Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Глыбокім знайшоўся запасны Ленін


У Глыбокім рыхтуюцца ізноў паставіць помнік Леніну ды адсьвяткаваць 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтыя пляны агучыў старшыня райвыканкаму Алег Морхат, заявіўшы, што «гісторыю трэба цаніць». І што, акрамя вуліцы Леніна, у райцэнтры мусіць быць і помнік.

Помніка Леніну ў Глыбокім не было з 2012 году. Яго зьнесьлі, калі да Дня пісьменства рэканструявалі цэнтральную плошчу.

Глыбокае пазбавілася Леніна ў чэрвені 2012-га
Глыбокае пазбавілася Леніна ў чэрвені 2012-га

Цяпер на гэтым месцы створана Алея славутых землякоў. Замест Ільліча ўсталяваныя бюсты фальклярыста і мастака Язэпа Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага, прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага ды іншых знакамітых ураджэнцаў краю.

Помнік Вацлаву Ластоўскаму
Помнік Вацлаву Ластоўскаму

Што да помніка Леніну, то глыбачане дужа не шкадавалі, бо ён меў недарэчны выгляд — многія зь яго сьмяяліся, бо ў гіпсавай выявы правадыра былі надта крывыя ногі. Да таго ж, падчас дэмантажу ён разваліўся на часткі.

Але ў 2015-м годзе, не без падтрымкі гэтай ініцыятывы старшынёй райвыканкаму, у Глыбокім распачаўся збор сродкаў на аднаўленьне помніка. Спадар Морхат адным зь першых пералічыў на адмысловы рахунак мільён тагачасных рублёў. Куды падзеліся грошы з таго рахунку, невядома, бо да аднаўленьня гіпсавага Леніна справа не дайшла. Пасьля аповеду пра памкненьне «рэанімаваць» помнік у незалежных СМІ яно было ўшчэнт раскрытыкаванае. І глыбоцкія ўлады былі вымушаны агучыць вэрсію, што скульптурную выяву рэстаўраваць немагчыма.

Больш грошай ніхто не зьбіраў. Але старшыня райвыканкаму прапанаваў, каб да ўгодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў горадзе зьявіўся хаця б бюст.

Падыходзячы аб’ект быў заўважаны каля школы № 3, дзе тыповы бюст Леніна — з тых, што адлівалі сотнямі і тысячамі — стаяў яшчэ з савецкіх часоў. Цяпер яго вырашылі «падвысіць рангам» — зрабіць артэфактам агульнагарадзкога значэньня, дзеля чаго перанесьці з школьнага двара ў на скрыжаваньне вуліцы Леніна з Інтэрнацыянальнай. Праўда, там няма плошчы, але ёсьць сквэр, дзе змогуць зьбірацца «верныя ленінцы».

Цяпер у Глыбокім праходзіць добраўпарадкаваньне зялёных зон, якое мусіць завяршыцца акурат да 1 лістапада. Што да афіцыйных сьвяткаваньняў сотых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, то ў райцэнтры плянуюць арганізаваць сьвяточную дэманстрацыю і ўрачысты канцэрт з удзелам вэтэранаў, а таксама правесьці вечар сустрэч для «заслужаных камуністаў» — былых кіраўнікоў раёну і райкаму партыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG