Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вуліцах Маладэчна зьявіліся плякаты супраць прымусовай працы школьнікаў і студэнтаў


24 студзеня актывісты грамадзкага абʼяднаньня «Альтэрнатыва» расклеілі ў Маладэчне інфармацыйныя плякаты — «Спыніце рабскую працу школьнікаў і студэнтаў!», «Стоп прымусовай працы дзяцей!», «Цябе прымушаюць да працы ў калгасе? Накіроўваюць на прыбіраньне сьнегу? Памятай пра свае правы! Інфармуй аб такіх выпадках».

Плякаты зьявіліся на прыпынках гарадзкога транспарту, афішах і рэклямных стэндах, а таксама каля некаторых навучальных устаноў.

«З дапамогай гэтага мы яшчэ раз хочам зьвярнуць увагу мясцовай улады і грамадзкасьці на праблему працоўных павіннасьцей і выкарыстаньня дзеля гэтага школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. На жаль, у нашых рэгіёнах уладныя структуры працягваюць савецкую традыцыю — задзейнічаць моладзь для сэзоннай працы ў калгасах, прыбіраньня сьнегу ў горадзе, суботнікаў і г.д.

Апроч таго, пэрыядычна ўлады прыцягваюць да гэтага працэсу школьнікаў, якім нават ня споўнілася 14 гадоў, што ўвогуле знаходзіцца за межамі чалавечай маралі і тым больш пад забаронай дзейнага заканадаўства. І якраз у маладэчанскім рэгіёне такія выпадкі не аднойчы фіксаваліся ў СМІ, адзін зь іх быў трагічны — падчас збору бульбы на полі загінула 13-гадовая дзяўчына.

Спадзяёмся, што пасьля агучваньня такіх фактаў, а таксама розных акцый і мерапрыемстваў дэмакратычнай супольнасьці, чыноўнікі будуць пазьбягаць гэтай ганебнай практыкі, ці хаця б больш адказна ставіцца да арганізацыі так званага „зьдзяйсьненьня працоўнага подзьвігу“ сярод маладога пакаленьня», — кажа пра сэнс акцыі прэс-служба «Альтэрнатывы».

Распаўсюд плякатаў прайшоў без эксцэсаў.

XS
SM
MD
LG