Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама і Буш выступілі на памінальнай службе па Маккейну


У Нацыянальным катэдральным саборы ў Вашынгтоне прайшла памінальная імша па амэрыканскаму сэнатару Джону Маккейну, які памёр у мінулую суботу ва ўзросьце 81 год.

На цырымоніі выступілі дачка сэнатара Мэган Маккейн, былы сэнатар Джозэф Лібэрман, вэтэран амэрыканскай палітыкі, былы дзяржсакратар Генры Кісінджэр, а таксама былыя прэзыдэнты Джордж Буш-малодшы і Барак Абама — абодва былі супернікамі Маккейна ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта.

Па словах Абамы, які перамог Маккейна на выбарах 2008 году, сэнатар быў увасабленьнем усяго лепшага, што ёсьць у Амэрыцы.

Прамова Абамы ня раз суправаджалася аплядысмэнтамі і сьмехам прысутных — ён згадваў сэнатара з гумарам. Завяршыў сваю прамову ён, аднак, на сур’ёзнай ноце, сказаўшы, што заўсёды захапляўся Маккейнам як чалавекам, які заўсёды абараняў амэрыканскія каштоўнасьці.

Труну з целам сэнатара, якая ў пятніцу была ўсталяваны ў Ратондзе Капітолія — будынку Кангрэсу ЗША — перавезьлі ў катэдральны сабор. Жалобны картэж па дарозе спыніўся каля нацыянальнага мэмарыялу вайны ў Віетнаме, удзельнікам якой быў Маккейн, яго жонка Сіндзі ўсклала вянок у памяць аб загінуўшых.

За труной, якую ўнесьлі ў катэдральны сабор вайскоўцы, ішлі каля 20 чалавек — вядомыя палітычныя дзеячы, сябры і паплечнікі Маккейна. Іх сьпіс склаў сам сэнатар. Сярод іх — былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, былы мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг і расейскі апазыцыянэр Уладзімір Кара-Мурза-малодшы.

Дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп не ўдзельнічае ў жалобных цырымоніях, не будзе яго і на пахаваньні. Такім было жаданьне сямʼі сэнатара, які быў жорсткім апанэнтам Трампа. Дачка сэнатара ў сваім выступе паспрачалася з галоўным лёзунгам Трампа — «Зробім Амэрыку вялікай зноў», заявіўшы, што «Амэрыка Джона Маккейна» заўсёды была вялікай.

На памінальную службу, аднак, прыйшлі дачка Трампа Іванка з мужам Джарэдам Кушнэрам. Напярэдадні памяць сэнатара ўшанаваў віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс.

Пахаваньне Маккейна пройдзе ў нядзелю ў горадзе Анапалiс, на ім будуць прысутнічаць толькі родныя і блізкія сэнатара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG