Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны Дом рамесьніка ў Паставах прадалі за цану, вышэйшую за стартавую ў два разы


Прададзены гістарычны Дом рамесьніка ў Паставах. Архіўнае фота
Прададзены гістарычны Дом рамесьніка ў Паставах. Архіўнае фота

У выніку аўкцыёну 17 сьнежня на плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы прадалі колішні Дом рамесьніка ў Паставах Віцебскай вобласьці.

Як вынікае з паведамленьня на сайце біржы, у аўкцыёне ўдзельнічалі тры асобы, а будынак прадалі за 51 830,26 рубля. Стартавая цана была вызначаная на ўзроўні 21 155,22 рубля з крокам таргоў у 1 057,76 рубля.

Хто набыў гістарычны будынак невядома.

Будынак пад двухсхільным дахам пабудаваны ў 1760–1780 гады ў стылі барока. Нізкі паверх на галоўным фасадзе завяршае фігурны шчыт з мансардавым акном у цэнтры. Яго спраектаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака, які ў 1770-х гадах працаваў пры двары караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ўдзельнічаў у будаўніцтве рынкавага пляцу ў Паставах.

Згодна з умовамі аўкцыёну, новы ўласьнік мае цягам 30 дзён пасьля набыцьця дому падпісаць ахоўны абавязак. Да продажу аб’ект належаў віцебскаму прадпрыемству «Белсаюздрук».

Будынак будзе перааформлены ў прыватную ўласнасьць, але зямельны ўчастак у тры соткі перададуць у арэнду на 50 гадоў. Новы ўласьнік зможа перарабіць будынак у жылы або разьмясьціць які-кольвек аб’ект сацыяльнага ці транспартнага абслугоўваньня, у тым ліку краму, гатэль, мэдычны, аздараўленчы, спартовы ці турыстычны цэнтар і г.д.

У таргах маглі ўдзельнічаць беларускія і замежныя грамадзяне, а таксама дзяржаўныя і недзяржаўныя юрыдычныя асобы.

Гэта была другая спроба прадаць Дом рамесьніка — 12 лістапада аўкцыён не адбыўся, бо не зарэгістраваўся ніводзін ахвочы набыць гістарычную каштоўнасьць. Тады стартавая цана складала 105 776,08 рубля.

Дом знаходзіцца ў цэнтры Паставаў, дзе раней быў Рынак. Асноўная частка архітэктурнага ансамблю захоўвалася да 1950-х гадоў. Потым некалькі будынкаў, а таксама гандлёвыя рады зьнесьлі. Ад забудовы пляцу ў XVIII стагодзьдзі засталіся колішнія Дом лекара, тры дамы рамесьнікаў, жылы дом і гатэль. Архітэктурны ансамбль уключылі ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG