Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго з затрыманых горадзенцаў у турэмнай робе аштрафавалі на 490 рублёў


Aктывіст АГП Аляксандар Лаўрэнцьеў

Актывісту АГП Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі 5 базавых велічынь штрафу за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і 15 базавых за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымка, на якім ён і Мікалай Салянік у турэмных робах трымаюць у руках плякат з выявай калючага дроту і лёзунгам «Беларусь — страна для „жизни“».

Паводле Лаўрэнцьева, у суд яго прывезьлі каля 17 гадзіны, а працэс цягнуўся да 18.40. Згодна з пратаколам яго вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і разьмяшчэньні ў інтэрнэце фотаздымка, на якім ён і Салянік трымаюць у руках плякат з выявай калючага дроту і лёзунгам «Беларусь — страна для „жизни“».

«Гэты фотаздымак мне кваліфікавалі, як «арганізацыю і правядзеньне пікета» — сказаў Свабодзе Лаўрэнцьеў.

У судзе супраць яго сьведчылі два амапаўцы, якія яго затрымлівалі, а таксама супрацоўнік міліцыі, які выявіў здымак у інтэрнэце і распачаў адміністрацыйны працэс.

«Я хадайнічаў у судзе, каб выклікалі сьведкаў, якія бачылі, як пры выхадзе з дому на нас напалі людзі ў цывільным і запіхвалі ў аўтобус, але суд хадайніцтва адхіліў», — сказаў Свабодзе Лаўрэнцьеў.

Актывіст мае намер абскардзіць рашэньне суду, паколькі лічыць яго несправядлівым, а свае правы парушанымі з прычыны таго, што судом не былі задаволеныя ягоныя хадайніцтвы.

Мікалая Саляніка ўчора, пасьля затрыманьня, амаль адразу забрала хуткая дапамога. Ён інвалід другой групы і перанёс некалькі апэрацый на сэрцы. Цяпер ён у трэцім гарадзкім шпіталі, яму прызначаны курс лячэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG