Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр амэрыканскі палітык Джон Маккейн


Джон Маккейн
Джон Маккейн

25 жніўня на 82 годзе жыцьця памёр Джон Маккейн. Ён ваяваў ў Віетнаме, перажыў амаль шэсьць гадоў палону і катаваньняў у сумнавядомай турме Hanoi Hilton. Маккейн быў сэнатарам ад штату Арызона, кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША і ня раз выказваўся ў падтрымку беларускай дэмакратычнай будучыні.​

Вядомы сваёй ваяўнічасьцю на працягу ўсёй сваёй шматгадовай службы ў Сэнаце, апошнія гады Маккейн хварэў на рак мозгу.

Апошні час сэнатар жыў на сваім ранча ў Арызоне разам зь сямʼёй і сябрамі. Неўзабаве выйдзе чарговая кніга Маккейна «Неспакойная хваля».

Шматгадовы старшыня сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў, Маккейн лічыўся экспэртам у пытаньнях абароны і вонкавай палітыкі.

Маккейн нарадзіўся на амэрыканскай марской станцыі Coco Solo Naval Station у Панаме 29 жніўня 1936 году, у сямʼі патомных вайскоўцаў.

Ідучы па шляху сваіх бацькі і дзеда, чатырохзорнага адмірала, Джон Маккейн скончыў Вайскова-марскую акадэмію ў Анапалiсе ў 1958 годзе.

Менш чым праз 10 гадоў ён накіраваўся ваяваць у Віетнам, яго самалёт быў зьбіты над Ханоем і ён трапіў у палон.

Нягледзячы на пераломы рук, разьбітае калена, катаваньні і вялікі тэрмін у адзіночным зьняволеньні, Маккейн адмовіўся ад прапановы аб датэрміновым вызваленьні з палону, сказаўшы, што ён выйдзе з турмы пасьля таго, як будзе вызвалены апошні амэрыканскі ваеннапалонны.

Міхэіл Саакашвілі, Джон Маккейн, Міхаіл Касьянаў, Андрэй Саньнікаў, красавік 2013
Міхэіл Саакашвілі, Джон Маккейн, Міхаіл Касьянаў, Андрэй Саньнікаў, красавік 2013

«Я палюбіў сваю краіну, калі я быў у палоне ў чужой», —сказаў ён у сваёй прамове на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году.

Як сэнатар ён неаднаразова кідаў выклік прэзыдэнтам, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці, калі ён лічыў іх палітыку неадпаведнай.

Падчас свайго першага тэрміну ў Кангрэсе ён крытыкаваў прэзыдэнта-рэспубліканца Рональда Рэйгана ў сувязі з рашэньнем паслаць кантынгент марскіх пяхотнікаў ў Бэйрут з абмежаванымі баявымі паўнамоцтвамі.

Перасьцярогі Маккейна пацьвердзіліся, калі ў кастрычніку 1983 году тэрарыст-сьмяротнік учыніў выбух у казарме амэрыканскіх салдатаў у Бэйруце, забіўшы 241 марскога пяхотніка.

Сэнатар Маккейн жорстка спрачаўся зь іншым рэспубліканскім прэзыдэнтам, Джорджам Бушам-малодшым, наконт зьніжэньня падаткаў, магчымасьці катаваньняў і стратэгіі ЗША ў Іраку.

Ня менш складанымі былі адносіны Маккейна з прэзыдэнтамі-дэмакратамі. Ён быў адным з самых жорсткіх крытыкаў замежнай палітыкі прэзыдэнта Барака Абамы, рэзка пярэчыў рашэньню вывесьці войскі з Іраку і адмове Абамы ад сваёй «чырвонай лініі» ў Сырыі пасьля таго, як прэзыдэнт Башар аль-Асад выкарыстаў хімічную зброю супраць апанэнтаў.

Сытуацыя мала зьмянілася, калі рэспубліканец Дональд Трамп быў абраны прэзыдэнтам.

Джон Маккейн і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, Данбас, сьнежань 2016
Джон Маккейн і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, Данбас, сьнежань 2016

Маккейн быў хіба не галоўным антаганістам прэзыдэнта ў пытаньнях замежнай палітыкі, асабліва што да Сырыі, Расеі і Кітаю.

Трамп называў Маккейна некампэтэнтным. Падчас выбарчай кампаніі Трамп зьдзекаваўся з Маккейна, кажучы, што аддае перавагу вайскоўцам, якія не трапляюць у палон. Сам Трамп ніколі не служыў у войску.

Маккейн падтрымліваў вайну ў Іраку. У некаторых выклікаў іронію яго выбар, зроблены на карысьць малавядомай Сары Пэйлін у якасьці кандыдаткі ў віцэ-прэзыдэнты падчас выбарчай кампаніі 2008 году. Тыя выбары Маккейн прайграў са значным адрывам ад Барака Абамы.

Ён быў цьвёрдым прыхільнікам і адвакатам сяброўства краінаў Усходняй Эўропы ў NATO.

Юрась Губарэвіч, Джон Маккейн і Анатоль Лябедзька, Вільня, сьнежань 2016
Юрась Губарэвіч, Джон Маккейн і Анатоль Лябедзька, Вільня, сьнежань 2016

У красавіку 2017 году Маккейн наведаў Чарнагорыю напярэдадні далучэньня гэтай краіны да Паўночнаатлянтычнага альянсу. Ён заявіў, што гэтае рашэньне мае жыцьцёва важнае значэньне для рэгіянальнай стабільнасьці і сумесных намаганьняў заходніх саюзьнікаў, каб супрацьстаяць Расеі.

Маккейн рэзка крытыкаваў палітыку Расеі, аднойчы ён назваў яе «бэнзакалёнкай, якая спрабуе выдаць сябе за краіну».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у інтэрвію, апублікаваным 8 чэрвеня 2017 году, што Маккейн, яго даўні крытык, жыве ў «старым сьвеце».

Пуцін параўнаў Маккейна са старажытнарымскім сэнатарам Маркам Порцыем Катонам старэйшым, які заўсёды сканчаў свае выступы ў Сэнаце словамі «Картаген павінен быць разбураны».

«Мне падабаецца сэнатар Маккейн у пэўнай ступені. І я не жартую. Ён падабаецца мне празь ягоны патрыятызм і пасьлядоўнасьць у барацьбе за інтарэсы сваёй краіны», — дадаў прэзыдэнт Расеі.

З жонкай Сындзі Джон Маккейн пражыў разам 37 гадоў. У іх пяцёра дзяцей.

Маккейн пра Беларусь

«Паводле аналёгіі з гвалтам ва Ўкраіне, нарастаньне агрэсіі Расеі на вашых межах і намер Уладзіміра Пуціна пабудаваць вайсковую базу на вашай тэрыторыі — гэта непасрэдныя спробы падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Мы спадзяемся, што гэта нарэшце дасьць магчымасьць зьмяніць курс і абараніць незалежнасьць вашай краіны і дэмакратычную будучыню».

Зь ліста Маккейна і яшчэ трох сэнатараў ЗША Аляксандру Лукашэнку, красавік 2017

«Беларусь, Малдова і Ўкраіна заслугоўваюць на шанец далучыцца да ЭЗ і NATO, калі будуць адпавядаць крытэрам гэтых арганізацыяў».

З выступу на міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы, Братыслава, чэрвень 2015

«Лукашэнка зьяўляецца найбольш брутальным і грубым дыктатарам Эўропы, і рана ці позна людзі ў Беларусі вызваляцца ад яго кіраўніцтва».

Інтэрвію «Беларускаму партызану», сьнежань 2013

«Аляксандар Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў наўпроставым распараджэньні Ўладзіміра Пуціна. Такая рэчаіснасьць. Мы мелі некаторыя спадзяваньні пару гадоў таму, перад выбарамі, калі праваабаронцы адчулі пэўнае паслабленьне, але, на жаль, цяпер справы пайшлі сваім ранейшым ходам, за выняткам таго, на жаль, што Лукашэнка цяпер знайшоўся пад кантролем Уладзіміра Пуціна».

Інтэрвію «Голасу Амэрыкі», травень 2012

«Цяпер ня час зьніжаць ціск на Лукашэнку, зараз час яго павялічыць. ЗША і Эўразьвяз павінны ўзмацніць супрацоўніцтва і разам аказваць ціск, каб Лукашэнка вызваліў палітычных зьняволеных і правёў свабодныя і законныя выбары».

З выступу на канфэрэнцыі форуму парлямэнцкай дэмакратыі, Вільня, травень 2012

«Адным з вашых пытаньняў было пытаньне, што мы думаем пра Лукашэнку. Я думаю, што ён бязьлітасны, жорсткі, брутальны тыран, які насамрэч абраў няправільны бок. Рана ці позна, я думаю, беларусы змогуць скарыстаць асноватворныя правы, якія гарантуюцца натуральным чынам усім. Падзеі, якія мы назіраем на Блізкім Усходзе, да прыкладу, у Эгіпце, іншых краінах сьвету, вельмі небясьпечныя, але яны таксама паказваюць, што ніводная дзяржава ня можа выстаяць, калі не дае грамадзянам асноватворных правоў».

З выступу перад студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, Вільня, люты 2011

«Эўропа і ЗША павінны павялічыць скаардынаванасьць сваіх праграмаў дзеля таго, каб падтрымаць дэмакратыю і вяршэнства закону ў тых краінах, дзе адчуваецца іхны недахоп. Такія праграмы важныя як для Расеі, так і для Беларусі, дзе дыктатура працягвае ўжываць агульны ціск».

З артыкулу ў нямецкай газэце «Süddeutsche Zeitung», люты 2008

«Лукашэнка — апошні пасажыр чаўна савецкіх ідэяў, які патанае ў акіяне гісторыі ад часу, як мужныя людзі з дапамогай зьнешняга ціску дамагліся распаду СССР Знакаміты беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў ў свой час заўважыў: «Лукашэнка і дэмакратыя — словы несумяшчальныя». Вобраз свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, якая не аглядаецца назад і якая скінула з сябе кайданы Лукашэнкі, натхняе беларускіх патрыётаў, чыя маральная адданасьць дэмакратычным пераўтварэньням пакладзе канец кіраваньню апошняга эўрапейскага дыктатара».

З выступу на канфэрэнцыі «Вось зла: Беларусь — прапушчанае зьвяно?», Вашынгтон, лістапад 2002

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG