Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавыя затрыманьні апазыцыянэраў. Каго за што пакаралі. Інфаграфіка


Цягам апошняга тыдня сілавікі затрымалі і асудзілі найбольш актыўных пратэстоўцаў супраць рэстарану каля мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах, а таксама ўдзельнікаў анансаванага пратэсту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня. Свабода падрыхтавала храналёгію затрыманьняў-прысудаў.

30 чэрвеня: затрыманьне лідэраў пратэстаў у Курапатах

Затрымалі найбольш актыўных абаронцаў народнага мэмарыялу ў Курапатах ад камэрцыйнага засваеньня.

Павал Севярынец — Фрунзэнскі раённы суд Менску пакараў на 10 сутак за пікеты ў Курапатах сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Павал Севярынец (зьлева) ля варотаў рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 1 чэрвеня 2018 году
Павал Севярынец (зьлева) ля варотаў рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 1 чэрвеня 2018 году

Вольга Мікалайчык — Першамайскі раённы суд Менску асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту рэжысэрку і актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць рэстарану.

Вольга Мікалайчык на акцыі пратэсту ля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 8 червеня 2018 году
Вольга Мікалайчык на акцыі пратэсту ля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 8 червеня 2018 году

Дзяніс Урбановіч — актывіста затрымалі разам зь Севярынцам і Мікалайчык. 5 ліпеня Свабодзе стала вядома, што з 1 ліпеня ён адбывае 10-суткавы адміністрацыйны арышт у Менскім раённым ізалятары часовага ўтрыманьня.

Дзяніс Урбановіч у Курапатах
Дзяніс Урбановіч у Курапатах

1 чэрвеня

Натальля Гарачка — актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць рэстарану «Поедем поедим» затрымалі 1 ліпеня перад брамай у забаўляльны комплекс ля Курапатаў.

Натальля Гарачка ля рэстарацыі ў Курапатах, 8 чэрвеня 2018 году
Натальля Гарачка ля рэстарацыі ў Курапатах, 8 чэрвеня 2018 году

Партызанскі раённы суд Менску прысудзіў ёй 10 сутак арышту — за час пратэстаў міліцыянты склалі на актывістку каля 10 пратаколаў за парушэньне правілаў дарожнага руху і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

3 ліпеня: «хапун» на Дзень Незалежнасьці

Рыгор Кастусёў — машыну старшыні Партыі БНФ затрымалі па дарозе ў аэрапорт, адкуль ён мусіў вылецець у Варшаву для ўдзелу ў слуханьнях аб сытуацыі ў Беларусі ў міжнароднай камісіі Сэйму Польшчы. Пакуль паплечнікі шукалі яго, Кастусёў правёў суткі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну. 4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску пакараў Кастусёва штрафам у 30 базавых (735 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП — за ўдзел у пратэстах супраць рэстарану каля Курапатаў.

Кастусёў: «Улады сталі на бок рэстарацыі «Поедем поедим»

Рыгор Кастусёў (зьлева) на пікеце супраць адкрыцьця рэстарана ля Курапатаў, 14 чэрвеня 2018
Рыгор Кастусёў (зьлева) на пікеце супраць адкрыцьця рэстарана ля Курапатаў, 14 чэрвеня 2018

3 ліпеня, у афіцыйны Дзень Незалежнасьці, мусіла распачацца анансаваная Мікалаем Статкевічам «Акцыя вызваленьня і салідарнасьці», мэта якой — «выказаць сваю салідарнасьць з пакаленьнем, якое вызваліла сьвет ад улады Гітлера, і з тымі, хто сёньня змагаецца за вызваленьне краіны ад улады ягонага прыхільніка». Сілавікі спынілі несанкцыянаваную ўладамі акцыю, затрымаўшы каля 30 чалавек, у тым ліку праваабаронцаў. Большасьць затрыманых вызвалілі празь некалькі гадзін без складаньня пратаколу. Але ня ўсіх.

Брутальныя затрыманьні на акцыі апазыцыі 3 ліпеня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00

Мікалай Статкевіч — людзі ў цывільным затрымалі лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу каля ўласнага дома яшчэ да пачатку акцыі. Затрыманьне палітыку патлумачылі неабходнасьцю даседзець 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з восеньскіх акцый 2017 году. Пасьля сутак у няволі, 4 ліпеня, суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў яго на 40 базавых велічыняў (980 рублёў) за заклік да ўдзелу ў акцыі, паводле арт. 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Статкевіч заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі, і суд праходзіў безь яго. Увечары палітыка адпусьцілі зь Першамайскага РУУС.

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота
Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Вячаслаў Сіўчык — затрыманы каля ўласнага дома яшчэ да пачатку акцыі Статкевіча. 4 ліпеня ​Цэнтральны суд Менску пакараў яго штрафам у 50 базавых (1225 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). «Засталося яшчэ шмат пратаколаў — і за Курапаты, і за Астравецкі шлях. Суды па іх наперадзе», — паведамілі яго паплечнікі.

Вячаслаў Сіўчык у Курапатах, 19 чэрвеня 2018 году
Вячаслаў Сіўчык у Курапатах, 19 чэрвеня 2018 году

Максім Вінярскі — затрыманы на падыходзе да месца абвешчанай акцыі Мікалая Статкевіча. 4 ліпеня суд Менскага раёну пакараў актывіста 10 суткамі арышту за пікетаваньне рэстарацыі «Поедим поедим» — паводле артыкулу 23.34 ч. 3 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна цягам году»).

Максім Вінярскі (зьлева) на акцыі пратэсту ў Курапатах. 25 чэрвеня 2018 году
Максім Вінярскі (зьлева) на акцыі пратэсту ў Курапатах. 25 чэрвеня 2018 году

Аляксандар Лаўрэнцьеў і Мікалай Салянік — за «намер правесьці несанкцыянаваную акцыю» 3 ліпеня ў Горадні супрацоўнікі ў цывільным гвалтоўна затрымалі ў двары дома двух актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Затрыманьне сябраў АГП Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка ў Горадні
Затрыманьне сябраў АГП Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка ў Горадні

Лаўрэнцьеву прысудзілі 5 базавых велічынь штрафу за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і 15 базавых за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымка, на якім ён і Салянік у турэмных робах трымаюць у руках плякат з выявай калючага дроту і лёзунгам «Беларусь — страна для „жизни“». Саляніка, інваліда другой групы, забрала «хуткая», ён у шпіталі.

4 ліпеня

Аляксей Туровіч — рэжысэра і аднаго з актыўных удзельнікаў пікетаваньня рэстарану ля Курапатаў затрымалі 4 ліпеня. У той жа дзень суд Менскага раёну арыштаваў яго на 10 сутак за абарону Курапатаў паводле двух артыкулаў КоАП — 17.1 («Хуліганства») і 23.34 ч. 1 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»).

Аляксей Туровіч (зьлева) з постэрам свайго фільму «Жоўты пясочак» не прапускае транспарт у рэстарацыю каля Курапатаў 7 чэрвеня
Аляксей Туровіч (зьлева) з постэрам свайго фільму «Жоўты пясочак» не прапускае транспарт у рэстарацыю каля Курапатаў 7 чэрвеня

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG