Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскі інжынэр прапанаваў дэмантаваць помнік Леніну. Улады адмовілі


Плошча Леніна ў Горадні
Плошча Леніна ў Горадні

Горадзенскія гарадзкія ўлады даслалі адмоўны адказ аўтару пэтыцыі Юрыю Пучко, які ўнёс прапанову дэмантаваць помнік Леніну ў Горадні. Пучко выставіў на плятформе Petitions новы зварот, гэтым разам да абласных уладаў.

У пэтыцыі да горадзенскіх гарадзкіх уладаў Пучко спасылаўся на тое, што ва ўсіх суседніх краінах, акрамя Расеі, помнікі Леніну дэмантавалі і гэтым самым прынялі правільнае рашэньне.

У Горадні пачалі збор подпісаў за дэмантаж помніка Леніну

Паводле ініцыятара збору подпісаў, для многіх турыстаў, якія наведваюць горад, і для саміх гарадзенцаў незразумелы сэнс знаходжаньня помніка Леніну на цэнтральнай плошчы гораду. Пад пэтыцыяй падпісаліся 827 чалавек.

«Ленін вядомы палітык, але да Горадні ён ня мае ніякага дачыненьня»

Юрыю Пучко 27 гадоў, ён скончыў Горадзенскі ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы і працуе інжынэрам-праектавальнікам у адной з будаўнічых кампаній. Што датычыць пэтыцыі аб дэмантажы помніка Леніну, Юры кажа, што думаў пра гэта даўно.

Юры Пучко
Юры Пучко

«Проста ў адзін дзень прыйшла ідэя разьмясьціць пэтыцыю ў інтэрнэце, і я гэта зрабіў», — кажа Юры.

Юрыя цікавіць гісторыя роднага гораду, яго хвалюе, як яе шануюць. Ён ня згодны з тым, што на дзяржаўным узроўні тысячагадовая гісторыя Беларусі падмяняецца яе кароткім адрэзкам, пачынаючы з 1917 году.

Школа, паводле Пучко, не пакінула глыбокіх ведаў пра Леніна, але пазьней ён сам чытаў розныя кнігі і думкі вядомых людзей кшталту Джона Рыда і Аляксандра Салжаніцына.

Помнік Леніну ў Горадні
Помнік Леніну ў Горадні

«Ленін вядомы ў сьвеце палітык, але ён ня мае ніякага дачыненьня да Горадні і наагул да Беларусі, — кажа Пучко. —У нашым горадзе жылі многія вядомыя людзі кшталту Вітаўта Вялікага, Баторыя, Тызэнгаўза, Багдановіча, Быкава, якія шмат зрабілі для Горадні, але памяць аб іх ушанавана вельмі сьціпла альбо наагул не ўшанавана», — сьцьвярджае Пучко.

«Гэтую тэму павінен быў нехта закрануць»

Паводле Пучко, ягоную ініцыятыву станоўча падтрымалі калегі на працы, знаёмыя, сябры, родныя, блізкія людзі. А з крытыкай давялося сутыкнуцца толькі ў камэнтарах пад пэтыцыяй.

Юры Пучко
Юры Пучко

Пучко кажа, што вельмі чакаў жывога абмеркаваньня грамадзтвам гэтай тэмы, паколькі яна як бы вісіць у паветры, пра яе гавораць, але ў краіне з гэтым нічога не адбываецца.

«Гэтую тэму павінен быў нехта закрануць, — перакананы Юры. — Я бачу, што ад уладаў і часткі грамадзтва ёсьць моцны супраціў, і разумею, што ў адзін момант такія пытаньні не вырашаюцца, але, як я зразумеў, недарэчнасьць гэтых помнікаў у Беларусі становіцца відавочнай ня толькі майму пакаленьню, але і людзям, якія жылі ў савецкія часы. А таму гэтую тэму варта абмяркоўваць», — кажа Пучко.

Праўда, адразу дадае, што на плятформе Petitions пабачыў, наколькі ахвотней ставяць подпісы не пад ягонай прапановай, а пад тым, каб зрабіць бясплатным праезд для студэнтаў.

З гарвыканкаму прыйшла адпіска

Адказ на пэтыцыю Пучко атрымаў з подпісам намесьніцы старшыні гарвыканкаму Зоі Кулеша. Чыноўніца, паводле Пучко, замест таго, каб аргумэнтавана выкласьці пазыцыю ўладаў, расьпісала гісторыю ўстаноўкі помніка, спасылаючыся на тое, што цяпер ён «зьяўляецца неад’емным кампазыцыйным акцэнтам плошчы...»

Адказ з гарвыканкаму на пэтыцыю Пучко
Адказ з гарвыканкаму на пэтыцыю Пучко

«Яна спасылаецца на тапанімічную камісію, якая мае права пераймяноўваць вуліцы, а пра дэмантаж помніка ні слова. Увогуле ніякіх аргумэнтаў навошта і дзеля чаго тут павінен знаходзіцца гэты помнік, — зьдзіўляецца Пучко. — А вось у заключэньні вельмі выразна напісана: «Дэмантаж помніка і перайменаваньне плошчы ў найбліжэйшы час не плянуецца», — цытуе Пучко.

«Патрабую грамадзкага абмеркаваньня»

Юры Пучко застаўся незадаволены адказам гарадзкіх чыноўнікаў і напісаў чарговую пэтыцыю, але ўжо ў аблвыканкам.

На плошчы Леніна ў Горадні
На плошчы Леніна ў Горадні

У новай пэтыцыі Пучко піша, што адказ з гарвыканкаму яму дадзены не па сутнасьці, зь яго не зразумела, у чым прычына адмоўнага рашэньня.

«Патрабую, каб гэтае пытаньне было вынесена на грамадзкае абмеркаваньне, бо лічу, што аблічча горада ў першую чаргу павінны вызначаць самі жыхары, а не адміністрацыйны апарат», — піша Пучко абласным чыноўнікам.

Што рабіць з помнікамі Леніну ва ўсёй Беларусі?

Пучко кажа, што задумваўся над гэтай праблемай. Самым лепшым рашэньнем Пучко лічыць тое, як гэта зрабілі ў суседняй Літве. Усе помнікі савецкім дзеячам пазвозілі ў невялічкае мястэчка Грутас, што побач з Друскенікамі, і зрабілі там музэй.

Адбівалі галаву кувалдамі, закладалі выбухоўку: як беларусы змагаліся з помнікамі Леніну

Помнік Леніну ў Горадні ўвечары
Помнік Леніну ў Горадні ўвечары

«Уражаньне цікавейшае і для сваіх грамадзян, і для замежных турыстаў, — кажа Пучко. — Без усякага вандалізму, прыстойна, цікава, і цяпер яшчэ на гэтым чалавек, які стварыў музэй, зарабляе грошы», — канстатуе Пучко.

Юры Пучко лічыць, што ў беларусаў знайшлося б ня менш крэатыўных ідэяў наконт помнікаў савецкім кіраўнікам.

Ленін быў. 34 гарады і мястэчкі Беларусі, дзе больш няма помніка Леніну

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG