Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сядзіба за 40 рублёў». Як беларускія ўлады прадаюць помнікі архітэктуры расейскім інвэстарам, а пасьля забіраюць і зноў прадаюць


Падароск
Падароск

У Слоніме расейскаму інвэстару прадалі сынагогу 1642 году. Цана — 42 рублі. Гэта ўжо другі інвэстар, які набывае помнік. Расказваем, як дзяржава перш прадае такія помнікі, а пасьля іх зноў вяртаюць на аўкцыён.

Чарговы раз мясцовыя ўлады выставілі слонімскую сынагогу на продаж вясной 2023 году. Спрабавалі атрымаць 129 тысяч рублёў, вынікае з дадзеных Беларускай унівэрсальнай гандлёвай біржы. Пасьля цану зьнізілі да 64,5 тысячы рублёў. У выніку помнік барочнай архітэктуры прадалі за 42 рублі, крыху больш як за 1 базавую велічыню. Інвэстар — грамадзянін Расеі, імя якога не раскрываюць.

Цяпер інвэстару трэба зрабіць праект узнаўленьня помніка ці капітальнага рамонту. Таксама цягам 5 гадоў трэба ўзнавіць помнік і захаваць пры гэтым ягоныя стылістычныя і канструкцыйныя асаблівасьці.

Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Пасьля Другой сусьветнай вайны яна ня дзейнічала, выкарыстоўвалася як склад і гандлёвае памяшканьне. Гэта ўжо ня першы інвэстар, які ўкладае сродкі ў яе аднаўленьне.

Сынагога ў Слоніме
Сынагога ў Слоніме

27 000 рублёў і адмова ад праекту

У канцы 2020 году слонімскую сынагогу набыла дзіцячая пісьменьніца Ілона Караваева, аддаўшы дзяржаве 27 тысяч рублёў. Пасьля выявілася, што толькі на праект рэканструкцыі сынагогі спатрэбіцца мінімум 50 000 даляраў.

Пісьменьніца адкрыла фонд, каб сабраць неабходныя грошы. Назьбірала толькі 2700 рублёў. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне і санкцыяў зьбіраць грошы на ўзнаўленьне помніка стала зусім складана. У 2022 годзе фонд зьліквідавалі, не здабыўшы ні дапамогі ад дзяржавы, ні міжнароднай фінансавай падтрымкі.

Сынагога вярнулася на балянс дзяржавы, каб праз два гады займець новага інвэстара.

Кадр з «Масакры» з комплексам у Жалудку
Кадр з «Масакры» з комплексам у Жалудку

Сядзіба зь фільму «Масакра»

У канцы лета 2014 году сям’я Гаўрылавых з Расеі набыла сядзібна-паркавы комплекс Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх у Жалудку, каштаваў ён ім 90 000 даляраў. Комплекс у 1907 годзе пабудаваў Людвік Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, скарыстаўшыся праектам варшаўскага архітэктара Ўладыслава Марконі. На тэрыторыі сядзібы здымалі фільм Андрэя Кудзіненкі «Масакра».

У 2015–2018 гадах у пракуратуры зьявіліся прэтэнзіі да ўласьнікаў. На думку ўладаў Беларусі, уласьнік не рабіў адпаведных захадаў дзеля захаваньня аб’екта.

У 2019 годзе пракуратура Шчучынскага раёну выставіла пазоў аб забраньні маёмасьці ад уласьнікаў, у наступным годзе суд ухваліў гэтае рашэньне. У 2021 годзе сядзібу зноў выставілі на аўкцыён. У лістападзе 2023-га яна ўсё яшчэ была на балянсе дзяржавы. На сайце Беларускай унівэрсальнай гандлёвай біржы няма сьвежай інфармацыі аб таргах наконт гэтага аб’екта.

Сядзіба ў Падароску
Сядзіба ў Падароску

«Уклалі мільён даляраў і пазбавіліся бізнэсу»

У 2013 годзе бізнэсовец Павал Падкарытаў набыў маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне за 120 тысяч даляраў. Бізнэсовец плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.

У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам у праект уклалі каля мільёна даляраў, кажа Павал Падкарытаў.

«Калі ў 2013 годзе я набываў Падароск, у дамове былі досыць ляяльныя варункі: за два гады мы мусілі ўвесьці аб’ект у гаспадарчы абарот, зьвязаны з турыстычнай дзейнасьцю. Мы гэта і зрабілі, запусьцілі комплекс для турыстаў, ладзілі экскурсіі, прымалі турыстаў, абсталявалі інфраструктуру. Калі кіравацца патрабаваньнямі закону — прэтэнзій да нас узьнікнуць не магло. Аднак на пэўным этапе ўлады выставілі патрабаваньне. Аказваецца, за два гады мы мусілі распрацаваць дакумэнтацыю, правесьці рэстаўрацыйныя працы і здаць аб’ект у эксплюатацыю адпаведна будаўнічым нормам», — кажа бізнэсовец.

Ён даводзіць, што за два гады выканаць такія патрабаваньні было нерэальна. Але гэта і стала прычынай разрыву дамовы з боку дзяржавы. Дамова не прадугледжвала ніякага вяртаньня грошай.

«Нават калі прыходзіць інвэстар з грашыма, укласьціся ў такія ўмовы немагчыма».

Павал Падкарытаў прыводзіць у прыклад слонімскую сынагогу: паводле дакумэнтаў, інвэстар мусіць яе адрэстаўраваць за 5 гадоў. На думку бізнэсоўца, такія ўмовы выканаць немагчыма. Як для гэтага, так і для іншых аб’ектаў. Закон варта пераглядаць.

«Трэба больш рэальныя варункі апісваць у такіх дамовах. А таксама без належнай судовай улады ўсе гэтыя дамовы — кавалкі паперы. Калі суд ня будзе абараняць права ўласнасьці, ніводная паперка не абароніць інвэстара. Працэдура павінна быць комплексная — зьмена заканадаўства і незалежнасьць судовай улады», — кажа бізнэсовец.

Сядзіба ў Падароску
Сядзіба ў Падароску

Пры гэтым ён дадае, што мясцовыя ўлады зацікаўленыя, каб помнікам архітэктуры займаўся інвэстар.

«Мясцовыя ўлады зацікаўленыя, каб зь іх нехта зьняў цяжар адказнасьці за гістарычныя аб’екты. Пэўны час мы знаходзілі зь мясцовымі ўладамі агульную мову. Аднак надышла сытуацыя, калі ім паступіла каманда, што такога інвэстара тут быць не павінна. Нават ня ведаю, што ім не спадабалася. Завялі крымінальную справу, год шукалі склад злачынства і нічога не знайшлі», — прыгадвае бізнэсовец.

У крымінальнай справе былі 6 фігурантаў:

  • заснавальнік «Маёнтку Падароск» Павал Падкарытаў;
  • дырэктар «Маёнтку Падароск» Юры Меляшкевіч;
  • фінансавы дырэктар Зьміцер Карабач;
  • бухгальтар Вольга Балтрукевіч;
  • былы дырэктар Андрэй Колас;
  • супрацоўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч.

Урэшце крымінальную справу закрылі з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Маёнтак Падароск цяпер на балянсе мясцовых уладаў, на аўкцыён яго пакуль не выстаўлялі.

За год цана зьнізілася ў 23 тысячы разоў

Летась улады 6 разоў выстаўлялі на таргі сядзібу графа Чарнышова-Круглікава ў Чачэрскім раёне (гэты помнік архітэктуры пачалі будаваць у 1774 годзе).

Спачатку аб’ект выставілі на аўкцыён за 859 тысяч рублёў. Урэшце цана зьнізілася да 37 рублёў, але сядзібу так ніхто і не набыў.

Наступныя таргі адбудуцца 12 сакавіка, цяпер цана аб’екта — 40 рублёў. За мінулы і сёлетні год гэта ўжо сёмая спроба прадаць аб’ект.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG