Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейна пахаваюць у Анапалiсе, Трамп не запрошаны


Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, люты 1985
Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, люты 1985

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, які памёр у суботу, будзе пахаваны ў горадзе Анапалiс штату Мэрылэнд на могілках акадэміі ВМС. Разьвітальная цырымонія адбудзецца ў парлямэнцкай асамблеі Арызоны — штату, які Маккейн прадстаўляў у Кангрэсе на працягу 35 гадоў. Пра гэта паведамляе The New York Times.

Да пахаваньня труна зь целам сэнатара будзе знаходзіцца пад купалам Ратонды вашынгтонскага Капітолію — у «сэрцы» амэрыканскага парлямэнту. За ўсю гісторыю такі гонар выпадаў толькі 30 самым выбітным дзеячам ЗША. Маккейн стане 13-м паводле ліку сэнатарам, удастоеным гэткага пасьмяротнага ўшанаваньня. З гэтай жалобнай нагоды над Белым домам прыспушчаны сьцяг.

Памёр амэрыканскі палітык Джон Маккейн

Паводле волі нябожчыка, на пахаваньне будуць запрошаныя былыя амэрыканскія прэзыдэнты — Джордж Буш-малодшы і Барак Абама. Яны былі супернікамі сэнатара на прэзыдэнцкіх выбарах.

Вядома, што Маккейн, які самастойна плянаваў сваё пахаваньне, завяшчаў не запрашаць на разьвітальную цырымонію прэзыдэнта Дональда Трампа, жорсткім апанэнтам якога ён быў. Нябожчык называў яго «імпульсіўным» і «дэзінфармаваным», а таксама крытыкаваў Трампа за яго палітыку ў дачыненьні да Сырыі, Расеі і Кітаі. Трамп у сваю чаргу называў Маккейна «некампэтэнтным», а падчас прэзыдэнцкай кампаніі публічна пасьмяяўся зь яго, сказаўшы, што Маккейн «зрабіўся героем таму, што трапіў у палон», а Трамп, паводле яго, любіць «людзей, якія не былі ў палоне». Пасьля сьмерці сэнатара Трамп выказаў у твітэры спачуваньні яго сям’і.

Маккейн памёр ва ўзросьце 81 года ў суботу — на другі дзень пасьля таго, як яго сям’я абвясьціла, што сэнатар адмовіўся ад лячэньня пухліны мозгу, якая была знойдзеная ў яго ў 2017 годзе. У заяве сям’і сэнатара гаворыцца, што «разьвіцьцё хваробы і няўмольны ўплыў узросту выносяць свой вэрдыкт». Яны падзякавалі ўсім, хто падтрымліваў сэнатара на працягу году. Чыноўнікі і грамадзкія дзеячы ў ЗША і за мяжой ушанавалі памяць парлямэнтарыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG