Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаская мова ў Казахстане пераходзіць з кірылічнай графікі на лацінскую, дакладней, вяртаецца да апошняе (пісалі ёю ў 1920–30-я гады). Карані лацінскага пісьма, прыстасаванага для беларускае мовы, значна даўнейшыя.

Выбар канкрэтнае сыстэмы пісьма часта вынікае ня толькі зь меркаваньняў зручнасьці, але з належнасьці да пэўнага цывілізацыйнага абшару.

Абодва альфабэты — кірылічны і лацінскі — пачатна створаныя не для беларускае мовы. Кірыла і Мятод запісвалі сваёй азбукай гукі стараславянскае мовы (якая дала пачатак сучасным баўгарскай і македонскай і ня ведала гукаў ], [дж] ды многіх гукавых зьяваў, уласьцівых беларускай мове). І старажытная лацінская азбука абслугоўвала пачатна мову лацінскую, у якой не было, скажам, шыпячых гукаў [ч], [ш], [ж] або проціпастаўленьня цьвёрдых-мяккіх (як [л]—[ль]).

Сярэднявечная лацінская мова прыйшла ў Вялікае Княства ў XIII — пачатку XIV ст.: на ёй складзеныя многія дакумэнты канцылярыі караля Міндоўга, дзе лацінскімі літарамі запісваліся беларускія імёны і назвы. У XVI ст. пры двары Кароны Польскай сталі запісваць беларускія тэксты лацінкай. Але рэч ня толькі ў манаршых канцылярыях. Беларускія вучні ўсіх канфэсіяў (а таксама студэнты калегіяў і г.д.) вывучалі лацінскую мову і ведалі яе літары.

Спачатку выкарыстоўваліся асаблівыя літары і спалучэньні на ўзор польскае мовы. Гэта найперш шыпячыя, якія пазначаліся або дзьвюма літарамі — CZ [ч], SZ [ш] — або літараю Ż з кропачкай уверсе для гука [ж]. Гук [в] перадавалі літараю W, як у польскай і нямецкай. Для гукаў ], [дз’], [дж] асобных знакаў не было.

Цягам XIX стагодзьдзя, калі пісьменства па-беларуску адраджалася пад пяром творцаў і на ўлётках паўстанцаў, яно было цалкам лацінапісьмовае. Лацінкаю пісалі Сыракомля, Чачот, Каліноўскі, Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, Паўлюк Багрым, чый адзіны верш „Зайграй, зайграй, хлопча малы“ дайшоў да нас лацінкаю.

Тады ў альфабэт беларускае лацінкі была ўведзеная новая, адметная літара Ŭ [ў], лацінская U з дужачкай уверсе — знакам, што традыцыйна абазначае кароткі склад у рымскім вершаскладаньні.

Гісторык Міхась Біч справядліва заўважае, што знакамітая імпэрская забарона друкаваць кнігі па-беларуску датычыла толькі лацінкі:

„Галоўнае ўпраўленьне цэнзуры ў 1859 г. прыняло пастанову «аб распаўсюджаньні забароны выкарыстаньня польскага шрыфту да маларасійскай мовы і на гаворку беларускую». У выніку пераклад «Пана Тадэвуша» сьвету так і ня ўбачыў. Гэта быў удар не толькі па Дуніну-Марцінкевічу, але і па ўсіх беларускіх пісьменьніках, якія паходзілі з каталіцкай шляхты і традыцыйна пісалі лацінкай“.

А кірыліцай па-беларуску ў ХІХ стагодзьдзі пад расейскай акупацыяй друкавалі толькі фальклёрныя зборнікі й слоўнікі. Слоўнік Івана Насовіча называў нашую мову „мѣстное нарѣчіе Русскаго народнаго языка“ і толькі таму быў дапушчаны да друку. Беларуская лацінка была забароненая да 1905 году.

Wincuk Marcinkiewicz. Ščeroŭskije dažynki ; Kupałła : apowieści / Wydańnie druhoje. — Pieciarburh: Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce, 1910. З кнігазбору аўтара
Wincuk Marcinkiewicz. Ščeroŭskije dažynki ; Kupałła : apowieści / Wydańnie druhoje. — Pieciarburh: Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce, 1910. З кнігазбору аўтара

​​У XX ст. газеты „Наша доля“ і „Наша ніва“ друкаваліся абодвума альфабэтамі (у 1912 г. „Наша ніва“ спынілася на кірыліцы). Але надалей у Вільні лацінкай выходзілі пэрыёдыкі „Крыніца“, „Беларуская крыніца“, часткова „Шлях моладзі“, падручнікі, кнігі, слоўнікі.

Насьпела патрэба ўпарадкаваць правапіс. Першыя зь іх былі акурат лацінкаю. І знакамітая „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча выйшла ў 1918 г. абедзьвюма азбукамі, прычым найперш таксама лацінкаю.

Яшчэ ў пачатку XV ст. вялікі чэскі рэфарматар Ян Гус у працы „Orthographia Bohemica“ выклаў канцэпцыю нацыянальнай лацінкі: адзін гук перадаецца адною літарай, а калі нацыянальны гук адрозьніваецца ад лацінскага, да адпаведнай лацінскай літары далучаецца пэўны значок. Цягам 1-й паловы ХХ ст. беларуская лацінка набліжалася да гэтага ўзору, адначасова аддаляючыся ад польскай. Гукі [ч], [ш] сталі абазначаць літарамі Č, Š замест дыграфаў CZ, SZ, аналягічна [ж] — літарай Ž. Ужываецца літара Ł для гуку [л] цьвёрдага, бо ў сярэднявечнай лацінскай мове такога гуку не было.

Апошні крок дзеля замацаваньня самабытнасьці беларускае лацінкі ў параўнаньні з польскаю зрабіў Ян Станкевіч у 1926 годзе:

Рэформа беларускае лацініцы лёгкая: … астаецца цяпер замяніць польска-нямецкае w лацінскім v, як гэта зрабілі Ліцьвіны й Чэхі. Што v лепшае за w, гэта відавочна: яно займае на палову меней месца. Увядзеньне v канчальна прыдало-б нашай лацініцы беларускі характар.

Сучасная беларуская лацінка і адпаведныя літары беларускае кірыліцы

Aa

а

Gg

ґ

Nn

н

Tt

т

Bb

б

Hh

г

Ń ń

нь

Uu

у

Cc

ц

Ii

і

Oo

о

Ŭŭ

ў

Ćć

ць

Jj

й

Pp

п

Vv

в

Čč

ч

Kk

к

Rr

р

Yy

ы

Dd

д

Ll

ль

Ss

с

Zz

з

Ee

э

Łł

л

Ś ś

сь

Ź ź

зь

Ff

ф

Mm

м

Šš

ш

Žž

ж

Дыграф Ch ch адпавядае кірылічнай літары Хх, літара і паміж зычнымі і галоснымі абазначае мяккасьць зычных.

Лацінкаю выходзяць і цяпер богаслужбовыя выданьні, мастацкая літаратура. Маю ў сваёй бібліятэцы раман „Quo Vadis“ Сянкевіча ў перакладзе беларускага сьвятара Пятра Татарыновіча, выдадзены лацінкай у Рыме ў 1956 годзе.

H. Sieńkievič. Quo vadis. Rym, 1956. Vokładka
H. Sieńkievič. Quo vadis. Rym, 1956. Vokładka

Адроджаная ў 1990-я гады „Наша ніва“ за рэдактарства С. Дубаўца выдавала цэлыя нумары лацінкаю. Рэгулярна выдае лацінкаю свае кнігі Ўладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў падпісвае сваю кнігу „Patria Aeterna“ падчас прэзэнтацыі 1 чэрвеня 2015 г.
Уладзімер Арлоў падпісвае сваю кнігу „Patria Aeterna“ падчас прэзэнтацыі 1 чэрвеня 2015 г.

У савецкія часы, натуральна, лацінка зноў была пад забаронаю. Але гэта не касуе таго факту, што беларуская мова — бі-графічная, двухальфабэтная. Таму, між іншым, нам ня трэба нейкай асобнай трансьлітарацыі (як расейскай мове, дзе ведамасных трансьлітарацыйных сыстэмаў некалькі, што стварае блытаніну ў асабовых базах зьвестак, бібліяграфіі, картаграфіі ды інш.). Бо маем лацінку. А ў лацінапісьмовай прасторы ёсьць няпісанае правіла: імёны і назвы пішуцца нязьменна. Калі беларусы па-свойму пішуць Baranavičy праз Č — так, нязьменна, і мае быць ува ўсіх іншых мовах з лацінскай абэцэдай.
.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG