Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства расейскага журналіста Бабчанкі ў Кіеве. Што вядома на гэты момант

абноўлена

Аркадзь Бабчанка, архіўнае фота

Абноўлена а 17:30 30 траўня: Аркадзь Бабчанка жывы. Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, замах на забойства быў інсцэніроўкай.

Увечары 29 траўня ў сваім доме ў Кіеве быў застрэлены расейскі апазыцыйны журналіст Аркадзь Бабчанка. Хто ўчыніў і замовіў забойства, невядома.

Асноўныя вэрсіі ўкраінскай паліцыі — забойства за прафэсійную дзейнасьць або за грамадзянскую пазыцыю. Крытык Крамля, Аркадзь Бабчанка пераехаў ва Ўкраіну ў 2017 годзе. Разнастайныя пагрозы яму ішлі ад баевікоў «ДНР» і «ЛНР», прамы заклік забіць яго зыходзіў ад радыкальнай партыі «Другая Россия», на забойства намякала давераная асоба Ўладзіміра Пуціна Марына Юдзеніч.

Складзены фатаробат аднаго з падазраваных, але ўкраінскі бок не выключае, што злачынца меў саўдзельнікаў.

Бабчанка быў забіты трыма стрэламі ў сьпіну. Як сьцьвярджае дэпутат Вярхоўнай рады Антон Герашчанка, забойца чакаў Бабчанку ў пад’езьдзе, застрэліў яго, калі той адчыніў дзьверы ў кватэру. Суседзі і жонка забітага, якая была дома, ня чулі стрэлаў — верагодна, забойца выкарыстоўваў зброю з глушыльнікам.

Працяг: На месцы забойства Бабчанкі знайшлі гільзы ад «Макарава»

Шэраг украінскіх палітыкаў — у тым ліку прэм’ер-міністар Уладзімір Гройсман — абвінавацілі ў забойстве Крэмль, ФСБ і асабіста Пуціна. Расейскія палітыкі абвінавачваюць Украіну. Расея заявіла, што будзе весьці сваё расьсьледаваньне забойства Бабчанкі, таксама ўласнае расьсьледаваньне анансавала расейская «Новая газета», у якой пэўны час працаваў Бабчанка.

Хто такі Аркадзь Бабчанка

Аркадзь Бабчанка прайшоў дзьве чачэнскія вайны на баку Расеі, у першай удзельнічаў, калі праходзіў тэрміновую службу, у другую ваяваў кантрактнікам. Пасьля звальненьня ў запас стаў васковым карэспандэнтам (у тым ліку ў час вайны ў Паўднёвай Асэтыі). Супрацоўнічаў з «Московским комсомольцем», НТВ, «Первым каналом», ТВЦ, «Новой Газетой» і іншымі выданьнямі. Напісаў некалькі кніг пра вайну.

Аркадзь Бабчанка, 2014: Гэтая вайна будзе апошняй у гісторыі Расеі

Быў у апазыцыі да расейскіх уладаў. У 2012 годзе быў фігурантам крымінальнай справы аб закліках да масавых беспарадкаў за публікацыю паста аб акцыях «За честные выборы». Выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ва ўзброеным канфлікце на Данбасе. Зьехаў ва Ўкраіну пасьля шырокай крытыкі ягонага выказваньня аб тым, што ён ня мае спачуваньня ахвярам зьбіваньня самалёта з расейскімі вайскоўцамі ў Сырыі.

У апошнім посьце на Facebook Бабчанка расказваў, што чатыры гады таму цудам застаўся жывы: украінскія вайскоўцы ня ўзялі яго на верталёт празь перагрузку, той верталёт пазьней зьбілі сэпаратысты пад Славянскам.

​Ня першы палітычны эмігрант з Расеі, якога забілі

Бабчанка — ня першы палітычны эмігрант з Расеі, забіты ва Украіне ў апошнія гады. 23 сакавіка 2017 года ў цэнтры Кіева быў застрэлены экс-дэпутат Дзярждумы Расеі Дзяніс Варанянкоў. Забойцам аказаўся былы баец батальёна «Данбас» 28-гадовы Павел Паршоў — ён быў паранены ахоўнікам і пасьля памёр у бальніцы. Паводле апублікаваных генпракурорам Украіны Юрыем Луцэнкам вынікаў расьсьледаваньня, забойства Варанянкова на загад ФСБ РФ замовіў былы муж опэрнай сьпявачкі Марыі Максакавай (удавы забітага былога расійскага дэпутата) Уладзімір Цюрын.

Ужо два гады вядзецца расьсьледаваньне забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета, які да пераезду ва Ўкраіну таксама працаваў у Расеі. 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева выбухнула аўто, на якім ён ехаў на працу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG