Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фільме пра Янку Купалу ўсе героі «будуць размаўляць на сваіх мовах»


Янка Купала. 1923 год
Янка Купала. 1923 год

На «Беларусьфільме» здымаюць фільм пра Янку Купалу з працоўнай назвай «Пакуль будзе неба». У сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя, што нацыянальны праект пра клясыка і песьняра здымаецца па-расейску. Міністэрства культуры і кіраўніцтва «Беларусьфільма» абвяргае гэта — фільм будзе шматмоўны. Хоць на здымачнай пляцоўцы акторы і рэжысэры кантактуць паміж сабой па-расейску.

Цэлы працоўны дзень — з 9-й раніцы да 17-й гадзіны — карэспандэнтцы Свабоды спатрэбіўся, каб усё ж даведацца, на якой мове здымаюць на «Беларусьфільме» стужку пра Янку Купалу. Чыноўнікі трымалі кругавую абарону, а рэжысэр фільму Ўладзімер Янкоўскі адмовіўся размаўляць з прэсай да прэм’еры.

Мінкульт: «Сьмешна чуць такое — што фільм Янку Купалу будзе толькі па-расейску»

Супрацоўнік аддзелу кінэматаграфіі Міністэрства культуры абверг, што фільм пра Янку Купалу будзе на расейскай мове. На пытаньне Свабоды, на якой усё ж такі мове здымаецца фільм, бо ў фэйсбуку акторы пішуць, што быццам бы па-расейску, ён адказаў, што ўпершыню такое чуе.

«Як вы гэта сабе ўяўляеце, што фільм будзе толькі на расейскай мове? Вы ж ведаеце, што да вайны ўсе шыльды ў Менску былі на чатырох мовах — беларускай, расейскай, польскай і габрэйскай. Сьмешна чуць такое — што фільм пра той час і Янку Купалу будзе толькі па-расейску! Гэта нейкая плётка, а вы сур’ёзная ўстанова. Немагчыма ўявіць сабе такое. Няма падставы такое абмяркоўваць, усё будзе так, як павінна — гэта ж нацыянальны праект. І Міністэрства культуры нават не ўяўляе сабе іншага ўвасабленьня праекту пра нашага нацыянальнага пісьменьніка», — сказаў прадстаўнік Мінкульту.

І параіў пра падрабязнасьці запытаць у дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімера Карачэўскага і рэжысэра Ўладзімера Янкоўскага.

«Камэнтароў не дае нават рэжысэр Уладзімер Янкоўскі. Да гэтага праекту ніхто не дапускаецца»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

А вось «Беларусьфільм» доўга інтрыгаваў, на якой мове будзе здымацца кіно пра Янку Купалу. Сакратарка накіроўвала да вядучай спэцыялісткі, якая не адказвала. Потым — да дырэктаркі студыі ігравых фільмаў, якая казала, што «супрацоўнікам забаронена даваць інтэрвію», генэральны дырэктар быў заняты — «у яго ў кабінэце расейцы».

Прэс-сакратарка «Беларусьфільму» Аліна Малахава нарэшце ў сярэдзіне дня адгукнулася і сказала, што не гатовая даваць ніякія камэнтары.

«Камэнтароў не дае нават рэжысэр Уладзімер Янкоўскі. Да гэтага праекту ніхто не дапускаецца, і прэса да яго ня будзе дапушчана. Яна была дапушчана толькі ў той момант, калі першы дзень здымак «адыходнай натуры», — паведаміла Аліна Малахава.

«Будзе шматгалосьсе, шматмоўе — расейская, беларуская, польская, трасянка, ідыш»

І толькі ўвечары мастацкі кіраўнік кінастудыі Ігар Поршнеў сказаў, што героі фільму размаўляюць на розных мовах, фільм будзе шматмоўны.

Ігар Поршнеў
Ігар Поршнеў

«Героі фільму размаўляюць на сваіх мовах. Янка Купала пісаў вершы па-беларуску, у сям’і размаўляў таксама па-беларуску, але калі ён быў у Санкт-Пецярбургу, размаўляў па-расейску. Астатнія героі будуць гаварыць на тых мовах, дзе адбываецца дзеяньне. Будзе і ідыш, і польская, і літоўская, і цыганская. Да прыкладу, у Вільні гаварылі па-літоўску, па-беларуску, па-польску, на трасянцы. Гэты прыём вядомы па многіх фільмах, калі сугучнасьць моў стварае своеасаблівую музычную партытуру. Гэта творчае рашэньне рэжысэра — усе героі будуць размаўляць на сваіх мовах. Гэта як на ўсходнім кірмашы ў якім-небудзь Стамбуле — будзе шматгалосьсе, шматмоўе», — кажа Ігар Поршнеў.

«На здымачнай пляцоўцы рэжысэр і акторы кантактуюць па-расейску»

Пробы праходзяць акторы і зь Літвы, і з Украіны, і з Расеі, яны кантактуюць па-расейску, і здымачная група паміж сабой размаўляе па-расейску. Але гэта не азначае, што фільм будзе на расейскай мове, кажа Ігар Поршнеў.

«Гэтае пытаньне адразу ўзьнікала: здымаць па-расейску, здымаць па-беларуску, куды арыентавацца — на Эўропу, на Расею. Але ў першую чаргу мы арыентуемся на Беларусь, таму што, я лічу, школьнай праграмы недастаткова. Можа, паглядзяць кіно і даведаюцца, хто такі Янка Купала.

Задача ў рэжысэра складаная на гэтым праекце, яму няпроста. І ён прыняў правільнае рашэньне, калі адмовіўся кантактаваць з прэсай, пакуль ня здыме кіно».

Ігар Поршнеў не сказаў, як канчаткова будзе называцца фільм, не адказаў і на пытаньне, ці стары гэта сцэнар, ці зьмяніўся ён — запрасіў на прэм’еру праз год.

«Ніякіх указаньняў здымаць па-беларуску ці па-расейску ніколі не было, нават пры Замяталіну»

Былая галоўная рэдактарка кінастудыі «Беларусфільм», кандыдатка мастацтвазнаўства Натальля Сьцяжко кажа, што на «Беларусьфільме» ніколі ніякіх пастаноў, ніякіх замоў, ніякіх загадаў, на якой мове здымаць фільмы, яна ня бачыла.

«Ніякіх указаньняў здымаць толькі па-беларуску ці толькі па-расейску ніколі не было, нават пры Замяталіну. Мне падаецца, што ўсё залежыць ад чыноўніка, які на гэты час кіруе кінамастацтвам.

У мяне была сытуацыя зь фільмам «Талаш», які здымаў Сяргей Шульга. Ён вельмі хацеў зьняць Генадзя Гарбука, у самога Гарбука таксама была мара зайграць Талаша. Сцэнар быў на беларускай мове, і кіраваў «Беларусьфільмам» тады Ўладзімер Замяталін. І не было ніякіх пярэчаньняў, усе разумелі, што гэта клясыка беларускай літаратуры і будзе натуральна, калі фільм будзе здымацца на беларускай мове. І словы шукалі, каб яны былі і беларускія, і, з другога боку, невульгарныя. Ну як сказаць «задніца» па-беларуску? Знайшлі варыянт «дупа», — кажа Натальля Сьцяжко.

А ўсе размовы, што фільм трэба прадаць у Расею, Украіну альбо Эўропу, Натальля Сьцяжко называе адгаворкамі.

«Нічога нікуды не прадаецца. І ў першую чаргу нам трэба думаць пра сябе. А калі прадаваць, то можна перакласьці. Таго ж „Талаша“ пераклалі на расейскую мову, гэта не праблема».

Першапачаткова сцэнар меў назву «Забраны край»

Натальля Сьцяжко кажа, што ідэя зьняць фільм пра Янку Купалу ўзьнікла яшчэ гадоў 8 таму, калі міністрам культуры быў Павал Латушка. Алена Калюнова пісала гэты сцэнар па-расейску. Але яго пераклалі на беларускую мову, пераклад рабіў Пятро Васючэнка.

«І засяроджаны Васючэнка быў менавіта на мове Купалы, у якога былі адмысловыя слоўцы, уласьцівыя толькі яму („межджу протчым“ — як было ў „Тутэйшых“), своеасаблівыя інтанацыі. Называўся тады сцэнар „Забраны край“.

Там канва была такая: у Маскве загінуў Янка Купала, ідзе сьледзтва, і розныя флэш-бэкі: дзяцінства, Вільня, Пецярбург... Апытваюць сьведак, і праходзіць усё жыцьцё Купалы. Але мы не пасьпелі запусьціць яго. Зьмянілася кіраўніцтва, было шмат прычын. Я чула, што сцэнар вельмі моцна зьменены. Але я вельмі рада, што нарэшце вярнуліся да Янкі Купалы», — кажа Сьцяжко.

Паводле мастацтвазнаўцы, трэба «гнаць хвалю»: «І нават калі яны здымаюць па-расейску, вымушаныя будуць перакласьці на беларускую».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG