Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Маккейн напісаў разьвітальны ліст амэрыканцам. Поўны тэкст


Джон Маккейн
Джон Маккейн

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн перад сьмерцю напісаў ліст суайчыньнікам. Яго поўны тэкст 27 жніўня, на наступны дзень пасьля сьмерці сэнатара, зачытаў былы кіраўнік ягонай прэзыдэнцкай кампаніі Рык Дэйвіс.

Даем поўны тэкст гэтага ліста ў перакладзе на беларускую мову:

«Мае суайчыньнікі, якім я з удзячнасьцю служыў на працягу 60 гадоў, і асабліва мае суайчыньнікі з Арызоны!

Дзякуй вам за гонар служыць вам і за вартае жыцьцё, якое я пражыў дзякуючы службе ва ўніформе і службе для дзяржавы. Я стараўся служыць нашай краіне з гонарам. Я дапускаў памылкі, але, спадзяюся, мая любоў да Амэрыкі акажацца больш важкай за іх.

Я часта заўважаў, што я — самы шчасьлівы чалавек на Зямлі. Я адчуваю гэта нават цяпер, рыхтуючыся да завяршэньня свайго жыцьця. Я любіў сваё жыцьцё, усё сваё жыцьцё. У мяне былі досьвед, прыгоды, сяброўства, якіх хапіла б на дзесяць жыцьцяў, і я ўдзячны за гэта. Як у большасьці людзей, і ў мяне былі рэчы, пра якія я шкадую. Але я б не памяняў ні свой найлепшы, ні свой найгоршы дзень на найлепшы дзень іншага чалавека.

Я абавязаны гэтым пачуцьцём любові сваёй сям’і. Ні ў кога іншага не было жонкі і дзяцей, якія любілі яго болей, чым мая жонка і дзеці мяне, і якімі ён ганарыўся болей, чым я. Я таксама абавязаны Амэрыцы за сувязь зь яе ідэямі — свабодай, роўным правасудзьдзем і павагай да годнасьці ўсіх людзей — якія прыносяць больш задавальненьня, чым мімалётныя радасьці жыцьця. Наша самасьвядомасьць і пачуцьцё годнасьці не былі абмежаваныя, але пашыраны служэньнем добрым справам, якія былі значна большымі за нас саміх.

Суайчыньнікі — гэтая сувязь значыла для мяне значна больш, чым любая іншая. Я жыў і памёр гордым амэрыканцам. Мы — грамадзяне самай вялікай рэспублікі сьвету, краіны ідэалаў, а не крыві і зямлі. Нам пашанцавала — і мы зьяўляемся падарункам лёсу для чалавецтва, калі абараняем і прасоўваем гэтыя ідэалы дома і ў сьвеце. Мы дапамаглі вызваліць значна больш людзей ад тыраніі і галечы, чым хто-небудзь у гісторыі, і ў гэтым працэсе мы набылі багацьце і моц.

Мы аслабляем нашу веліч, калі блытаем патрыятызм з племянным суперніцтвам, якое сее крыўду, нянавісьць і гвалт ва ўсіх кутках зямнога шару. Мы аслабляем яе, калі хаваемся за сьценамі, замест таго, каб разбураць іх; калі сумняваемся ў сіле нашых ідэалаў, а не спадзяемся на тое, што яны стануць вялікай сілай пераменаў, якой яны заўсёды былі.

Мы — 325 мільёнаў гучнагалосых людзей з уласным меркаваньнем. Мы спрачаемся і спаборнічаем, а часам нават ачарняем адзін аднаго ў нашых бурных дэбатах. Але ў нас заўсёды было значна больш агульнага, чым рознагалосага. Калі толькі мы будзем гэта памятаць і зыходзіць з таго, што мы ўсе любім нашу краіну, мы зможам перажыць гэтыя складаныя часы. Пасьля гэтага мы станем мацнейшымі, як гэта заўсёды і бывае.

Дзесяць гадоў таму мне выпаў гонар прызнаць паразу на прэзыдэнцкіх выбарах. Я хачу скончыць сваё разьвітаньне з вамі з шчырай верай у амэрыканцаў, якую я так моцна адчуў у той вечар.

Гэтае пачуцьцё моцнае ўва мне да сёньняшняга дня.

Не адчайвайцеся з прычыны нашых цяперашніх цяжкасьцяў, а заўсёды верце ў патэнцыял і веліч Амэрыкі, паколькі нішто тут не наканавана. Амэрыканцы ніколі не апускаюць рукі. Мы ніколі не здаёмся. Мы ніколі не хаваемся ад гісторыі. Мы творым гісторыю.

Бывайце, мае суайчыньнікі. Хай дабраславіць вас Бог, і дабраславі Бог Амэрыку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG