Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Маккейн і Вялікае Княства Літоўскае


Каля офісу Джона Маккейна ў Арызоне, 26 жніўня 2018
Каля офісу Джона Маккейна ў Арызоне, 26 жніўня 2018

У лістападзе 2002, як аналітык Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, я браў удзел у канфэрэнцыі з крутой назвай «Axis of Evil: Belarus — the Missing Link?» (Вось зла: Беларусь — адсутнае зьвяно?), якую арганізваў American Enterprise Institute у Вашынгтоне. Калі больш канкрэтна, то канфэрэнцыю арганізаваў польскі палітык Радаслаў Сікорскі, якому на той час не знайшлося занятку ў Варшаве, і ён дзейнічаў у арганізацыі New Atlantic Initiative, што ўзьнікла пры згаданым інстытуце (сёньня мне думаецца, што тая арганізацыя ўзьнікла якраз па ягонай асабістай ініцыятыве).

Крышку гістарычнага кантэксту: акрэсьленьне «вось зла» ўжыў у сваёй штогадовай прамове ў Кангрэсе ЗША у студзені 2002 году тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы. Паводле Буша, гэтую вось складалі тры дзяржавы: Іран, Ірак і Паўночная Карэя. Фраза пайшла ў журналісцкі народ і ўжывалася вельмі актыўна на працягу наступнага году, ажно да амэрыканскай інтэрвэнцыі ў Іраку ў сакавіку 2003. Радаслаў Сікорскі, які вельмі актыўна — і да 2002 году, і пасьля яго — стараўся ўлучыць Беларусь у кантэкст эўраатлянтычнай палітыкі, падхапіў гэтую фразу і наляпіў як шыльду на даволі прадстаўнічую канфэрэнцыю па актуальных беларускіх пытаньнях. Мне на гэтай канфэрэнцыі выпала роля прааналізаваць кантакты Аляксандра Лукашэнкі з рэжымам Садама Хусэйна.

Ніколі раней і ніколі пасьля я ня чуў такой «беларускай» прамовы ў вуснах заходняга палітыка.

На заканчэньне канфэрэнцыі з прамовай выступіў сэнатар з Арызоны Джон Маккейн. У ангельскай мове ёсьць вызначэньне keynote speaker — больш-менш, «прамоўца, які задае асноўны тон». Радаслаў Сікорскі папрасіў якраз Джона Маккейна задаць гэты тон. Шчыра кажучы, я чакаў, што Маккейн будзе гаварыць агульна, спрабуючы знайсьці нейкае сьціплае месца для аўтарытарнай Беларусі на мапе глябальнай палітыкі, бачанай з Вашынгтону. Але Маккейн гаварыў у асноўным пра Беларусь. Ён гаварыў пра Беларусь як пра жорсткую рэальнасьць і як пра ружовую мару, пра яе сучасную ролю ў Эўропе і пра яе мінулае. І пра Вялікае Княства Літоўскае як неад’емную частку гістарычнай спадчыны Беларусі. І ён гаварыў — што ўжо было самае неверагоднае — пра Васіля Быкава і ягоную ролю ў Беларусі! Ніколі раней і ніколі пасьля я ня чуў такой «беларускай» прамовы ў вуснах заходняга палітыка.

Пасьля выступу Маккейна, глыбока ўражаныя і агаломшаныя, мы з Аляксандрам Лукашуком, які таксама прысутнічаў на той канфэрэнцыі, моцна захацелі пазнаёміцца з памочнікам Маккейна, які напісаў яму гэтую прамову. Але неяк пасаромеліся падысьці да сэнатара і запытацца ў яго пра ягонага speechwriter’а.

Я потым цікавіўся наконт памочнікаў амэрыканскіх сэнатараў, якія, сярод іншага, пішуць такія вось прамовы сваім босам. Паводле Вікіпэдыі, у 2000 годзе амэрыканскі сэнатар меў права ўзяць сабе 34 (трыццаць чатырох) памочнікаў (personal staff), аплачваных з фэдэральнага бюджэту. Ня ведаю канкрэтна, колькі памочнікаў меў тады Джон Маккейн (магчыма, што і менш, бо Арызона — невялікі штат па колькасьці насельніцтва, а бюджэт сэнатара залежыць якраз ад колькасьці яго выбарнікаў). Але зь некаторымі з гэтых памочнікаў я сустракаўся і гутарыў пра Беларусь у бюро Джона Маккейна ў Вашынгтоне ў 2006 годзе. На той час ужо ніхто зь іх ня быў у змозе сказаць мне, хто пісаў тую «беларускую» прамову Маккейна чатыры гады раней.

Aле справа ня ў тым, як падказвае мне сёньня Аляксандар Лукашук, ці я знайшоў таго памочніка ці не. Справа ў тым, што Маккейн меў якраз такіх памочнікаў і давяраў ім. І таму гэта былі словы пра Беларусь самога Маккейна. Таму творы Быкава былі б — а можа і былі — блізкія Маккейну.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG