Сядзібу ў Сеньненскім раёне Віцебскай вобласьці спрабуюць прадаць з 2022 году. Апошнія таргі, якія мусілі адбыцца 11 чэрвеня 2025 году, не адбыліся — на іх ніхто не зарэгістраваўся. Будынкі працягваюць разбурацца.
Як вынікае зь інфармацыі, разьмешчанай на сайце Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, у лоце — некалькі памяшканьняў з прыбудовамі. Тут да 2002 году дзейнічаў сьпіртзавод.
Усе будынкі ўваходзяць у сядзібна-паркавы комплекс роду Сьвяцкіх. Сядзібу пабудавалі ў пачатку XIX стагодзьдзя, а перабудавалі нашчадкі ў 1909-1911 гадах.
Зь імем апошняга ўласьніка Караля Сьвяцкага зьвязаная легенда аб скарбе Напалеона: нібыта той знайшоў золата і каштоўнасьці агульнай вагай амаль 800 пудоў, якія, пакідаючы Маскву, францускі імпэратар утапіў у Стаялым або, як яго яшчэ называюць, Семлеўскім возеры.
У гэтай сядзібе ў 1903–1904 гадах працаваў настаўнікам Іван Луцэвіч — будучы клясік беларускай літаратуры Янка Купала. Напярэдадні 90-годзьдзя зь дня нараджэньня паэта на будынку сядзібы ўсталявалі мэмарыяльную дошку, але яе пазьней зьнялі і зьмясьцілі на захоўваньне ў мясцовы сельсавет.
Сядзіба зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Цяпер яна знаходзіцца ва ўласнасьці Сеньненскага райвыканкаму. Новы ўласьнік павінен узяць абавязкі па яе ахове.
У 2022 годзе рынкавая вартасьць складала 2 933 000 рубля. Стартавую цану на аўкцыёне вызначылі на ўзроўні 210 рублёў зь першым крокам таргоў у 10,50 рубля. Новы ўласьнік будынку атрымае ў арэнду на 50 гадоў і зямельны ўчастак.
У аўкцыёне могуць удзельнічаць фізычныя і юрыдычныя асобы Беларусі і замежных краін.
Форум