Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: «Улады сталі на бок рэстарацыі «Поедем поедим»


Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пасьля свайго вызваленьня з пастарунку, дзе ён правёў больш за суткі, і суду пракамэнтаваў Свабодзе арышты і штрафы ўдзельнікам пікетаваньня рэстарацыі каля мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах.

Ён мяркуе, што ўлады сталі на бок уладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим».

«Улады доўгі час ня ведалі, што рабіць, бо было зразумела, што яны дапусьцілі ляп. Яны дапусьцілі парушэньне заканадаўства, нехта з чыноўнікаў дапусьціў злачынства. І ўлады не змаглі разруліць гэтую сытуацыю і проста сталі на бок гэтай установы, на бок гаспадара», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Партыя БНФ заклікае вызначыць час, месца і фармат перамоваў наконт рэстарану ля Курапатаў

Паводле старшыні Партыі БНФ, у яго 2 ліпеня была размова з дырэктаркай рэстарацыі Сьвятланай Дубковай.

«Мы плянавалі, што 4 ліпеня прыедзе Леанід Зайдэс і будзем дамаўляцца пра круглы стол. Але ў зьвязку з тым, што мяне затрымалі, Севярынца затрымалі, пасадзілі, іншых пасадзілі, я лічу, што гэты працэс адкладаецца на пэўны час», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што гэта ягонае меркаваньне і ён не прымае рашэньня без узгадненьня зь іншымі абаронцамі Курапатаў.

«Справа падбеглі маскі-шоў»

Рыгора Кастусёва затрымалі 3 ліпеня. Машыну, у якой ён ехаў у Менск, спынілі супрацоўнікі ДАІ за 30 кілямэтраў ад сталіцы.

«Справа падбеглі маскі-шоў і вывалаклі мяне з машыны. Адразу забралі тэлефон, і мяне адвезьлі ў Бараўляны, дзе пачалі афармляць пратаколы за парушэньне заканадаўства, як яны сказалі, на пікетах каля Курапатаў. Мне „шылі“ дзьве даты — 14 і 28 чэрвеня. Я адмовіўся падпісваць пратаколы. З Бараўлянаў мяне завезьлі ў Менскі райаддзел міліцыі. Там абшманалі і замкнулі ў камэру, дзе я сядзеў гадзіны да трэцяй сёньняшняга дня», — сказаў палітык.

Рыгору Кастусёву не дазволілі патэлефанаваць сваякам ці знаёмым, каб паведаміць, дзе ён. Зь Менскага райаддзелу міліцыі Рыгора Кастусёва адвезьлі ў Партызанскі райаддзел міліцыі Менску.

«Яны ўсё ж плянавалі, што мяне пасадзяць. Адтуль адвезьлі ў Партызанскі суд, дзе скончыўся разгляд справы прыкладна а гадзіне 19-й. Удалося зьвязацца з адвакатам. Усё ж ад сутак адбіліся, далі штраф 735 рублёў», — сказаў лідэр Партыі БНФ.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG