Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба «Беларусьфільму», каб зьняць кіно на «Оскар». Адказваюць рэжысэр, сцэнарыст, актор і крытык


©Shutterstock

4 сакавіка ў тэатры «Долбі» ў Галівудзе (Лос-Анджэлес) адбудзецца 90-я цырымонія ўручэньня ўзнагарод прэміі «Оскар» за заслугі ў галіне кінематографу за 2017 год. Свабода спыталася ў беларускіх рэжысэра, сцэнарыста, актора і канакрытыка, чаму нацыянальная кінастудыя дагэтуль не зьняла фільм на «Оскар» і што для гэтага трэба.

«Ня трэба тунінгаваць „​запарожац“​»

Андрэй Кудзіненка, рэжысэр фільмаў «Акупацыя. Містэрыі», «Розыгрыш», «Масакра»

«Чаму «Беларусьфільм» ня можа зьняць фільм на «Оскар»? З той жа прычыны, зь якой „запарожац“ ня можа выйграць „Формулу-1“. Для гэтага трэба не цюнінгаваць „запарожац“, а стварыць гоначны аўтамабіль паводле актуальных тэхналёгій і з прыцягненьнем няхай і сваіх самародкаў-канструктараў.

Андрэй Кудзіненка (справа)
Андрэй Кудзіненка (справа)

​Перашкаджае адсутнасьць жаданьня, звычка, стратэгія, інэрцыя тунінгаваць, а не вынаходзіць.

Калі афіцыйна заяўляецца: мы ж ня нейкія аматары-маргіналы, каб здымаць на смартфон, у нас прафэсійная тэхніка і мы здымаем за паўмільёна „тэлемувік“. А ў гэты час адзін з найлепшых рэжысэраў сучаснасьці прэзэнтуе на Бэрлінскім фэстывалі фільм, зьняты на смартфон. Галоўнае ня тэхніка, сёньня агульнадаступная, а мазгі.

І яшчэ. Каб быць актуальным для сьвету, трэба востра падымаць свае сацыяльныя і экзыстэнцыяльныя праблемы. А ў нас, прабачце, афіцыйна іх няма».

«„​Беларусьфільм“​ не дае самарэалізацыі творчым і таленавітым людзям»

Андрэй Курэйчык, драматург і сцэнарыст двух дзясяткаў фільмаў

«Для гэтага трэба мець дастатковы творчы патэнцыял. Бо сучаснае кіно — гэта ня сьцены, не павільёны і нават ня камэры. Гэта можна танна ўзяць дзе заўгодна. Найперш гэта творчыя людзі. Думаю, на „Беларусьфільме“ гэтага не разумелі і не разумеюць дагэтуль. Таму там не сфармавана крыло маладой рэжысуры, драматургіі, ня створаны творчы кулак, не арганізавана свабода творчасьці для гэтых людзей. І ў выніку няма пасьпяховых праектаў.

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Можна колькі заўгодна спрабаваць трапіць на расейскі рынак і рабіць, як расейцы. У нас гэта атрымліваецца значна горш.

Бо яны якраз сваіх творчых людзей вельмі берагуць, добра ім плацяць, вельмі матывуюць і даюць ім свабоду. Таму там ёсьць Зьвягінцаў, які на „Оскары“, нягледзячы на тое, што ён здымае вельмі крыўдныя для Расеі фільмы. Таму там ёсьць Папагрэбскі, Герман-малодшы, які ў Бэрліне ўзяў „Срэбранага мядзьведзя“. Бо гэтыя людзі атрымліваюць усе магчымасьці для самарэлізацыі.

А ў нас „Беларусьфільм“ такой самарэалізацыі творчым, найперш маладым таленавітым людзям не дае».

«Патрэбен новы крэатыўны мэнэджар»

Ігар Сігаў, актор тэатру імя Янкі Купалы​, выканаў галоўную ролю ў кароткамэтражным фільме The Door, намінаваным на «Оскара» (2010)

«Я думаю, што «Беларусьфільм» можа зьняць фільм на «Оскара». Чаму не здымае? Бо ня ставяць такіх задач. Магчымасьці для гэтага ёсьць: і акторы, і рэжысэры, і матэрыял, і кінастудыя. Але, каб зьняць кіно, ёсьць іншыя пытаньні — грошы і так далей.

Таму, пакуль «Беларусьфільм» ня выйдзе з крызісу, я ня думаю, што атрымаецца зьняць беларускае кіно на «Оскар». Кінастудыя, па чутках, банкрут. Яна ня можа вылезьці з даўгоў перад дзяржавай. Па-першае, трэба закрыць усе гэтыя дзіркі, а потым ужо...

Трэба мяняць падыход да кіно і наогул да сыстэмы ў кінастудыі. Патрэбен, відаць, новы крэатыўны мэнэджар, які зможа вывесьці «Беларусьфільм» з заняпаду.

«Трэба думаць пра іншае»

Максім Жбанкоў, кінакрытык

«Сьмешна, што мы гэтым пераймаемся. Я ня думаю, што гэта для нас можа быць галоўнай мэтай. Трэба думаць пра іншае. Не пра „оскары“, а пра пэўны ўзровень паразуменьня са сваёй гісторыяй, культурным, палітычным і сацыяльным кантэкстам, са сваёй традыцыяй сьветапогляду. Інакш кажучы, нам бы з сабой разабрацца. А потым можна ўжо размаўляць пра ўсялякія „оскары“.

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

Цяперашняя хваля новых аўтараў самадзейнага, амаль самадастатковага кіно здольная прывабіць айчыннага гледача па-за межамі легальнай кінаіндустрыі і беларусьфільмаўскага кінапрацэсу. Пры тым, што гэтыя стужкі ня цягнуць на „Оскара“, гэта ня так істотна. Бо, каб трапіць на „Оскара“, трэба ўвасабляць моцную кінаіндустрыю, якой у нас ужо даўно няма.

Каб трапіць на „Оскара“, трэба ўвасабляць моцную кінаіндустрыю, якой у нас ужо даўно няма

Пакуль мы назіраем перазагрузку айчыннага кінапрацэсу на падставе пазасыстэмных, „партызанскіх“ ініцыятыў. У нас цяпер стадыя перабудовы і таму „оскараў“ яшчэ доўга ня будзе. Можа, датуль, калі нацыянальная кінаіндустрыя адбудуецца ў нас як адкрытая прастора творчага пошуку па-за межамі дзяржкантролю і дзяржпрыёмкі. І можа, ніхто пра гэты „Оскар“ не згадае, бо галоўнае будзе — сказаць сваім пра сваё».

«Кульгавая кабыла на полі мастацтваў»

У 2010 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка параўнаў «Беларусьфільм» з «кульгавай кабылай, якая сноўдаецца на полі мастацтваў».

​Сёлета падрыхтаваны праект указу «Аб захадах у стымуляваньні разьвіцьця кінэматаграфіі». Паводле міністра культуры Юрыя Бондара, дакумэнт скіраваны на падтрымку якаснага кіно ў цэлым, а не «Беларусьфільму» ў прыватнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG