Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўшацкім раёне выставілі на аўкцыён гістарычны маёнтак. Стартавая цана — 42 рублі


Так выглядаў маёнтак «Малыя Дольцы», калі яго ўпершыню выставілі на продаж. Архўнае фота
Так выглядаў маёнтак «Малыя Дольцы», калі яго ўпершыню выставілі на продаж. Архўнае фота

Аўкцыён адбудзецца 23 студзеня 2026 году на плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы. Летась таргі не адбыліся — на іх ніхто не зарэгістраваўся.

На продаж выставілі маёнтак «Малыя Дольцы», які знаходзіцца ў вёсцы Новае жыцьцё Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Яго пабудавалі арыентавана ў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Тады ён належаў сямейству Веранько, а ў пачатку ХХ стагодзьдзя — роду Сушчынскіх.

Стартавая цана на аўкцыёне складае 42 рублі, зь першым крокам таргоў у 2,10 рубля. Летась стартавая цана была 40 рублёў.

Маёнтак пабудавалі ў стылі эклектыкі. Цэнтральны фасад і вуглы будынку ўпрыгожаныя пілястрамі, а ўздоўж даху выдзелены карніз. З боку парку ёсьць цокальны паверх. Памяшканьні першага паверху былі жылымі, а на другім паверху разьмяшчаўся летні пакой.

На пачатку ў склад маёнтка ўваходзілі 5 населеных пунктаў, быў млын, карчма, хлебная крама, драўляная Сьвята-Мікалаеўская царква. У 1880 годзе ў ім было 18 падворкаў і 198 жыхароў.

У пачатку XX стагодзьдзя тут паставілі адну зь першых беларускіх п’ес — «Міхалка» (аўтар Вацлаў Іваноўскі, які пісаў пад псэўданімам Браты Далецкія) пра камэдыйную гісторыю сватаўства, калі шляхціц Язэп Карыта спрабаваў выдаць сваю 38-гадовую дачку Адэлю за наіўнага хлопца Міхалку, сьцьвярджаючы, што ёй 23 гады. Гэтая п’еса лічыцца адным з раньніх узораў беларускай нацыянальнай драматургіі пачатку XX стагодзьдзя.

Пасьля вайны ў маёнтку быў інтэрнат. Пасьля пажару будынак некалькі гадоў не выкарыстоўваўся. Быў адбудаваны ў 1976 годзе. У савецкія часы ў маёнтку разьмяшчалася кантора калгасу «Новае жыцьцё», сельскі клюб, бібліятэка, а ў падвалах дзейнічала калгасная майстэрня па вырабу збруі для каней.

Клюб і бібліятэка працягвалі дзейнічаць да 2011 году, а да 2013-га — паштовае аддзяленьне і электрасеткі. Ужо 12 гадоў будынак увогуле не выкарыстоўваецца. У 2020 годзе яго ўключылі ў сьпіс матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Згодна з умовамі аўкцыёну, пераможац пры афармленьні ўласнасьці павінен узяць ахоўныя абавязкі.

Новы ўласьнік будынку атрымае ў арэнду і зямельны ўчастак (без правядзеньня аўкцыёну і аплаты права арэнды).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG