Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як 20 гадоў таму тарашкевіца перамагла дзяржаву ў судзе


Папярэджаньне газэце „Наша ніва“ 29.05.1998
Папярэджаньне газэце „Наша ніва“ 29.05.1998

Як узьніклі два варыянты беларускага правапісу (і фактычна граматыкі) у выніку бальшавіцкага правапіснага расколу 1933 году, апісана добра. Але найноўшая гісторыя тарашкевіцы, асабліва ў даінтэрнэтавы пэрыяд, малавядомая. Нагадаю падзеі роўна 20-гадовай даўніны.

Вось жа ўлетку 1998 году ў Менску праходзіў унікальны судовы працэс, дзе тарашкевіца абараніла сябе ад рэпрэсіяў. Кантэкст такі. У Закон аб друку акурат былі ўнесеныя рэпрэсіўныя зьмены: урад займеў права спыняць выданьне газэтаў без пастановы суду пасьля двух папярэджаньняў амаль за што заўгодна, у тым ліку — калі выданьне не трымаецца так званых „агульнапрынятых нормаў мовы“. Што гэта за нормы, закон не тлумачыў.

Зразумела, зьмены мелі на мэце зусім ня клопат пра беларускую мову — апошняе гучыць сьмешна на фоне тагачаснай кронікі закрыцьця беларускіх клясаў і скасаваньня апошніх беларускамоўных праграмаў дзяржаўных радыё і тэлевізіі. Рэч у тым, што тарашкевіцай друкаваліся легендарная газэта „Свабода“ (і сягала накладу 100 тыс. асобнікаў) і адроджаная Сяргеем Дубаўцом у 1991 годзе інтэлектуальная нацыятворчая „Наша ніва“.

Як 20 гадоў таму тарашкевіца перамагла дзяржаву ў судзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:03 0:00
Наўпроставы лінк

Злачынныя словы „асобнік“ і „гледзішча“

„Свабоду“ прыдумалі за што закрыць. Засталася апошняя агульнанацыянальная беларускамоўная газэта — „Наша ніва“. І вось 29 траўня 1998 году Дзяржаўны камітэт друку выносіць ёй папярэджаньне — за тое, што не пільнуецца тых самых „агульнапрынятых нормаў мовы“. І патрабуе друкаваць газэту сталінскім правапісам.

„Наша ніва“ піша пра Дзень Незалежнасьці ў 1996 г.
„Наша ніва“ піша пра Дзень Незалежнасьці ў 1996 г.

Цытуем.

„Сутнасць парушэння:

У аснове ўжываемага газетай „Наша ніва“ [sic! — В.В.] пакладзены арфаграфічныя правілы, якія ўжываліся … ў 20-х гадах …, але былі адмененыя правапіснай рэформай 1933 года:

— паслядоўна абазначаецца асіміляцыйная мяккасць зычных мяккім знакам … (зьмест, сьвет, сьвята і інш.);

— цвёрдыя зычныя ў словах іншамоўнага паходжання адзначаюцца шляхам напісання пасля іх галосных „э“, „ы“ (апазыцыя, бэнзын, газэта і інш.); (...)

— адмоўе „не“ перадаюцца праз „ня“ перад словамі, дзе націск прыходзіцца на першы склад (ня ведаю, ня зможа, ня схільны і інш.);

— неабмежавана выкарыстоўваецца канчатак -аў/-яў (асобаў, ахвяраў і інш.); (...)

— ужываюцца словы, якія не фіксуюцца слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы … для якіх у беларускай літаратурнай мове існуюць дакладныя семантычныя адпаведнікі — асобнік (экземпляр), відзежа (бачнасць), гледзішча (пункт погляду), улётка (лістоўка) і інш. (...)“

Папярэджаньне газэце „Наша ніва“ 29.05.1998
Папярэджаньне газэце „Наша ніва“ 29.05.1998

Подпіс старшыні камітэту Міхаіла Падгайнага (зрэшты, сумняюся, што гэта была яго ініцыятыва).

Зазначу, што відзежа — гэта зусім ня „бачнасьць“, а ‘міраж’ ці ‘прывід’, а словы асобнік, гледзішча, улётка ўжо ўвайшлі нават у афіцыйныя слоўнікі XXI ст., бо рэальна шырока ўжываюцца і мова мае ў іх патрэбу. Згаданыя ж у „абвінавачаньні“ канчаткі фігуруюць як варыянтныя ў акадэмічных граматыках.

Фашысцкія прыслужнікі зь мяккім знакам наперавес

Папярэджаньне, як тлумачыў М. Падгайны, зьявілася ў выніку нейкай скаргі нейкіх неабыякавых чытачоў, а яго зьмест грунтаваўся на экспэртным заключэньні члена-карэспандэнта Акадэміі навук, былога дырэктара Інстытуту мовазнаўства Аркадзя Жураўскага. Ён вінаваціць Дубаўцову „Нашу ніву“ ня толькі ва ўжываньні клясычнага правапісу зь ягонымі асыміляцыйнымі мяккімі знакамі, але і ў выкарыстаньні (акрамя ўжо згаданых вышэй) словаў:

альфабэт, пісьменства, дасьледнік, майстроўня, бальшыня, габрэйскі, мысьляр, сумнеў, Менск, Наваградак...

У свой час Аркадзь Ёсіфавіч нямала зрабіў для вывучэньня гісторыі старабеларускай мовы і мае за гэта заслужаную пашану. Але тут, не абцяжарваючы сябе навуковай этыкай, хвацка зьвязаў правапіс Тарашкевіча, які загінуў ад рук сталінскіх катаў у 1938 годзе, а заадно і мову адроджанай „Нашай нівы“, з „калабаранцкім друкам перыяду фашысцкай акупацыі Беларусі“. „Фашысцкія прыслужнікі“ памінаюцца ў дакумэнце некалькі разоў. Калі б такая „лінгвістычная экспэртыза“ зьявілася ў сталінскія часы, яна паслужыла б падставаю для расстрэльных прысудаў.

Бараніць ад беларускага савецкага самаедзтва

Але ў 1998 годзе „Наша ніва“ не паводзіцца „применительно к подлости“, як казаў Салтыкоў-Шчадрын, а ідзе ў контранаступ. Падае ў Найвышэйшы гаспадарчы суд заяву, дзе патрабуе скасаваць папярэджаньне. Рэдактар Сяргей Дубавец заклікае да салідарнасьці:

Шаноўныя суайчыньнікі. Апынулася пад пагрозай закрыцьця „Наша ніва“ — адзіная (апошняя) у Беларусі газэта, мова якой не папсаваная рэпрэсіўнай рэформай 1933 году. Бязродныя Лукашэнкавы „сьпяцы“ ўзяліся за апошні спаміж газэт бастыён дэкамунізацыі і ў горшых традыцыях сталінскага “мовазнаўства” ды беларускага савецкага самаедзтва выстаўляюць нам закіды, нібы пазычаныя з Орўэлаўскае антыўтопіі. (…) Мы зьвяртаемся да ўсіх сьведамых людзей з просьбай выказаць салідарнасьць з „Нашай Нівай“, падтрымаць ідэю пашырэньня беларускае мовы ў яе несапсутым абліччы”.

Заклік быў пачуты. Пачынаецца нацыянальная і міжнародная кампанія салідарнасьці з газэтай і тарашкевіцай.

„У акадэмічным асяродзьдзі гэтыя варыянты заўсёды разглядаліся як роўныя“

Адгукнуліся грунтоўнымі заявамі вядомыя навукоўцы.

Праф. Павел Сьцяцко (Горадня)
Праф. Павел Сьцяцко (Горадня)

Павел Сьцяцко — прафэсар, загадчык катэдры Горадзенскага ўнівэрсытэту, выдатнік адукацыі (усе гэтыя заслужаныя тытулы былі і эфэктыўным таранам для прабіваньня бюракратычнай сьцяны):

Газэта „Наша ніва“ трывала працягвае лепшыя традыцыі сваёй папярэдніцы, заснаванай у 1906 годзе, рэдактарам і выдаўцом якой … быў Янка Купала … Мова — жывы арганізм, які чуйна рэагуе на зьмены ў жыцьці і грамадзтве. … Мова недзяржаўнай газэты „Наша ніва“ ня можа падлягаць рэглямэнтацыі, бо яе выданьне залежыць найперш ад „спажыўцоў“-падпішчыкаў: калі газэта іх задавальняе, яны і падпісваюцца на яе.

Манаграфія аўтарства А. Падлужнага і В. Чэкмана
Манаграфія аўтарства А. Падлужнага і В. Чэкмана

Сваё заключэньне прыслаў шанаваны лінгвіст, які раней нямала гадоў адпрацаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, — загадчык катэдры Віленскага ўнівэрсытэту прафэсар Валеры Чэкманас (Чэкман):

Дыскусія аб прынцыпах беларускай артаграфіі перад рэформай [1933 г.] адбывалася ва ўмовах „барацьбы з нацдэмаўшчынай“, праблема была ідэалягізаваная, і праціўнікі новага правапісу, падставовай мэтай якога было наблізіць беларускую артарафію да рускай, аб’яўляліся „ворагамі народу“. Гэты ідэалягізаваны падыход да вырашэньня сацыялінгвістычных праблем … выразна адчуваецца ў выказваньнях А. Жураўскага.

Пасьля рэформы … у беларускай літаратурнай мове існавалі дзьве агульнапрынятыя артаграфіі, адна зь якіх ужывалася толькі ў БССР, а другая — традыцыйная, дарэформавая — ува ўсіх выданьнях за межамі БССР. У акадэмічным асяродзьдзі гэтыя варыянты заўсёды разглядаліся як роўныя, і толькі найбольш ідэалягізаваныя філёлягі варожа ставіліся да самой ідэі і факту суіснаваньня абодвух варыянтаў...

Выказаўся доктар гістарычных навук прафэсар Леанід Лыч, які даўно дасьледуе гісторыю моўнай палітыкі ХХ ст.:

Зь першых дзён існаваньня традыцыйны правапіс прыняла адноўленая ў 1991 годзе „Наша ніва“. Іначай і быць не магло, бо яна лічыць сябе пераемніцай той „Нашай нівы“ пачатку стагодзьдзя, якая адыграла вырашальную ролю ў нацыянальна-культурным Адраджэньні беларускага народу. Газэта арганічна не магла прыняць штучны русыфікаваны сталінскі правапіс узору 1933 готду, яна працягвае карыстацца мовай Купалы. (…) Але ніхто ня ў стане спыніць тую самаахвярную працу дзеля ўзбагачэньня нашай мовы, якую вядуць супрацоўнікі „Нашай нівы“ (...) Я прасіў бы шаноўны суд ня браць на сябе ганебную ролю і не дапусьціць расправы над унікальнай культурнай зьявай, імя якой — „Наша Ніва“.

„На суды павялі яе зьвязанай...“

У абарону права газэты на правапіс выступіла баявое тады ТБМ на чале з Генадзем Бураўкіным, газэту падтрымалі БАЖ, кааліцыйная Беларуская праваабарончая канвэнцыя, БХК пад кіраваньнем Тацяны Процькі і нават Беларускі саюз прадпрымальнікаў (віцэ-прэзыдэнт Аляксандар Патупа).

Абурыліся згуртаваньні беларускай дыяспары, у тым ліку Асацыяцыя беларусаў Вялікай Брытаніі, а Сябра Рады БНР Раіса Жук-Грышкевіч ад імя Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады заявіла:

Прысуд Беларускай Мове вынес савецкі рэжым у 1933 годзе, уводзячы варожую беларускасьці, русыфікацыйную рэформу правапісу…Суд над „Нашай Нівай“ за тое, што яна выступае ў вабароне перад генацыдам свае роднае мовы, за тое, што яна адмаўляецца ўжываць ворагамі накінуты зрусыфікаваны савецкі правапіс 1933 году.

Мы спадзяемся, што ў Паважаных судзьдзяў Вышэйшага гаспадарчага суду РБ б’ецца беларускае сэрца, якое не дапусьціць зьдзеку зь беларускае мовы, а дазволіць „Нашай Ніве“ надалей пісаць правільным беларускім правапісам, які называюць „Тарашкевіцай“.

Раіса Жук-Грышкевіч нагадала суду верш Янкі Купалы „Суды“ пра той самы суд над моваю:

На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы зь белых грудзей,
І судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.

Права беларуса на тарашкевіцу

Але што было сапраўды беспрэцэдэнтна — гэта міжнародная салідарнасьць зь беларусамі, якія баранілі сваё права на мову. Выказаліся ўплывовыя міжнародныя арганізацыі.

Глябальная праваабарончая арганізацыя „Артыкул ХІХ“, якая выступае супраць цэнзуры, запатрабавала ад уладаў адклікаць папярэджаньне як парушэньне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох 1973 году. Яна спасылаецца і на Камітэт правоў чалавека ААН, які ў 1993 годзе зрабіў выснову:

Дзяржава можа выбраць адну ці болей афіцыйных моваў, але яна ня можа выключаць па-за дзяржаўнай сфэрай свабоды самавыразу на мове паводле выбару асобы.

І дадае:

Любое… абмежаваньне [формы мовы], накіраванае супраць недзяржаўнай установы, ёсьць грубым парушэньнем міжнародна абароненага права на свабоду слова.

Адкрыты ліст да міністра замежных справаў І. Антановіча падпісалі Арон Роўдс (МХФ) і Тацяна Процька (БХК)
Адкрыты ліст да міністра замежных справаў І. Антановіча падпісалі Арон Роўдс (МХФ) і Тацяна Процька (БХК)

Запатрабавалі спыніць перасьлед газэты за правапіс таксама Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя, міжнародны Фонд абароны галоснасьці (кіраўнік Аляксей Сіманаў) у зваротах да ўлады і да АБСЭ.

Гаспадарчы суд: даўгі, ліцэнзіі, нерухомасьць… і канчаткі роднага склону

На працэс 12 жніўня ў якасьці экспэртаў прыйшлі аўтарытэтны мовазнаўца-славіст прафэсар Генадзь Цыхун з Акадэміі навук; знакаміты юрыст, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў (судзьдзя Петухова аказалася ягонай колішняй студэнткай). Нешта давялося казаць і мне. Памятаю, як няёмка пачувалася судзьдзя, спрактыкаваная ў гаспадарчых працэсах, калі загучалі словы „кадыфікацыя правапісу“ або „асыміляцыйная мяккасьць“.

Праф. Генадзь Цыхун (Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі)
Праф. Генадзь Цыхун (Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі)

​Абсурднасьць пераносу лінгвістычных спрэчак у гаспадарчы суд была відавочная. Але галоўнае, што ўладам тады яшчэ залежала на міжнароднай рэпутацыі. Суд вырашыў правесьці сіламі адмысловай „лінгвістычнай камісіі“ комплексную экспэртызу. У сьнежні 1998 г. папярэджаньне з „Нашай Нівы“ было ціха зьнятае.

Так „Наша ніва“ Дубаўца адстаяла свой гонар і годнасьць ды пераемнасьць з „Нашай нівай“ Луцкевічаў і Купалы. Права беларуса на несавецкі правапіс — адно з фундамэнтальных правоў чалавека. У 1998 годзе нават іншаземцы разумелі гэта.

А заканадаўцы хто?

З таго часу ўлада зрабіла высновы. Крыху змадыфікаваны сталінскі правапіс у 2008 годзе прыняты як закон. Гэта беспрэцэдэнтна ў сьвеце: правапісы розных моваў рэгулююцца або звычаёва, або групай лінгвістаў з агульнапрызнаным аўтарытэтам, або (рэдка) на ўзроўні выканаўчай улады — але не заканадаўчай, бо тады кожная дробная зьмена ў напісаньні нейкага злучніка павінна праходзіць усе этапы заканадаўчай працэдуры.

І прымалі правапісны закон людзі, абсалютная бальшыня якіх беларускаю моваю не карыстаецца, а многія і ня лічаць яе каштоўнасьцю (інакш ужо даўно орган заканадаўчай улады працаваў бы па-беларуску). Гэта ня дбаньне пра еднасьць і разьвіцьцё беларускае мовы. Гэта ўсё тое ж выкарыстаньне моўнай рэглямэнтацыі ў якасьці палітычнага інструмэнту — і каб у патрэбе прыжучыць неляяльнае mass-medium, і каб аддзяліць сучаснага беларуса надзейным бар’ерам ад клясычнай моўнай традыцыі, якою напісаныя культуратворчыя тэксты несавецкае беларушчыны.

А калі нехта кажа, што пісаць наркамаўкай — гэта „мэйнстрым“, я спакойна прашу ўспомніць, коштам якіх чалавечых ахвяраў у 1930-я і якіх палітычных рэпрэсіяў у позьнія 1990-я гэты „мэйнстрым“ замацоўваўся.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG