Пра гэта ў панядзелак заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля перамоваў у сваёй рэзыдэнцыі Мар-а-Лага на Флярыдзе з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньягу.
Трамп выказаў меркаваньне, што іранскія ўлады, магчыма, працуюць над аднаўленьнем сваіх праграмаў узбраеньняў пасьля масіраваных амэрыканскіх удараў у чэрвені па абʼектах у Форда, Натанзе і Ісфахане, адзначае Reuters. «Я чытаў, што яны нарошчваюць узбраеньне і іншыя рэсурсы, і калі гэта так, то яны выкарыстоўваюць не тыя абʼекты, якія мы зьнішчылі, а, магчыма, іншыя», — прыводзіць агенцтва словы Трампа, сказаныя ім на прэсавай канфэрэнцыі. «Шлях туды і назад зойме 37 гадзінаў. Я не хачу траціць шмат паліва», — дадаў Трамп.
Іран, які ў чэрвені вёў 12-дзённую вайну з Ізраілем, заявіў днямі, што сёлета двойчы правёў ракетныя вучэньні. На мінулым тыдні Нетаньягу казаў, што Ізраіль не імкнецца да канфрантацыі з Іранам, але адзначыў, што ўзьніме пытаньне аб дзейнасьці Тэгерана на перамовах з Трампам.
Па дадзеных выданьня Axios, начальнік Генштабу Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) генэрал-лейтэнант Эяль Замір больш за тыдзень таму на сустрэчы з кіраўніком Цэнтральнага камандаваньня ЗША адміралам Брэдам Куперам заявіў, што перасоўваньні іранскіх ракетных комплексаў могуць сьведчыць аб падрыхтоўцы нападу, і заклікаў да больш шчыльнай каардынацыі абарончых дзеяньняў паміж саюзнікамі. Адна з ізраільскіх крыніц выданьня ацаніла імавернасьць удару Ірана ў «менш за 50%».
Напярэдадні Дональд Трамп таксама папярэдзіў палестынскую групоўку ХАМАС аб сурʼёзных наступствах, калі яна не раззброіцца. Трамп адзначыў, што яго перамовы з Нетаньягу былі сканцэнтраваныя на далейшым умацаваньні мірнага пагадненьня па Газе, заключанага ў кастрычніку пры яго пасярэдніцтве, а таксама на вырашэньні ізраільскіх праблем, зьвязаных як з магчымымі дзеяньнямі Ірана, гэтак і з праіранскай шыіцкай групоўкай «Хэсбала».
Па словах Трампа, ён хацеў бы перайсьці да другога этапу пагадненьня аб спыненьні агню паміж Ізраілем і ХАМАС, дасягнутага пасьля двух гадоў вайны ў Газе. Яна пачалася пасьля нападу радыкальных ісламістаў на поўдзень Ізраіля ў кастрычніку 2023 года. Другі этап угоды прадугледжвае, у тым ліку, разьмяшчэньне міжнародных міратворцаў у сэктары Газа.
Форум