Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая Ірына Акуловіч, якая ініцыявала справу аб «несанкцыянаваным доступе» да падпіскі БелТА


Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч
Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч

Крымінальная справа супраць супрацоўнікаў незалежных мэдыякампаній Tut.by і БелаПАН распачатая пасьля звароту дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч. Што вядома пра дырэктарку дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва?

Чатыры месяцы на новай пасадзе

43-гадовая Ірына Акуловіч прызначана дырэктаркай БелТА 5 красавіка 2018 году.

Ад 2009 году Ірына Акуловіч кіравала дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй «Магілёў».

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Таксама займала розныя пасады на магілёўскай тэлевізіі, пачынала з карэспандэнцкай працы.

Ірына Акуловіч скончыла Магілёўскі пэдагагічны інстытут імя Куляшова (цяпер Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова. Гэтую ж навучальную ўстанову скончыў і Аляксандар Лукашэнка).

Працавала музычнай кіраўніцай у садку, настаўніцай пачатковых клясаў. У журналістыку трапіла, як яна казала ў адным з інтэрвію, выпадкова, з падказкі сяброўкі. Узяла ўдзел у конкурсе, і яе запрасілі на магілёўскае радыё.

Была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі

У 2009 годзе прызначылі дырэктарам прадпрыемства радыётэлецэнтру «Тэлекампанія „Магілёў“». Вяла на абласным ТВ аналітычную праграму «Днямі». У ёй уздымаліся праблемы рэгіёну, але з акцэнтам на пазыцыю дзяржавы.

У 2013 годзе Магілёўскі аблвыканкам уганараваў Акуловіч спэцыяльнай прэміяй «Чалавек году». Была яна дэпутаткай Магілёўскага абласнога савету 27 скліканьня.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году выступала даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Мае падзяку ад яго.

У Савет Рэспублікі шостага скліканьня Акуловіч выбраная ад Магілёўскай вобласьці. Яна чалец пастаяннай камісіі заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва.

Удзельнічала ва Ўсебеларускім народным сходзе.

«Хочацца, каб беларусы заўсёды жылі ў мірнай краіне», — казала яна.

З супрацоўнікамі незалежных мэдыя паводзілася як калега

Раней журналісты прыгадвалі, што Акуловіч не дэманстравала сваёй далучанасьці да дзяржаўнай тэлевізіі, з супрацоўнікамі незалежных мэдыя паводзілася па-каляжанску.

Падчас крызісу на прыватным тэлеканале «Магілёў-2» і сыходу зь яго журналістаў прапанавала ім працу на дзяржаўным ТВ. Зьявілася новая праграма на беларускай мове «Знаёмыя незнаёмцы» пра творчых асобаў рэгіёну. За часамі дырэктарства на абласным ТВ аднавіліся выпускі навінаў на беларускай мове.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць?

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Ператрусы і затрыманьні ў кампаніях Tut.by і БелаПАН. Абнаўляецца

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG