Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далей ад сталінскай моўнай рэформы: ва Ўкраіне вяртаюць клясычны правапіс. А як у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне Нацыянальная камісія з пытаньняў правапісу абнародавала праект (PDF) новай рэдакцыі ўкраінскай артаграфіі, які вяртае многія правілы, што дзейнічалі да моўнай рэформы 1933 году — тады, падобна як у Беларусі, камуністычная партыя адміністрацыйна ўвяла новыя правілы, накіраваныя на максымальнае збліжэньне ўкраінскай мовы з расейскаю.

Падмурак — гістарычныя традыцыі

«Праект новай рэдакцыі ўкраінскага правапісу распрацаваны на грунце ўкраінскай правапіснай традыцыі з улікам найноўшых моўных зьяваў, якія распаўсюдзіліся ў розных сфэрах грамадзкага, навуковага і культурнага жыцьця. Правапісная камісія зыходзіла з разуменьня таго, што ўкраінскі правапіс, як і правапіс іншай мовы, ня можа быць вычарпальным — ён кадыфікуе асноўныя, найбольш распаўсюджаныя або спрэчныя артаграфічныя нормы», — паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве адукацыі Ўкраіны.

«Граматка», 1857 год
«Граматка», 1857 год

Пасьля развалу Савецкага Саюзу гэта другая і больш пасьлядоўная моўная рэформа ва Ўкраіне — у 1990-я гады толькі вярнулі скасаваныя ў 1933 годзе літару Ґ для адрозьненьня выбухнога гуку [g] ад працяжнага [h], паўнавартасны клічны склон, некаторыя іншыя канчаткі назоўнікаў.

Што новага: да моўнай спадчыны, народнага маўленьня, спрашчэньня

Цяпер мовазнаўцы прапануюць вярнуць і іншыя палажэньні правапісу 1928 году, ухваленага Акадэміяй навук, але праз 5 гадоў абвешчанага камуністычнымі ўладамі «нацыяналістычным» і «закліканым штучна адарваць украінскую мову ад вялікай братняй расейскай мовы».

Новы праект набліжае правапіс да моўнай традыцыі і народнага маўленьня: залежна ад жывога вымаўленьня і дзеля мілагучнасьці чаргуюцца формы прыназоўнікаў у / в, з / із, зі, зо, злучніка і /й; дапускаецца літара и- ў пачатку слова (гэтага не было ў «харкаўскім» правапісе); магчымая характэрна цьвёрдая аснова ў родным склоне назоўнікаў накшталт Русь, незалежністьРуси, незалежности (цяпер дазваляецца толькі мяккая — Русі) ды іншае.

Вяртаецца даўнейшая перадача іншамоўных словаў адпаведна заходнеэўрапейскай традыцыі асваеньня. У прыватнасьці, літара H заходніх моваў перадаецца пераважна праз Г: госпіс, гостель, Гіндустан; грэцкая «тэта» можа перадавацца і праз Т: етер поруч з ефір, катедра, АтениАфіни), міт поруч зь міф і гэтак далей.

Мовазнаўцы таксама прапануюць спрасьціць выкарыстаньне злучка (фолкгурт, мініспідниця, віцепрезидент), а пів ‘паў’, што азначае «палову», пісаць асобна: пів України. Праект на 216 старонках ахоплівае ня толькі ўласна правапіс, але і граматыку, і пунктуацыю, і адпаведныя эпосе электронных тэкстаў патрабаваньні да іх афармленьня.

Да зьменаў — без камэнтароў і палітыкі

Дыскусіі мовазнаўцаў аб новых правілах ішлі за зачыненымі дзьвярыма. Сябры Нацыянальнай камісіі між сабой дамовіліся, што да завяршэньня працы ня будуць камэнтаваць магчымых вынікаў. Міністэрства адукацыі Ўкраіны таксама абмежавалася толькі публікацыяй праекту новага правапісу.

«Такую пазыцыю я падтрымліваю, бо пытаньнем мовы мусяць займацца выключна спэцыялісты: як лекары ў лякарні, гэтак і моваю — мовазнаўцы, — мяркуе журналіст Дзьмітро Панамарчук, які ў свой час працаваў прэсавым сакратаром аднаго з заснавальнікаў Народнага Руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавола. — І ня можа ўсё зводзіцца да пытаньня — падабаецца гэта ці не. Грамадзтва ўспрыме ўсё, што прапануе ўкраінская дзяржава, бо нашае грамадзтва ўсё больш становіцца ўкраінскім».

«Українська літературна мова й правопис», 1922
«Українська літературна мова й правопис», 1922

У той жа час Панамарчук перакананы, што Ўкраіне варта было вярнуцца менавіта да нормаў правапісу, падрыхтаваных 1927 годзе на Ўсеўкраінскай правапіснай канфэрэнцыі ў Харкаве (таму правапіс і завецца «харкаўскім») і падпісаных у 1928 годзе народным камісарам асьветы Ўкраінскай ССР Міколам Скрыпнікам (ён застрэліўся ў 1933 годзе ў выніку цкаваньня пасьля згортваньня палітыкі «ўкраінізацыі». — РС).

«Правілы ёсьць, і яны павінны быць тэрмінова і рашуча ўведзеныя цьвёрдаю рукою. Трэба пачаць выкладаць мову паводле правілаў, складзеных у 1928 годзе. Лепшага праекту я ня бачыў, хаця тэма абмяркоўваецца з 1991 году. Ніхто не зрабіў лепшага, таму тады ўсіх аўтараў і расстраляла сталінская ўлада. Гэта было настолькі дасканалае, нацыянальнае і ўкраінскае, што іх залічылі да ворагаў народа. За гэтыя правілы яны аддалі свае жыцьці, а міністар Скрыпнік застрэліўся», — мяркуе Панамарчук.

«Трэба арыентавацца на моладзь, каб не згубіць новае пакаленьне, ухваляючы палавіністыя рашэньні»

Журналіст згадаў, што ў 1995 годзе газэта «Час-Time», заснаваная Вячаславам Чарнаволам, выходзіла паводле правапісу 1928 году.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Я тады працаваў у рэдакцыі загадчыкам палітычнага аддзелу. І ніводнага нараканьня ад нашых чытачоў не было. Грамадзтву спачатку трэба прапанаваць, а потым цікавіцца, ці ўспрымаецца. Я ўпэўнены, што новыя нормы прыжывуцца. Ня трэба баяцца рэакцыі грамадзтва. Бо моладзь успрымае мову нашмат лягчэй. Складаней распавядаць пра новы правапіс тым, каму сёньня за 45 гадоў. Але трэба арыентавацца на моладзь, каб не згубіць новае пакаленьне, ухваляючы палавіністыя рашэньні», — перакананы Панамарчук.

Тэрміны пераходу на новы правапіс ва Ўкраіне пакуль не называюць: прадугледжвалася, што новая рэдакцыя дакумэнту мусіць быць падрыхтаваная да канца году. Да 15 верасьня праект будзе абмяркоўвацца на грамадзкай пляцоўцы, а потым, з улікам прапановаў, дапрацаваны і перададзены на зацьверджаньне ўраду Ўкраіны.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка: Украінцы паказваюць нам прыклад

Вінцук Вячорка, архіўнае фота
Вінцук Вячорка, архіўнае фота

Апошнімі гадамі моўная прастора ва Ўкраіне парадкуецца пасьлядоўна і хутка: зусім нядаўна там адбылася тапанімічная рэвалюцыя, калі больш за тысячу паселішчаў і 50 тысяч вуліц пазбавіліся савецкіх ідэалягічных найменьняў і вярнулі сабе або набылі традыцыйныя жывыя імёны. Цяпер украінцы ўзяліся за дэрусыфікацыю правапісу.

У нас правапіс, укладзены маладым лінгвістам Браніславам Тарашкевічам, зьявіўся ў 1918 годзе, тут жа стаў агульнапрынятым і да 1933 году (у БССР) толькі крыху мадыфікаваўся. Украінцам жа было цяжэй, чым нам, дайсьці да агульнанацыянальнага правапісу: украінскія дыялекты Ўсходу і Захаду даволі істотна розьняцца; акрамя таго, гэтыя абшары доўгі час былі ў складзе розных дзяржаваў і пад рознымі культурна-моўнымі ўплывамі.

Вось чаму несумненным посьпехам тамтэйшай навуковай і творчай эліты была Ўсеўкраінская правапісная канфэрэнцыя 1927 году ў Харкаве з удзелам заходнеўкраінскіх вучоных, якая ўхваліла супольны правапіс (зацьверджаны наркамам асьветы Міколам Скрыпнікам у 1928 годзе; таму ўкраінскі клясычны правапіс і завецца то «харкаўскім», то «скрипниківкою»). На яго адразу ў асноўным перайшлі і ў аддзеленай мяжою Заходняй Украіне, і ў дыяспары.

І тым больш злачынным, антыўкраінскім захадам была русыфікацыйная моўная рэформа 1933 году, якая, як і ў Беларусі, суправаджалася рэпрэсіямі і забойствамі мовазнаўцаў. Яе наступстваў ніколі не прызналі сьвядомыя ўкраінцы. Пры найменшай адлізе, прыкладам, з канца 1980-х, як і ў нас, некаторыя аўтары і выдавецтвы вярнуліся да клясычнага правапісу.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінская правапісная рэформа пачатку 1990-х (сьціпла названая «чарговым выданьнем» правапісу 1946–1960 г.) была вельмі асьцярожная і непасьлядоўная.

Але пры гэтым ужо многія пэрыядычныя выданьні, радыёстанцыі і тэлевізійныя каналы, літаратары, палітыкі прынцыпова карысталіся клясычным правапісам 1928 году, гэтым зазначаючы грамадзкую патрэбу мяняць і афіцыйна прынятыя правілы. І ўрэшце Ўкраінская дзяржава да гэтага дасьпела. Хоць прапанаваная рэформа таксама ня цалкам вяртаецца да «харкаўскіх» правапісу і граматыкі, але ўзаконьвае клясычныя напісаньні як варыянты — што можа быць прымальна і для нас.

І ў нас, у Беларусі, у першай палове 1990-х гадоў быў шанец пазбыцца цяжкіх наступстваў русыфікатарскай моўнай рэформы 1933 году: грамадзка-дзяржаўная правапісная камісія выпрацоўвала безбалесны мэханізм збліжэньня правапісаў (мне таксама давялося ў ёй працаваць і ўхваляць вартыя прапановы). Але гэта скончылася ў 1994 годзе. Спадзяюся, не назаўсёды: украінцы паказваюць нам, што і цяпер нікуды ня зьнікла магчымасьць вярнуцца да нармальнасьці.

А пакуль вартыя павагі і падтрымкі ўсе тыя аўтары, выдавецтвы, мэдыя, якія прынцыпова трымаюцца несавецкай беларускай правапіснай традыцыі і не ідуць на каньюнктурныя ўгоды. Як паказвае ўкраінскі прыклад, за імі будучыня.

***

Поўны варыянт збору правілаў беларускага клясычнага правапісу — «Беларускі клясычны правапіс». Зьміцер Саўка, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Юрась Бушлякоў

PDF, 615 кб

DOC, 847 кб

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG