гістарычным сьметніку. Як кажа Свабодзе праваабаронца Шухрат Ганіеў, двойчы на год улады браніруюць выходныя — перад Наўрузам і Днём незалежнасьці. Толькі цяпер — пад маркай народнай традыцыі «хашар». «Хашар» — гэта добраахвотная і безграшовая дапамога тым, хто мае патрэбу, накшталі талакі. Сёньня «хашар» трактуюць як сьвяты абавязак дапамагчы роднай дзяржаве. Як мінімум — прыбраць тэрыторыю.

Шухрат Ганіеў
Шухрат Ганіеў

Аднак, паводле суразмоўцы, асноўная адпрацоўка ссунутая на восень, калі пачынаецца масавы збор бавоўны. На плянтацыі зганяюць усіх — ад дзяцей да нямоглых: «Усе як адзін „добраахвотна“ зьбіраем ураджай», — з іроніяй кажа суразмоўца:

«Бавоўна — пытаньне № 1 для нацыянальнай эканомікі. Яе экспартуюць, на ёй зарабляюць валюту. Былі выпадкі, калі пастаўкі байкатавалі за тое, што выкарыстоўваецца дзіцячая праца. Некаторыя краіны, як Вялікая Брытанія, нават заклікалі не купляць узбэцкую бавоўну. Самы вялікі імпартэр узбэцкай бавоўны сёньня Банглядэш, дзе сытуацыя з прымусовай працай таксама ня ўзорная. Былі публікацыі, што пад экспарт бавоўны ва Ўзбэкістане існуе закрыты рахунак, які кантралюецца вышэйшым кіраўніцтвам. Спраўдзіць ці абвергнуць нешта складана, бо доступу да гэтых сфэраў грамадзтва ня мае. Але традыцыя добраахвотна-прымусовай працы — факт бясспрэчны».

Збор бавоўны ў Узбэкістане
Збор бавоўны ў Узбэкістане

Па зьвестках Шухрата Ганіева, прыбіраць вуліцы і двары ў гэтую суботу выйдуць і бюджэтнікі ў суседнім Таджыкістане. У гэтай краіне мэтадам, аналягічным хашару, будуюцца садкі, школы, шпіталі.

Спакуса скарыстаць адміністрацыйны рэсурс

У Расеі суботнікі спрабаваў аднавіць колішні мэр Масквы Юры Лужкоў. Спачатку ініцыяваў вяртаньне «слаўнай традыцыі» перад расейскім урадам, а калі там яму адмовілі, заклікаў папрацаваць на карысьць мэгаполісу саміх жыхароў — нават у агітацыйных мэтах прайшоў па цэнтры гораду зь бервяном. Але нават у гарадзкім маштабе з гэтага нічога ня выйшла.

Ніна Меграбян некалькі гадоў таму пераехала зь Беларусі на радзіму сваіх бацькоў у Армэнію. У абедзьвюх краінах адзначылася прасоўваньнем праектаў у розных галінах, займае актыўную грамадзянскую пазыцыю. Кажа, часам нядрэнна было б арганізаваць народ на сумесную працу, але ў чыноўнікаў не ўзьнікае спакусы скарыстаць адміністрацыйны рэсурс:

«Ніхто ня можа прымусам некага выгнаць працаваць, тым больш задарма. З аднаго боку, гэта важна, бо людзі застрахаваныя ад самадзейнасьці чыноўнікаў. Зь іншага — навокал брудна, шмат сьмецьця. Калі камунальныя службы не даюць рады, гэтым павінны займацца самі гараджане. Ёсьць некалькі малых няўрадавых ініцыятываў, якія намагаюцца нешта зрабіць. На жаль, пакуль каэфіцыент карыснага дзеяньня ў іх невысокі. Прынамсі двары, завулкі гэта не ратуе. Але дзяржаўнага рэгуляваньня, як у Беларусі, тут у Армэніі няма. Урад да гэтай дзейнасьці ніяк не далучаны».

Ніна Меграбян
Ніна Меграбян

Людзі спрадвек дапамагалі адно аднаму, не чакаючы адмысловай урадавай пастановы — разам апрацоўвалі зямлю, нарыхтоўвалі лес, будавалі храмы. У розных народаў нашага рэгіёну супольная праца мае падобныя назвы: «талака» ў беларусаў, «тлака» ў баўгараў і «tlaka» ў латышоў, «talka» ў літоўцаў, «talkoot» у фінаў.

Такія кампаніі існуюць дагэтуль, яны не абстаўленыя ідэалягічным складнікам і скіраваныя найперш на добраўпарадкаваньне — тэрыторыі пражываньня, гарадзкіх паркаў, узбочын дарог, магіл. Прыкладам талакі ў Беларусі можна лічыць навядзеньне парадку на месцы расстрэлаў і пахаваньняў «ворагаў народу» ў Курапатах. Карысьлівы інтарэс да ўрочышча ўзьнік у дзяржавы толькі апошнім часам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG