Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьменшылі стартавую цану маёнтку Падароск у Ваўкавыскім раёне і зноў выставілі на аўкцыён


Цяперашні стан галоўнага будынку маёнтку, які выставілі на продаж 15 студзеня 2026 году
Цяперашні стан галоўнага будынку маёнтку, які выставілі на продаж 15 студзеня 2026 году

Аўкцыён на продаж маёнтку Падароск, што ў Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці, заплянавалі на 15 студзеня 2026 году.

Як вынікае з сайту Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, стартавую цану аб’екту, які раней адабралі ў інвэстара, зьнізілі да 1 080 245 рублёў з пачатковай у 2 160 490 рублёў.

Папярэдні аўкцыён мусіў прайсьці 14 лістапада, але на яго не зарэгістраваўся ніводны ўдзельнік.

Маёнтак ужо адзін раз прадавалі ў 2013 годзе, але вярнулі на балянс мясцовых уладаў празь нібыта невыкананьне пакупніком інвэстыцыйных умоваў.

Маёнтак Падароск — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ён пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў, апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — гэта сын вядомага філёзафа Флярыяна Бохвіца. Раманавага сына Отана савецкія ўлады арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыску.

Згодна з умовамі, маёнтак маюць пачаць выкарыстоўваць не пазьней як праз тры гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакумэнтацыяй.

У 2013 годзе маёнтак за 120 тысяч даляраў набыў бізнэсовец Павал Падкарытаў. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.

У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам інвэстар тады ўклаў у праект каля мільёна даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG